Шрифт:
— Бульбд добыра, бачка… Сюды сыкора прыходзіць буду.
Нехта даткнуўся да яго плечука. Крымчак скочыў убок, як вялізны камышовы кот. І супакоіўся, адступіў яшчэ, даў дарогу Хрысту. Той зрабіў быў яшчэ крок і нечакана спыніўся. Да яго цягнулася рука. Густа-карычневая, паплямаваная амаль чорнымі і амаль белымі плямамі, перацягнутая сеткай жыл, чорная і пасечаная ў далоні, нібы кожная пясчынка, перабраная ёю за жыццё, пакінула на ёй свой след.
— Літасцівец, падай, — маліла старая ў рыззі. — Стаю і стаю. Не хапае.
— Дай ёй, Іосія.
Старая радасна зачыкільгала да старасты. Высыпала перад ім прыгаршчу медных шэлегаў.
— Бацюхна, каровачку мне б… Маленькую хаця.
— Тут, родненькая, у цябе на кароўку не стае.
— Час дарагі, — лавіла ягоны позірк. — Пасля аддам.
— Ну вось. От, дурнота бабская!
— Бацюхна, кароўка ж наша памірае. Ляжыць кароўка.
Ненатуральна светлыя, дзіўныя, нібы зачараваныя, глядзелі на гэта паўзверх галоў Хрыстовы вочы.
— Кажу, не стае.
— Б-бацюхна… — старая кульнулася ў ногі.
— Н-ну, добра, — злітаваўся той. — Восенню адробіш. На срэбную. Не тая, вядома, раскоша, але — літасцівы Пан Бог.
Старая паўзла да іконы Маці Божай. Імкнулася паўзці хутчэй, бо надта хацела, каб карова хутчэй устала, але часам спынялася: разумела — непрыстойна. Малады, гожы, уседаравальны твар глядзеў з вышыні на другі твар, зморшчаны, нібы сухі яблык. Старая павесіла сваю мізэрную кароўку якраз ля вялікага пальца нагі «Ціоці».
Вочы Хрыстовы бачылі вадаспад золата… Кароўку, якая самотна пагойдвалася пад ім… Скурчаную старую, што, укленчыўшы, аж калацілася… Твар старасты, які светлымі вачыма глядзеў на ўсё гэта.
Магдаліна схапіла была Хрыста за руку. Той павольна, ледзь не выкруціўшы ёй рук, вызваліўся. І тады яна ў раптоўным жаху адхіснулася ад чалавека, у якога дрыжэлі ноздры.
Юрась пашукаў вачыма. Позірк ягоны ўпаў на валасяны аркан, абвязаны вакол пояса ў крымчака.
— Дай!
— Ны можна. Ны дзеля таго.
— Ты проста не разгледзеў, на што гэта яшчэ прыдатна, — праз зубы адказаў Юрась. — Дай!
Ён таргануў за канец. Татарын шалёна закруціўся, як ваўчок, падсцёбнуты пугай.
— Бачка!
Але аркан ужо разрэзаў паветра. На твары старасты пралёг чырвоны пісяг. Ад удара нагою ўпала стойка. Золата з шоргатам і звонам пацякло пад ногі людзей.
— Памагай Бог, бацька, — басам сказаў Фама. — А і я дапамагу.
Да іх кінуліся былі. Але яны працавалі нагамі і рукамі, бы ўтрапёныя. Змеем свістаў у паветры аркан. Сыпаліся грошы. Храбусцелі, ламаліся пад нагамі свечы.
— Гандляры, навалач! — Вочы Хрыстовы былі белыя ад ярасці. — Гандляры! Што вам ні дай — вярцеп разбойніцкі зробіце. Хрысці іх, Фама! Хрысці ў натуральную веру.
Яны раздавалі выспяткі і аглушальныя поўхі з неймаверным спрытам. Праз вокны, праз дзверы, з прыступак ляцеў, сыпаўся, скатваўся, выў натоўп. Тумаш загнаў старасту ў бабінец, і той, адступаючы, упаў у купель з вадою. Фама даў яму свяцільнікам па галаве.
І здарылася дзіва. Дваіх раз'ятраных выціснулі з храма, рассеялі, пагналі, як хацелі, натоўп гандляроў.
Ля прыступак сядзеў з нявіннай мордай Раввуні і часам бліскавічна высоўваў наперад нагу: ставіў падножкі тым, што беглі. Пераважна тоўстым. Некаторых ён паспяваў яшчэ, падчас іхняга падзення, копнуць ступаком у азадак.
Хрыстос адкінуў аркан.
…Перад храмам стаяў аслупянелы народ і глядзеў, як чалавек сыпле ў далоні старой залатых коней, кароў, свінняў… Крымчак убаку трымаў свой аркан і здзіўлена глядзеў на старую, на золата, на шкаляра.
— Бабуля, бедная. На, купі каровы, купі ўсё. Ніхто нам, бедным, не паможа. Брэшуць усе. Брэшуць усе на свеце. Брэшуць.
Малады асцярожна сціснуў сівавусаму локаць:
— Кажаш — мазурык?… А я думаю — праўду казалі. Бог прыйшоў. Бог. Мы людзі бітыя. Ніхто, акрамя Бога, не пашкадаваў бы, не ратаваў. Я іх ведаю.
Татарын, пачуўшы гэта, пачаў павольна штурхацца праз натоўп да свайго каня… Ускочыў… Пусціў каня ў намёт, прэч ад храма.
Юрась закрыў далонямі вочы. Усё — ад кабылы, на якой ён ляжаў, ад вогнішчаў, ад чорнай імшы і да гэтай хвіліны бою, — усё гэта перапоўніла яго. Ён не хацеў, не мог глядзець на белы свет. Пасля яго ўразіла цішыня. Павольна спаўзлі з вачэй пальцы.
Людзі стаялі на каленях.
РАЗДЗЕЛ ХХVІІІ ЕЖА ДЗЕЛЯ МУЖЧЫН
Року таго ж… маючы вожа дарог, ведама Марлора імем… уварваўся і, пабіўшы людзей, што (кожнае) чалавечае места да кгрунту спаліў…