Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мноствам кішэняў і гузікаў. — Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх…

— Каня трэба і фурманку. Без каня як?.. — з роздумам сказаў Грыбаед.

— Была фурманка. I конь. Праваронілі, балбесы!.. Во што! Дуй-ка ты, дзед, шукай вёску. Можа, дзе ёсць недалёка. Без немцаў каб.

Грыбаед не стаў цягнуць доўга, зірнуў напаследак на Клаву і нячутным крокам пайшоў з пагорка ўніз. Хутка яго затуліў сасоннік.

— I не баўся, чуеш? — гукнуў наўздагон Ляўчук. Клава сцішылася на траве, а Ляўчук угледзеўся з пагорка. За сасняком, здаецца, ляжала неўзаранае поле, за якім зноў усчынаўся лес — і нідзе ніякіх прыкмет жылля. Стаяла ранішняя ціша, толькі ў хваёвым голлі варушыліся дробныя птахі, стрэлаў або людскіх галасоў нідзе не было чутна. Ляўчук, прыглядаючыся да сасняку, паўкругам абышоў па пагорку, паслухаў — быццам нідзе нікога. Тады ён вярнуўся да Клавы і, усё ўслухоўваючыся ў наваколле, сеў ля яе, сцягнуў боты і раскідаў на траве анучы. Усё на ім было мокрае, і Ляўчук пачаў сушыцца.

Клава ляжала на баку і вялікімі, поўнымі самоты вачамі пазірала ў хвойнік.

— Нарабіла я вам клопату. Ты ўжо выбачай, Ляўчук.

— Што выбачаць? Пасля вайны паквітаемся.

— Ох, як дажыць да таго пасля? Не дажыву я.

— Ты павінна дажыць. Ён не дажыў, а ты павінна. Трэба пастарацца.

— Ці ж я не стараюся?..

Яна нечакана заплакала, ціха і жаласна, а ён сядзеў побач, працягнуўшы да сонца счырванелыя ступні, і маўчаў. Ён не суцяшаў яе, бо не ўмеў суцяшаць нікога, да таго ж ён лічыў, што ў тым, што з ёй здарылася, Клава была вінавата сама.

6

Ціхенька хліпаючы, Клава плакала доўга, і Ляўчук не стрываў.

— Нічога, — сказаў ён, дабрэючы. — Як-небудзь. Ты пацярпі.

— Ой, я ўжо так цярплю, але ж… Сам знаеш.

— Галоўнае — дзе б да якога жытла прыбіцца. Ды ні чорта няма. Усё папалена.

— А калі дзе не спалена, дык жа немцы, — сказала Клава з набалелаю роспаччу. Відаць, яна пра адно гэта толькі і думала ўсю дарогу.

— Немцы, ага, — згадзіўся Ляўчук.

Ён стараўся паводзіць сябе стрымана і з выгляду нават абыякава да яе, а ўнутры ўсё абураўся і лаяўся — гэткага павароту справы ён не чакаў. Яшчэ ўчора ён сядзеў на Доўгай градзе і думаў толькі пра тое, адаб’юць новую атаку карнікаў ці не, а калі не, дык куды тады бегчы. I раптам гэта недарэчнае раненне, якое ўсё ў ім крута перайначыла, наваліла на яго новыя абавязкі з тым Ціханавым, ды і з гэтай Клавай: што яму рабіць, калі раптам ёй прыпячэ? Ён пачаў нават баяцца, каб гэтага не здарылася тут жа, і скоса ўсё пазіраў на дзяўчыну, не перастаючы прыслухоўвацца да наваколля і паглядваць уніз — нецярпліва чакаць Грыбаеда. Але Клава, паляжаўшы трохі і, мабыць, спачыўшы, села раўней на ватоўцы, па-ранейшаму абапіраючыся на дол рукамі. Яе шытыя на заказ зграбныя скураныя боты з белымі, высцебанымі ў траве галоўкамі былі мокрыя, спаднічка таксама змакрэла знізу, і Ляўчук сказаў:

— Здзень боты. Хай сохнуць.

— Ды ну…

— Здзень, здзень! — і, убачыўшы, што ёй нязручна згінацца, падняўся. — Ану, давай!

Аднаруч ён сцягнуў з яе ног адзін, а затым і другі бот, Клава трохі сумелася, але, відаць, адчула палёгку, паспакайнела і падняла на яго спакутаваны позірк.

— У цябе як плячо? Можа, перавязаць?

— Ды ярунда. Не трэба.

Ён ужо прыцярпеўся да свае раны і нават шкадаваў, што пайшоў у санчасць, лепш бы застаўся ў роце, можа, і прабіўся б з усімі за грэблю і цяпер быў бы адсюль далёка. Прынамсі, не ведаў бы клопату, які цяпер тлуміў яго галаву.

— Ну і Ціханаў, не чакаў ад яго такога. Не ведаю нават, што і думаць, — сказаў ён, усеўшыся ў доле непадалёк ад Клавы.

— Спалохаўся ён. А можа…

— Спалохаўся, факт! Але што мы рабілі б, каб не спалохаўся?

— А можа, ён з-за нас? — сказала Клава.

— А хто ведае! Хіба цяпер зразумееш? Чужая душа — пацёмкі.

— А ўсё ж відаць. Добрага чалавека здалёку відаць.

— Няўжо? А дрэнныя — яны што ж, думаеш, не маскіруюцца? Пад добрых? Як вунь той гад! Ужо такі сімпацяга быў…

— Ты пра каго?

— Усё пра таго ж!

— Што цяпер гаварыць? — пасля нядоўгага роздуму сказала Клава. — Пасля мы ўсе разумныя.

— Вот іменна — пасля. I разумныя, і строгія. А напачатку такія добранькія. Вушы развесілі, а ён — нож у спіну.

— Платонаў і тады гаварыў: ёсць падазрэнне. Але ж доказаў не было.

— Доказаў чакаў! Ну і дачакаўся…

Яны памаўчалі, Ляўчук, адкінуўшыся на локаць, кусаў травіну, увесь час азіраючы сасоннік. I Клава, нешта асіліўшы ў сабе, сказала:

— Канечне, наконт Платонава мы цяпер можам меркаваць па-рознаму. Асуджаць яго. Але як жа яму было? Я памятаю, ён гаварыў мне: нешта нячыста, але як дазнацца? Для гэтага час патрэбен.

— Трэба было шпокнуць абодвух, — з лёгкасцю зазначыў Ляўчук. — А што? Раз сумненне, дык і абодвух. Каб без сумнення. Як кажуць, бабка надвае варажыла: можа, чэсны, а можа, і агент.

— Не, так нельга, — ціха сказала Клава. — Вы ўсе ачарсцвелі на гэтай вайне. Яно зразумела, але гэта кепска. Платонаў быў не такі. Ён добры быў, чалавечны… Можа, таму і ў нас з ім усё так выйшла. Ён другога чалавека адчуваў, як самога сябе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: