Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся — здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар сутыкнуўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.

Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.

— Як Хакімаў?

— Ды ўсе так жа. Без памяці, — сказаў Лукашоў.

— Вады давалі?

— Як жа вады? У жывот…

Мабыць, так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?

Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў — баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.

— Трэба б яго паўшубкам укрыць, — сказаў здаля Дзюбін.

Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:

— Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!

— Тады прападзе.

— Даўно прыйшоў? — не паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.

— Гадзіну назад, — сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца: — Во праз яго. Лыжу зламаў…

— Якім чынам?

— Ды як лес аб’язджалі, — сказаў Заяц. — На нейкую купіну налез, хрась — і гатова. Не вінаваты я…

Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачаю. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размову, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалены іх крос быў марны. Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Півавараў, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў.

— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.

— А няма немцаў. I склада таксама няма, — проста адказаў Півавараў.

— Як няма?

Лейтэнант унутрана сцяўся, нахмурыў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.

— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў.

Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.

— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.

Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.

— Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці, — прабурчэў Лукашоў.

— Што зробіш, — уздыхнуў Краснакуцкі. — На вайне ўсё бывае.

— А можа, яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? — змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.

— Там была, — проста адказаў яму Півавараў, — Слупы во стаяць. Без дроту толькі.

Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з насыпу напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая, злая сіла распірала сяржанта і той гатовы быў пачаць сварку.

— А што, і слядоў ніякіх няма? — са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.

— Нічога няма, — адказаў Іваноўскі.

— Што ж атрымліваецца… Як жа так? — не сунімаўся Лукашоў. — Нехта вінаваты, значыць.

Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.

— Гэта ў чым вінаваты?

— А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі…

— Дык вы што прапануеце? — асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.

Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сяржант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне — падобнае заўжды каралася з найбольшай строгасцю.

Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.

— Што мне прапаноўваць? Я кажу…

— Лепш памаўчыце!

Сяржант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Больш да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: