Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Іваноўскі першы ўзабраўся на вяршыню пагорка і праз голае сучча алешніку паглядзеў уніз. Перад ім была лагчына з нешырокім языком хмызняку, у якім лейтэнант ледзьве пазнаў той алешнічак, дзе яны з Волахам чакалі ночы. Але замест гушчару, што тады прытуліў семярых, цяпер сіратліва чарнелі на снезе тонкія дубчыкі, у якіх магло схавацца хіба некалькі птушак, Затое на пагорачку за лагчынай па-ранейшаму таямніча зелянеў хвойнік, абнесены рэдкімі слупкамі нямецкай загарадзі, ля якой ім тады так не пашэнціла з Волахам, але павінна, не можа не пашанцаваць цяпер…

Убачыўшы знаёмую загарадзь, лейтэнант памалу пачаў спакайнець — галоўнае, усё ж ён дапяў да яе. Астатняе ўжо залежала ад яго ўмельства, знаходлівасці, ад іх смеласці. Дзеянне розных пабочных прычын тут ужо зводзілася да самага магчымага мінімуму.

Захінуты хмызняком, лейтэнант пастаяў хвіліну ці дзве, трохі адпачыў і памалу пачаў пазбывацца свайго нецярплівага неспакою. Ён стараўся ўпэўніць сябе, што ўсё як-небудзь абыдзецца. Праўда, канчаткова супакоіцца яму не ўдалося, нешта ўсё ж не пераставала яго прыгнятаць, трывожыць і без таго натрывожаныя за ноч пачуцці. Півавараў, ні пра што не пытаючыся, відаць, без слоў разумеў становішча і чакаў, калі яны пойдуць далей. Іваноўскі ж усё не мог адарваць позірку ад хвойнага ўзлоску, быццам спадзеючыся там што ўбачыць. Але на адлегласці больш кіламетра нічога не было відаць, апроч рэдкіх маладых сасонак ды некалькіх слупоў загарадзі. Зрэшты, яно і зразумела, мабыць, немцы паспелі замаскіраваць аб’ект. Яны таксама ўмелі маскіравацца — розныя там сеткі, зялёныя маскі, снег. Вось толькі здзіўляла, куды прапала дарога, на якой разведчыкі Волаха ўбачылі нямецкія грузавікі, што вазілі боепрыпасы. Яна ішла якраз па касагоры да лесу, і цяпер там на снезе не відаць было і следу. «Можа, яе замяло ўночы?» — падумаў лейтэнант. Але хоць які знак павінен быў захавацца нават і пасля завеі. А можа, дарогу праклалі ў іншым, не бачным адсюль месцы! Зрэшты, дарога цяпер яму была непатрэбна, пакарыстацца ёю, відаць, ім не прыйдзецца. Куды важней было знайсці зручныя подступы да гэтага хвойнічка, каб уночы як мага бліжэй падпаўзці да агароджы. Відаць, адкрыты напольны бок для гэтага мала гадзіўся, трэба было пашукаць якія падыходы з захаду.

— Півавараў, айда! Ціха толькі…

Ухіляючыся ад мерзлага сучча, якое ўвесь час чаплялася за іх капюшоны, яны пайшлі хмызняком уніз, у абход поля. Іваноўскі зноў увесь насцярожыўся, усё ў ім так сцялася, як не сціскалася за ўсю шалёную мінулую ноч. Але наўкола стаяла цішыня, ім ніхто не спаткаўся, і гэта супакойвала. У каторы ўжо раз лейтэнант браўся прыкідваць, як лепш перабрацца за загарадзь — цяпер гэта было, мабыць, самае важнае і самае цяжкое ў ягонай задачы. Вядома, калі штабялі блізка ля дроту, дык можна будзе закідаць іх гранатамі і бутэлькамі з КС, хаця наўрад ці яны будуць размешчаны на такой адлегласці, каб іх можна было дастаць гранатай. Тады прыйдзецца лезці праз дрот. Лепш за ўсё, мабыць, зрабіць гэта аднаму, а астатнім прыкрыць на які выпадак і забяспечыць адход. Хай нават прыняўшы нядоўгі бой з вартавым, — на іх баку раптоўнасць, а хвіліны часу ім, мабыць, хапіла б, каб зрабіць усе, што трэба зрабіць. Горш вось, калі там — сабакі.

Але нават калі і сабакі, аднаму або двум прыйдзецца лезці праз дрот — астатнія павінны будуць падманіць сабак і прыняць на сябе агонь вартавых — іншага не заставалася. Галоўнае — паспець за якія секунды запаліць і ўзарваць як мага больш штабялёў. Астатняе зробяць дэтануючыя выбухі, і ўсё давершыць агонь.

Па хмызняку яны перасеклі лагчыну, краем узлеску абышлі адкрыты ўчастак поля. Паблізу нікога нідзе не было. Ішлі асцярожна, цяпер ужо нетаропка. Часам лейтэнант спыняўся і прыслухоўваўся: наўкола стаяла ветраная зімовая цішыня. Аднойчы вецер прынёс у лагчыну далёкі маторны гул, але, услухаўшыся, Іваноўскі зразумеў, што гэта з шашы. Хвойнік надзіва нема, амаль мёртва маўчаў.

Праз якіх паўгадзіны на іх шляху нечакана паявіўся равок. Крывулісты і голы, з завеянымі снегам бакамі, ён быў відаць на ўсю даўжыню, і лейтэнант не адразу зразумеў, што гэта той самы равок, адкуль Волах выйшаў у завею да загарадзі. Значыць, трэба было зайсці яшчэ далей, па кустоўі абагнуць базу на кіламетр глыбей. Ужо там напэўна можна будзе падысці да яе бліжэй і разгледзець больш падрабязна.

Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.

Голыя, са знятай карой слупы агароджаны былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа, — за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву — маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і прысеў на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.

Напэўна, ён зрабіў неразумна, як камандзіру групы яму не трэба было так рызыкаваць сабой, але Іваноўскі не мог ужо стрымацца. Нядобрае прадчуванне зноў ахапіла яго, штось засела ў горле, ён праглынуў крыўдны камяк і, не адрываючы позірку ад блізкага ўжо ўзлеску, хутка і наўпрост пайшоў на яго.

Цяпер іх раздзяляла ўсяго якіх-небудзь тры сотні метраў, і ўжо ў самым пачатку гэтага шляху лейтэнант зразумеў, што дроту на слупах не было. Дрот, які некалі густа аплятаў базу, цяпер быў зняты, і адсутнасць яго самай вялікай трывогай, амаль спалохам адазвалася ў пачуццях Іваноўскага. Ужо нічога не асцерагаючыся і не звяртаючы ўвагі на тое, што яго маглі лёгка заўважыць у адкрытым полі, ён у некалькі рыўкоў дасягнуў крайніх сасёнак і спыніўся, уражаны, амаль знішчаны тым, што ўбачыў.

База знікла.

У хвойніку на пагорку не было ні вартавых, ні сабак, ні штабялёў з жоўта-зялёных скрынак — пад нагамі роўна ляжаў някратаны снег ды на ўзлеску цягнуўся рад белых слупоў, што адзіна напаміналі цяпер пра базу — іншых яе прыкмет тут не засталося. Дрот быў акуратна зняты са слупоў і адвезены кудысь, мабыць, у іншае, болей патрэбнае месца.

Недаўменне ў свядомасці лейтэнанта хутка мянялася на збянтэжанасць, амаль разгубленасць, ён пастаяў на чыстым, свежым пасля начной мяцеліцы снезе, пасля пайшоў на лыжах да супрацьлеглага боку, туды, дзе некалі быў выезд. Але і тут нічога не засталося, толькі ў гушчары маладога сасонніку пад снегам угадвалася некалькі апусцелых ям-капаніраў ды на краі ўзлеску каля слупоў высілася куча прысыпаных снегам жэрдак, напэўна, былых падкладак з-пад штабялёў. Болей ад базы тут не было нічога. Дарога, адсутнасць якой здзівіла лейтэнанта, белаю пустой паласой ляжала пад снегам — па ёй даўно ўжо не ездзілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: