Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

Але во ўрэшце ў небе над горадам змоўкла. Праўда, штось выбухнула напасьледак удалечынi, i настала няпэўная, амаль загадкавая цiшыня. Прыбег Скiбаў, сказаў, што ў другiм разьлiку ўсе цэлыя, нiкога не паранiла, толькi побач у двары забiла двух коней зь пехацiнскага абозу. Конi ляжаць, i ўжо прыходзiў нехта з цывiльных, прасiў дазволу адрэзаць кавалак канiны на бiфштэкс. Бедныя аўстрыякi! Мы ўсё ж, як нi былi галодныя, нават на Ўкраiне ня елi канiну, хоць некаторыя й казалi, што канiна - зусiм неблагое мяса. Але, мусiць, сапраўды - голад ня цётка.

Наогул пакуль што не прыкмячалася нiякага руху - нi на ўскраiне гарадка, нi на дарозе. Пяхота штосьцi прыцiхла, нават не вяла агню зь перадавой. Але не зважаючы на той зманлiвы спакой, я адчуваў, што доўга мы тут ня выседзiм, усё ж мусiм наступаць, дабiваць ворага ў ягонай бярлозе. Асаблiва калi наперадзе, з таго боку, наступаюць амэрыканцы.

Салдаты па адным павылазiлi з раўка на цесную пляцоўку агнявой пазыцыi, расьселiся на станiнах, снарадных скрынках. Камандзiр гарматы Мядзьведзеў адыйшоўся на хвiлiну пад недалёкi плот лесапiльнi, а як вярнуўся, я нягучна сказаў, каб iншыя ня надта ўчулi:

– Схаджу туды...

– Вазьмiце каго. А то...

Ну, ведама - а то. Я акiнуў позiркам маiх хлопцаў i сустрэў усьмешысты твар Кананка.

– Пайшлi!

Той падхапiў на плячо аўтамат, i мы хуткiм крокам пайшлi да катэджа. Брамка была зачыненая, i на гэты раз пералазiць цераз яе было трохi няёмка, ня тое, што раней. Затое грукаць у дзьверы не давялося, тыя адразу прачынiлiся, як я ступiў на нiзенькi каменны ганак.

– Ну, як вы тут? Жывыя?

– Ой, страхоцьця колькi! Заходзьце, калi ласка, - вiдавочна яшчэ не супакоiўшыся ад перажытага, сказала дзяўчына.

– Нiчога! Нядоўга засталося. З захаду iдуць амэрыканцы.

– Праўда? Але ж мы нiчога ня ведаем. Дык, можа, сядайце?
– няўпэўнена прапанавала яна.

Я не сядаў, марудзiў. Кананок тым часам кiўнуў на дзьверы:

– Я там, таварыш лейтэнант.

Ён пайшоў на ганак, а я застаўся адзiн. Можа, i ня варта было б тут затрымлiвацца, але мне хацелася болей дазнацца пра маю зямлячку.

– Дык як цябе завуць?

– Мяне - Франя. А вас?

Стоячы ля чорнае грувасткае шафы, яна, бачна было, з большым, чым раней, даверам вывучала мяне.

– Зьмiтрок Барэйка, - трохi сумеўшыся, адказаў я.
– Родам зь Бешанковiчаў. А ты адкуль?

– Прыкладна, адтуль жа, - скупа адказала Франя, нiбы прыслухоўваючыся да чагосьцi. Знадворку, аднак, ня чулася нiчога асаблiвага, хiба за рамамi вузкiх вокнаў цiхенька ляскатала на ветры блiзкае лiсьце дрэваў. Удакладняць сваё паходжаньне Франя, аднак, ня стала.

– Але пачаставаць вас няма чым. Хiба гарбаткай?

– Добра - гарбаткай!
– аж узрадваўся я, учуўшы гэтае знаёмае зь дзяцiнства слова. Так некалi вымаўляла мацi, вясковая настаўнiца; бацька ж заўсёды казаў "чай", а мацi ўпарта папраўляла яго: "гарбата".

– Дык пасядзiце, я хуценька, - сказала Франя i цiхенька высьлiзнула ў сваiх мяккiх пантоплях праз бакавыя дзьверы.

Я застаўся адзiн i засьцярожлiва падумаў: хоць бы чаго ня здарылася. Усё ж побач немцы, i невядома, хто гаспадар гэтага катэджа. Праўда, Франя ўсё ж служыла нейкiм гарантам, што ўсё абыдзецца. Я падыйшоў да аграмадзiны шафы, даверху застаўленай шэрагамi тоўстых кнiжак у чорных вокладках з залачонымi гатычнымi лiтарамi, якiя я ня надта навучыўся чытаць у школе. Побач на сьцяне вiсела нейкая цьмяная карцiна ў дужа тоўстай i таксама счарнелай ад часу раме. Наогул усё тут было старое, можа, зь мiнулага стагодзьдзя, са сьлядамi аблезлай пазалоты, што безумоўна сьведчыла пра знатнасьць паходжаньня гаспадароў. Можа, нават цяперашнiх фашыстаў - хто ведае.

Франя, аднак, бавiлася, i я ўжо падумаў, цi не пайсьцi адсюль да сябе на агнявую. Але нейкая далiкатнасьць усё ж стрымлiвала мяне, i я дачакаўся. Расчынiлiся дзьверы, i ўвайшла Франя, абярэжлiва несучы маленькi блiшчасты падносiк з двума кубачкамi гарбаты i нейкай закускай на белым зь сiнiм беражком сподку.

– Цукру, аднак, ня маем. Паклiкаць салдата?

– А ты?

– Я гарбату ня п'ю, - сказала Франя i запыталася: - А можна, каб сюды зайшлi гаспадары?

– Гаспадары? Ну, хай...

Гаспадары нiяк не ўваходзiлi ў мае пляны, бачыць iх тут мне зусiм не хацелася. Але калi яна просiць?.. Тым часам у памяшканьне неяк нясьмела ўсунуўся дужа высокi стары ў чорнай старасьвецкай пiжаме, што, бы на вешаку, вiсела на ягоных худых плячах. Зрэшты, таксама, як i штаны зь недарэчнымi, бы ў генэрала, бляклымi лямпасамi сiняга колеру. Ён быў зусiм лысы, з надзiва касматымi брывамi, пад якiмi глыбока сядзелi зыркiя вочы.

– Iх грусэн, гер афiцыр*, - старэчым голасам вымавiў ён, трошкi схiлiўшы галаву ў паклоне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: