Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Бульбоўнік быў невысокі і не дужа замінаў хадзе. Зводдаль цягнуўся шнурок нейкіх дрэўцаў і кусцікаў, далей зноў быў лог, і за ім цямнеў хвойны лес, а дзе была тая вёска — не ўгадаць.

Яны ішлі моўчкі, колькі разоў папраўлялі на кані Ціханава, які збіваўся на адзін бок. Паранены ціха стагнаў, скрыгаў зубамі, а рукамі ўчэпіста трымаўся за прыладжаны да хамута аўтамат.

— Доўга яшчэ? — выціснуў ён праз зубы.

— Што — доўга? — не зразумеў Ляўчук.

— Мучыцца мне доўга яшчэ?

— Нядоўга, нядоўга! Патрывай трохі.

— Дзе немцы?

— Ды няма немцаў. Што ты баішся?

— Я не баюся. Я не хачу дарма мучыцца.

У словах дэсантніка гучаў яўны надрыў і пакута, увогуле зразумелыя ў ягоным стане, і Ляўчук не стаў яго пераконваць у лепшым — ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх. Ён ужо нагледзеўся на розных параненых і ведаў, што цяжкія, яны нібы дзеці — і капрызлівыя, і крыўдлівыя, і што з імі трэба па-добраму, з лагодай. Праўда, часам трэба і са строгасцю. Строгасць разумелі ўсе, хоць і не кожны раз яе дазваляла сумленне, некаторых проста было шкада.

Мабыць, яны недалёка яшчэ адышліся па той бульбе ад узлеску, як ззаду раптам устрывожана крыкнула Клава:

— Ляўчук! Ляўчук, глянь!..

Ляўчук азірнуўся на яе — дзяўчына прысядала ў баразне і, утуліўшы голаў, пазірала ўбок. Ён таксама зірнуў туды — у рэдзенькіх кусціках праз які кіламетр ад іх стаяла некалькі крытых брызентам машын і між іх сноўдалі нейкія постаці ў казыркастых шапках. Вядома, то былі немцы. Ён толькі зірнуў туды, і нешта з паныласцю абарвалася ў яго грудзях ад жахлівай думкі — папаліся! Папаліся-такі добра, сярод поля, з канём. Цяпер што?..

Тым часам Грыбаед ужо выцягнуўся ў баразне, няблага прыкрыты бульбоўнікам, і Ляўчук тузануў на сябе цяжкае цела дэсантніка. Аднаруч ён не ўтрымаў яго, і яны разам рухнулі ў бульбоўнік поруч з канём. Ціханаў заенчыў, застагнаў, але неяк адразу сціх, а конь, апынуўшыся без апекі, спыніўся і, павярнуўшы галаву, няўцямна пазіраў удалеч.

— Во ўлезлі, дык улезлі! Гэта табе не балота, — прабурчаў у баразне Грыбаед. Побач курчыўся Ціханаў, Ляўчук памкнуўся быў да каня, каб сцягнуць з яго хамута аўтамат, але аўтамата там ужо не было, мабыць, яго, падаючы, садраў дэсантнік. Тады Ляўчук асцярожна выглянуў з бульбоўніку: машыны стаялі сабе, трохі прыкрытыя кустамі; з адной, пэўна, хтось вылез, нягучна бразнулі дзверцы. Мусіць, там пралягала дарога, і немцы спыніліся па якой часовай патрэбе. Здаецца, яны іх яшчэ не заўважылі.

А можа, яны хутка паедуць?

Партызаны паляжалі з хвіліну ў росным ад начы бульбоўніку, над лесам ужо ўзышло сонца і шырока развесіла над полем свае ранішнія зыркія промні. Мусіць, гэтыя промні трохі сляпілі немцаў, а то б на такой адлегласці яны ўгледзелі іх на полі.

Так прайшло трохі часу, а яны ўсё ляжалі, невядома чаго чакаючы і на што спадзеючыся. Ціханаў паводзіў сябе спакойна, не кратаўся і маўчаў, хоць, як здалося Ляўчуку, чуў усё, што тут з імі здарылася. Ляўчук раз-пораз зіркаў паверх бульбы адным вокам і раптам убачыў, як нехта там, на дарозе, стаў тварам да поля і глядзіць у іх бок. Мусіць, тое ж заўважыў і Грыбаед, бо хутка ён злым бурчаннем стаў адганяць каня:

— Пайшоў! Пайшоў прэч! Прэч ты, халера!..

Ну, было пэўна: немцы згледзелі адзінокага каня з хамутом на шыі, і, мусіць, гэта іх зацікавіла. Неўзабаве да першага падышоў другі — высокі перахлябісты немец з вядром у руках, нядоўга яны пагаварылі аб чымсьці, углядаючыся ў іх бок. I Ляўчук зразумеў пэўна, што іх немцы яшчэ не бачаць, — бачаць толькі каня.

А раптам яны прыйдуць па яго?

Гэтая думка не на жарт спалохала Леўчука, і ён таксама зашыпеў, зацыкаў на іх беднага, яшчэ не абсохлага з ночы коніка:

— Гэць! Гэць адсюль! Ану пшоў! Пшоў!

Бедная жывёліна пастаяла, паазіралася ў адзін бок, у другі і без жаднай увагі да незразумелых сцішаных вокрыкаў пачала мірна скубці бульбоўнік. Ляўчук ледзь не завыў ад прыкрасці, ад свае бездапаможнасці, але ён не мог устаць, каб адагнаць каня. Ён не мог нават як след замахнуцца на яго.

— Грыбаед! Грыбаед! Адгані! Хутчэй адгані!

— Пайшоў, халера! Прэч! Прэч! — гучным шэптам сіліўся ў баразне Грыбаед, ды марна — конь павярнуўся ўпоперак барознаў і скуб вяршак бульбоўніку.

— Каб ты здох! Каб цябе ваўкі з’елі!..

Каб ён цяпер здох, для іх, мусіць, было б гэта шчасцем, але ён здыхаць не збіраўся, а збіраўся папасвіцца тут, хоць і з хамутом на шыі. I яны апанурыліся, сцяліся і толькі зрэдку засцярожліва пазіралі з бульбоўніку.

— Што, немцы далёка? — раптам прахапіўся паранены і ўскінуў рудую, у бінтах галаву.

— Ціха! Ляжы ты! — прыкрыкнуў на яго Ляўчук.

— Немцы далёка?

— Ціха! Якое далёка… Вунь, на дарозе…

— Сюды ідуць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: