Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

Настала трохi няёмкая паўза. Я сядзеў ля столiка, Франя насупраць рыхтавала маленькiя, з запалкавы карабок, сэндвiчы. Старыя нерухома сядзелi ў сваiх мяккiх крэслах. У вэстыбюлi ўжо стала вiдней - праз вузкiя вокны зазiрнулi сонечныя промнi, паклалi на керамiчную падлогу рваны ўзор ад рухавай лiстоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвiчаў Франя вынесла на ганак Кананку i вярнулася з пустым сподкам - Кананок абышоўся бяз сподка.

Пасьля таго, як я выпiў чаркi са тры, i ў графiнчыку засталося няшмат, старыя паднялiся i нямогла патэпалi ў бакавыя дзьверы - на кухню, цi што. Франя тады прысела за столiк, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне.

Я трохi ап'янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркi трохi захiсталiся, сутыкнуўшыся зь iншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў iнакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго iнакшымi складанасьцямi, у якiх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя - яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь iм толькi знаёмiўся. Цiкавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохi няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Цi хоць бы паскардзiцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзiлася, хоць i радасьцi на яе твары я заўважаў ня шмат. Цi яна так навучылася - хаваць свае пачуцьцi? Але ж нашто хаваць iх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне.

Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешнi выгляд выпацканыя ў зямлi штаны, нячышчаныя кiрзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлi прыйшло iншае адчуваньне, i я спрабаваў стаць цi павярнуцца такiм чынам, каб мае хiбы ня надта траплялi каму на вочы. Але пасьля, мусiць, забыўся на тое i не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позiрку Франi.

– Дайце зашыю, - сказала яна дужа проста, i ў тых яе словах мне пачулася забытая iнтанацыя маёй малодшай сястры Нiны, пра якую я нiчога ня ведаў з пачатку вайны.

– Дайце, дайце! Я хутка. А то... Непрыгожа так, - сказала яна i ўсьмiхнулася.

Мусiць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, - адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гiмнасьцёрку, нечакана i зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымi матузамi на грудзях. Памкнуўся быў адмовiцца ад Франiнай паслугi, ды дзяўчына ўжо ўзяла гiмнасьцёрку i кароткiм дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, i тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скiраванай да яе душы.

Як гэта я здаўна рабiў на вайне, дзе б нi быў i чым бы нi займаўся, скрозь справы i размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавiў гукi, якiя маглi данесьцi знакi трывогi, нейкiя зьмены у абставiнах. Найперш кепскiя зьмены. Мусiць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франi, позiрк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.

– Яшчэ страляць будуць?

– Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.

– А як скончыцца?

– Тады будзе мiр. I шчасьце. I жыцьцё, - сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкi клопат сядзеў i ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замiнаў маёй лагодзе да Франi. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае i невыразнае, якое магло зараз жа зьнiкнуць.

Франя цiхенька ўздыхнула.

– У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калi жывая яшчэ, - сказаў я.

– Мне крышку больш, - цiха зазначыла Франя.
– А дзе зараз сястрычка?

– Можа, у Нямеччыну пагналi.

– У Нямеччыне кепска. Апроч усяго - бамбёжкi жахлiвыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалi сюды. Як дом разбамбiлi.

– А тут лепей?

– Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацiлася. Дзiўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цiшэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсiх б'юць, забiваюць. Партызаны б'юць немцаў, немцы б'юць усiх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.

– Усё Гiтлер пракляты.

– Гiтлер, канечне. Але й другiя ня лепшыя, - цiха сказала Франя i змоўкла.

Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары i генэралы, Герынгi i Гебэльсы. Пагубiлi столькi людзей, разбурылi Эўропу. Але цяпер хутка ўжо iм канец, нарэшце Эўропа вызвалiцца ад гэтага крывапiўца, цi ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франiн пэсымiзм, i яна, памаўчаўшы, сьцiпла зазначыла:

– Радасьць. Аднак не безаглядная, - сказала яна i неяк прабачлiва ўсьмiхнулася, бурачы невялiчкую нязгоду мiж намi. Дзiва, аднак, што можа мiжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мiльганула дзiкаватая думка.

– А ў тваiх гаспадароў сын ёсьць?

– Быў, - проста сказала яна.

– I?..

– I сплыў, - напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць.
– Летась загiнуў у Прусii.

Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывiнка тае яе лёгкасьцi, i я маўчаў.

– Прыслалi паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лiсты. I нумар магiлы. А што вас тое зацiкавiла?

– Ды так.

– Старыя дужа перажывалi. Фраў Сабiну было аж паралiзавала - iнсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзiць з кiёчкам. Радню, якая была, разбамбiлi ў Гамбургу. Нiкога не засталося. Пляменьнiца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалi дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна i сюды дакацiлася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: