Быкаў Васіль
Шрифт:
— Во-во-во! — падхапіў Ляўчук і сеў роўна. — Добры! А праз яго добрасць яшчэ невядома, як табе быць. Ды і нам во…
— Што ж, можа быць кепска. I ўсё роўна ён харошы. А дабрата не можа быць кепскай…
— Што ты кажаш! — злосна здзівіўся Ляўчук і ўстаў. — Не можа? Вот глядзі. Я буду добры і хуценька цябе здам куды ў вёску. Якая бліжэй. Ты ж хочаш, каб скарэй куды прыбіцца. Праўда? Каб табе сцішыцца. Вось я цябе і прыстрою. А немцы і схопяць. Дык не, я не добры, я цябе тузаю, во цягну, а ты праклінаеш мяне, праўда? I ўсё ж я мо куды зацягну, дзе спакайней. Дзе ты родзіш па-людску. I прыгледзець дзе будзе каму!
Ён сказаў гэта адным духам, можа, занадта запальчыва, і яна змоўчала, не адказала. Але Леўчуку не трэба было ні яе згоды, ні яе пярэчання, ён быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Ён даўно ваяваў і ведаў, што на вайне іншае праўды і не бывае. Нейкая там добрасць — не для вайны. Можа, часам яна і няблага, нават дарэчы, але не тады, калі цябе кожную хвіліну пільнуе куля.
Клава заціхла, думаючы свае нялёгкія думы, а ён босы адышоўся па калючай траве на пагорак, паглядзеў цераз негусты сасоннік уніз, на лугавіну. Здаецца, у тым баку не было ні дарог, ні вёсак, не чутна было ніякага гуку і ніякага знаку прысутнасці ворага, мусіць, яны няблага зашыліся ў лясную глушэчу. Калі б толькі дзе жытло. Ім цяпер патрэбна была якая сядзіба, хутар, якая леснічоўка з людзьмі — без такой дапамогі Клава не магла абысціся. Незалежна ад таго, якія б яны ні былі з ёй добрыя.
Ляўчук ціха прайшоў па пагорку між негустых маладых сасонак, паслухаў і, асцярожна ступаючы, вярнуўся да Клавы. Яна ляжала з заплюшчанымі вачамі, і ён, трошкі здзівіўшыся, успомніў, што яна ўсё яшчэ апраўдвае Платонава, які давёў яе да такога лёсу. Ён ужо мёртвы, а ўсё яшчэ нешта для яе значыць — во як бывае, калі не на жарт пакахаць чалавека.
Ляўчук прысеў трохі вышэй ад яе, падцягнуў да сябе бліжэй аўтамат. Вельмі хацелася легчы, выпрастаць цела, але ён баяўся незнарок заснуць і не клаўся. Супакоіўшыся, ён пачаў думаць пра іх становішча, пра небараку Ціханава, пра тое, як там блукае недзе яго Грыбаед. I, вядома, пра Клаву.
Наконт Платонава яна, відаць, мела рацыю, той сапраўды быў чалавек надзіва ўраўнаважаны, добразычлівы і не па-вайсковаму спакойны. Ляўчук ведаў яго яшчэ з даваеннага часу, калі яны разам служылі ў Гродні, — Ляўчук камандзірам аддзялення сувязі, а капітан Платонаў — ПНШ палка па разведцы. Пасля разгрому палка і акружэння Ляўчук перабыў першую зіму ў бацькі, а вясной, калі іх група злучылася з групай Ударцава, ён там сустрэў Платонава. I дзіўная рэч: баі, разгром, лясное, поўнае яўных і тайных небяспек жыццё не змяніла характару капітана, па-ранейшаму ён заставаўся такі ж спакойны, добразычлівы, аднолькавы з усімі — начальнікамі і падначаленымі, ніколі не пароў гарачкі, заўжды стараўся зрабіць абдумана, цвяроза і па справядлівасці. Такі ж ён быў і ў той невясёлай гісторыі з двума палоннымі, якія ў канцы мая раптам з’явіліся ў іх атрадзе.
Прыбеглі яны са станцыі, дзе перагружалі дрэва з вузкакалейкі на шырокую каляіну і дзе заўжды працавала каманда ваеннапалонных. У атрад іх прывяла Зойка, атрадная сувязная з пуцейскай казармы, казала, найперш яны прыбіліся да яе і напрамілы бог прасілі звязаць іх з партызанамі. I Зойка звязала. У атрадзе і да іх было нямала нядаўніх ваеннапалонных ды акружэнцаў, і таму з’яўленне яшчэ двух новых не выклікала ні вялікай увагі, ні тым болей здзіўлення. Здзіўленне і нават невялікі сполах пачаўся пазней, калі з імі пачалі гаворку ў асобым аддзеле.
Першага паклікалі туды Шаўцова, высокага схуднелага чалавека ў ватоўцы, які, па яго словах, да арміі працаваў інжынерам у Кемераве, трапіў у палон пад Беластокам і, як ён сказаў, год шукаў моманту вырвацца з палону і знайсці партызан. Цяпер ён быў дужа рады, што гэты выпадак надарыўся, і прасіў даць яму зброю, каб біць тых, хто прычыніў яму столькі пакут і ганьбы.
Усё было проста, звычайна, Шаўцова залічылі ў другую роту і адправілі за ручай у ротны будан.
Другога паклікалі крыху пазней, пад вечар, бо начальнік асобага аддзела Зяновіч павінен быў некуды ехаць, і канавод ужо чакаў яго з асядланым канём ля зямлянкі. Вярнуўся Зяновіч толькі пад вечар, калі партызаны ішлі па вячэру на кухню, і тады знайшоў ля сваёй зямлянкі Шаўцовага напарніка па прозвішчы Кудраўцаў, які, аказваецца, спецыяльна чакаў яго тут з гадзіну.
Гэты Кудраўцаў быў даволі яшчэ малады, ладны дзяцюк з надзіва прывабнай і адкрытай усмешкай на прыгожым, добра паголеным твары, ён усё расказаў пра сябе: як ваяваў, як падбілі ягоны танк і як сябры вывалаклі яго з полымя, паказаў нават след на лапатцы ад цяжкога ранення, пасля якога, непрытомны, апынуўся ў палоне. Сам ён быў ленінградзен, да арміі працаваў на славутым заводзе, любіць радзіму і ненавідзіць немцаў, гатовы ваяваць з імі на любой пасадзе, хоць сам, між іншым, радыст вышэйшай кваліфікацыі. I яшчэ ён мае заявіць па сакрэту, што ягонага напарніка Шаўцова незадоўга да іх уцёкаў некалькі разоў выклікаў шэф СД, здаецца, вербаваў у агенты, хаця, магчыма, што ён, Кудраўцаў, і памыляецца, бо на іх гаворцы, вядома, не быў. Зяновіч знарок спакойна сказаў, што яму гэта вядома, хоць усё гэта ён чуў тады першы раз. Ён адпусціў Кудраўцава, а сам тут жа паслаў дзяжурнага па Шаўцова.
Шаўцова прывялі не так хутка, аказваецца, той ужо спаў, і калі пачуў пра ягоную вярбоўку ў СД, вельмі здзівіўся. Ці зрабіў выгляд, што здзіўляецца. Ён адмаўляў, што яго хоць бы раз выклікаў шэф СД, казаў, што ён нічога не чуў пра вярбоўку і не браў на сябе ніякіх абавязацельстваў перад немцамі. Пра Кудраўцава ж ён нічога кепскага сказаць не мог — разам працавалі, разам гібелі ў бараку, выбраўшы момант, уцяклі, калі іх паслалі пераносіць старыя падмосткі да новай эстакады.
Зяновіч далажыў аб тым камандзіру, камісару, начальніку штаба. Тыя, параіўшыся, рашылі абшукаць Шаўцова, і калі хлопцы распаролі паясніцу ягоных штаноў, знайшлі там нейкую паркалёвую анучку з лічбамі, напісанымі вадастойкаю фарбай. Што гэта такое — Шаўцоў вытлумачыць не мог, але ўсе зразумелі, што гэта нямецкі шыфр. Такія штучкі партызанам ужо былі вядомы, і Шаўцова на другі дзень расстралялі ў рове.