Быкаў Васіль
Шрифт:
Зусім і раптам знясілеўшы, Іваноўскі прыхінуўся плячом да шархоткага боку хвоі, уражаны пустэчай і закінутасцю гэтага цяпер нікому ўжо не патрэбнага хвойніку. Базу перамясцілі. Гэта было відавочна, але ён усё не мог у тое паверыць. У яго збянтэжанай свядомасці засела і не хацела знікаць упартая, неадчэпная думка, што гэта прывід, памылка, недарэчнае злое непаразуменне і што патрэбна толькі невялікае намаганне, каб усё гэта знікла. Інакшага ён не мог уявіць сабе, таму што ён не ў стане быў прымірыцца з тым, што і на гэты раз яго спасцігла няўдача, што вялізныя намаганні групы патрачаны ўпустую, што дарма яны смяртэльна рызыкавалі і гублялі людзей, ушчэнт знясілелі самі. Яны спазніліся. Ён не адразу паверыў у гэта, але, пастаяўшы пад хвояй і аддыхаўшыся, усё ж зразумеў, што ніякага прывіду не было. Была жорсткая, злая рэальнасць, яшчэ адна вялізная бяда з усіх бедаў, якія выпалі за гэтую вайну на яго злашчасную долю.
Ледзьве адарваўшы плячо ад хвоі, ён стаў на лыжы і адштурхнуўся палкамі. Лыжы крыху паехалі па шархоткім снезе і спыніліся. Ён не ведаў, што рабіць далей, упершыню за некалькі дзён адпала неабходнасць спяшацца, і ён абапёрся на палкі. На хвойнай галінцы паблізу з’явілася вяртлявая сарока, якая ўвесь час злосна стракатала на яго; пырхнула над галавой і з кароткім піскам знікла ў голлі сінічка. Іваноўскі стаяў зусім абыякавы да натуральнага жыцця лесу і не заўважаў нічога. Нейкае здранцвенне скавала яго аслабелыя мышцы, ён ні пра што не думаў, ён толькі глядзеў у пустэчу падлеску, адчуваючы ў сабе такую знямогу, што адолець яе, здавалася, не было ніякай магчымасці.
Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё — Півавараў. Іваноўскі азірнуўся — баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ён і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой — давай, маўляў, сюды.
Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе да хвойніку, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег. Напэўна, тут можна было не баяцца, у пустым сасонніку не было нікога. Ён зморана прысеў на невысокі, абсыпаны снегам пянёк, выцягнуў убок нагу. Трэба было рашыць, што рабіць далей. А галоўнае — сцяміць, як гэтую няўдачу растлумачыць байцам. Ён не мог пазбавіцца ад прыкрага адчування нейкай сваёй віны, нібыта ён выдумаў усю гэтую гісторыю з базай і кагось ашукаў. Хоць, калі разабрацца, дык болей за іншых ашуканы быў ён сам.
Хаця, разважыўшы, рабілася ясна, што тут не было ашуканства, а была вайна з яе тысячамі хітрасцяў, тонкасцяў, выпадковасцяў, з усёй рознанакіраванасцю яе фактараў.
Півавараў ціха падышоў па яго лыжні і моўчкі спыніўся насупраць. Баец няўцямна азіраў хвойнік, зрэдку кідаў на лейтэнанта недаўменныя позіркі. Нарэшце ён здагадаўся аб нечым.
— А што… Хіба тут была?
— Вот іменна — была.
— Халеры! Вывезлі, ці што?
— Вывезлі, канечне! — Іваноўскі ўскочыў са свайго пянька. — Пакінулі нас у дурнях!
На здзіўленне лейтэнанта, Півавараў вельмі стрымана адрэагаваў на яго запальчывыя, поўныя гневу словы.
— Відаць, спазніліся.
— Ну. Больш за два тыдні мінула. Было калі.
— А цяпер як жа? Прыйдзецца шукаць.
— Што шукаць?
— Ну, базу. Загад жа…
Вядома, базы не было, але загад знішчыць яе заставаўся. Ці даўно лейтэнант сам дабіваўся ў штабе гэтага загаду, які нарэшце і атрымаў на сваю галаву. «Што ж, цяпер давай выконвай загад, лейтэнант Іваноўскі, шукай сваю базу», — злосна падумаў пра сябе лейтэнант. Аднак тон, з якім Півавараў упамянуў пра загад, усё ж спадабаўся лейтэнанту, і ў душы ён нават узрадаваўся. У выпадку чаго, напэўна, байцам доўга тлумачыць не прыйдзецца — калі гэта зразумеў Півавараў, дык, пэўна, зразумеюць і астатнія.
Бяда, якая спярша так прыдушыла лейтэнанта, памалу пачала меншаць, хоць, вядома, ён не мог не разумець, што клопату і яшчэ прыбавілася. Відаць па ўсім, базу перамясцілі на ўсход, бліжэй да лініі фронту — там яе і трэба будзе шукаць. Калі ісці ўздоўж шашы, аглядаючы кожны лясок, — магчыма, і Ўдасца на яе наткнуцца. Але тут ён успомніў пра тых, за дарогай, пра небараку Хакімава і падумаў, што, пэўна, шукаць яе не прыйдзецца. Напэўна, гэта запатрабуе вялікага часу, болей прыпасаў, чым тыя, што мелі яны. Зноў жа, ці доўга пройдзеш з Хакімавым? Ды і ці лёгка адшукаць у гушчары лясоў старанна замаскіраваны аб’ект, які цяпер стаў для іх іголкаю ў стозе сена? Зрэшты, зусім можа быць, што базы і наогул ужо няма — развезлі па частках і расстралялі ў баях усё, да апошняй міны.
Тады што ж — вяртацца з цэлай узрыўчаткай, з поўным запасам гранат? Зноў цягнуць на сабе чортавы бутэлькі з КС і дрыжэць, каб які-небудзь фрыц, запусціўшы па дурноце чаргу, не пацэліў у іх куляй? I гэта, страціўшы палову групы! З цяжкапараненым у валакушы. I, нарэшце, у агідным становішчы поўнага няўдачніка з’явіцца перад генералам? Што генерал скажа яму?
— Да-а…
Іваноўскі чарпануў жменю снегу, пажаваў і плюнуў. Як заўжды, ласля бяссоннае ночы ў роце доўга трымаўся агідны металічны прысмак. Чамусьці трохі хіліла на ваніты. I нават быццам бралі дрыжыкі. Хоць дрыжыкі, магчыма, бралі ад стомы і страты крыві.
— У цябе бінт ёсць? — запытаўся лейтэнант у Піваварава.
Той зняў рукавіцу і пачаў мацаць кішэні, а лейтэнант падняўся з пянька.
— Давай памажы во, — сказаў ён, расшпільваючы штаны. Ён падумаў, што цяпер ужо няма ніякага сэнсу ўтойваць недарэчнае сваё раненне.
— Што, параніла?
— Ды зачапіла ноччу. Во чорт, усё сочыцца…
Не дзіва, што Півавараў спалохаўся — белыя споднікі лейтэнанта і яго ватныя штаны былі густа запэцканы падсохлай ужо крывей. Са знешняга боку сцягна з невялікай ранкі хутка споўз да калена цёмна-буры струменьчык крыві.