Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

* Я вiтаю, пан афiцэр.

– Здравiя жалаю, - стрымана сказаў я. У гэты час за iм паказалася ў дзьвярах невялiчкая сухая кабетка з зусiм белаю, бы дзьмухавец, галавой. Абое прыцiхла спынiлiся каля дзьвярэй. Расставiўшы ногi, я па-гаспадарску нязрушна сядзеў каля столiка.

– То доктар Шарф i фраў Сабiна, - цiхенька прадставiла гаспадароў Франя. Пра мяне яна, мабыць, сказала iм раней, i цяпер, падступiўшы да гаспадынi, ласкава прыхiнулася да яе пляча. Ну i ну, сказаў я сабе, нешта, аднак, пачынаючы разумець у iхных узаемадачыненьнях.

– Кайнэ нацысты?

– Кайнэ, кайнэ, - разам паўтарылi гаспадары.

– Яны не нацысты, - сказала Франя.
– Доктар Шарф - прафэсар бiялёгii.

– Я, - пацьвердзiў гаспадар.
– Унiвэрсытэт штадт Гановэр.

Ну, калi прафэсар, дык, мабыць, сапраўды не фашыст, усё ж бiялёгiя як навука можа абыйсьцiся без фашыстоўскай iдэалёгii, падумаў я. Гэтая абставiна трохi зьмякчыла маё стаўленьне да гаспадара i, напэўна, ягонае да мяне таксама. Я быў узяў са стала кубачак гарбаты, як гаспадар мовiў "мамэнт" i выйшаў праз бакавыя дзьверы. Я так зразумеў, што трэба пачакаць. I праўда, ён хутка вярнуўся, з важнасьцю ступаючы на нягнуткiх нагах па сьлiзкай падлозе, паставiў перада мной маленькi графiнчык, да паловы налiты залацiстым напоем.

– Дас iст коньяк.

– Во як!
– вырвалася ў мяне.

Гаспадыня штосьцi гукнула Франi, тая цiхенька высьлiзнула за дзьверы i, вярнуўшыся, паставiла на столiк чатыры мiнiятурныя чарачкi на тонкiх ножках.

– Доктар Шарф частуе. Паклiкаць салдата?

– Я сам.

Я выйшаў на ганак - мой Кананок сядзеў на краi прыступкi i пазiраў цераз рачулку на сваю пазыцыю, дзе, вiдаць было, сядзелi i ляжалi яго таварышы. На двары было цёпла, ярка сьвяцiла сонца; над гарадком i далiнай мiж гор ляжала паўдзённая цiшыня. Нiбы й не было вайны. Я загадаў Кананку зьбегаць на агнявую, прынесьцi хлеба.

– I там у Мядзьведзева тушонка была. Папрасi баначку.

Кананок пабег на агнявую, а я вярнуўся ў вэстыбюль. Гаспадары былi тут, толькi цяпер сядзелi ля сьцяны ў скураных крэслах - старыя i аднолькава бездапаможныя, то было вiдно зь першага позiрку. За столiкам Франя налiла ў чатыры чаркi.

– Трохi счакаем, - сказаў я.
– Зараз прынясуць закусь.

– То добра, - сказала Франя.
– Немцы як выпiваюць, не закусваюць.

– А мы закусваем. Калi ёсьць чым.

– У нас дык i нiчога няма. Тыя днi я па хлеб на ровары езьдзiла. Па картках выдавалi. А цяпер усё скончылася. Як будзе далей?

– А ўжо неяк будзе, - сказаў я.
– Галоўнае, вайна сканчаецца. Амэрыканцы сюды iдуць. Скора i тут - Гiтлер капут!

Старыя з крэслаў пакутнымi позiркамi глядзелi на мяне, савецкага афiцэра, якi ў iхных вачах поўнiўся здаровым, маладым аптымiзмам. Але, падобна, мой аптымiзм iх мала ахвоцiў. У iх былi нейкiя свае адносiны да вайны i да жыцьця таксама. Але тое мяне ня надта цiкавiла. Я чакаў Кананка, якi хутка прынес цаглiну салдацкага хлеба i бляшанку сьвiной тушонкi, - усё паклаў на край цеснага столiка.

– О, амэрыкен, - цiха зазначыў стары, згледзеўшы пяцiканцовыя зоркi на бляшанцы.

– Лэнд-лiз, - сказаў я.

Франя прынесла сталовы нож, якiм я разрэзаў кансэрву, i яна адрэзала ад бохана некалькi тоненькiх лустаў.

– Зараз я нарыхтую вам сэндвiчы.

Пакуль яна рыхтавала сэндвiчы - намазвала на хлеб тлушч з бляшанкi, я тайком, з даўно не адчуванай любасьцю, назiраў за хуткiмi рухамi яе спрытных пальчыкаў, раз-пораз кiдаючы позiркi на яе ажывелы, радасны, дужа прывабны дзявочы тварык. Мне яна падабалася ўсё болей. Скончыўшы сваю працу, паклала дзьве лусткi на сподак i найперш паднесла гаспадарам у крэслах.

– Данке шон, - кiўнуў гаспадар, затым падняўся i дрыготкiмi пальцамi ўзяў са столiка чарку. Фраў ня зрушылася зь месца, яна на ўсе вочы разглядала мяне.

Мы выпiлi - я, гаспадар i Франя, чацьвертая чарка засталася на столiку.

Каньяк аказаўся моцны, здаецца, я адразу пачаў п'янець. Цi, можа, таму, што быў нязвыклы да яго - дасюль ва Угоршчыне мы пiлi вiно i ведалi яго моц. Цi, болей дакладна, ведалi: ад вiна мала моцы. Толькi адзiн раз у жыцьцi, пад Шыяфокам, я таксама пачаставаўся каньяком, дык дасюль не забыўся таго пачастунку. Затое зразумеў: каньяк - не вiно, яго трэба ўжываць памяркоўна.

– Пан прафэсар, - вымавiў я чамусьцi па-польску.
– Вы тут ня крыўдзiце маю зямлячку?

Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, i Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа i адказала:

– Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькi.

– Ну то добра, калi так. Гут!

– Гут, гут, - згодна паўтарылi гаспадары.

– Але цяпер мы яе забярэм, - сказаў я, набiраючыся п'янай рашучасьцi, i зiрнуў на Франю.

Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкi клапотны цень прамiльгнуў па яе тварыку, i я сьцямiў, што тут штосьцi ня так. Ня так, як звычайна, калi мы вызвалялi ў гарадах працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракi, зь якiх iхныя насельнiкi адразу кiдалiся кожны ў напрамку сваёй радзiмы. Усе рвалiся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым i гаспадары - за вызваленьне ад фашысцкай няволi. Аднак не дачакаўся таго.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: