Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І тут уставіў свае тры грошы Рыгор Гародзенскі, у міру Гіляр Балвановіч:

— Самі казалі: «махляр», «бяспечны».

— Быў бяспечны, — сказаў мніх. — Быў.

— Гаворыш чорт ведае што, — сказаў біскуп Камар. — Гэта што ж будзе, калі кожны вось так, у храм? Разважаць трэба. — «Брыда перад Богам — чалавек разважлівы», — як заўсёды, ні з пушчы ні з поля падаў голас войт.

Ганец пакутліва баяўся прынесеных кепскіх вестак.

— Айцы, — сказаў ён, — і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ кажуць, нібы заўважылі татар. Татары ідуць.

— Змоўч! — успыліў Лотр. — «Нібы-ы», «нібы-ы». Татары прыйшлі і пойдуць. А той, хто замахваецца на народныя святыні, гэта табе не татары?

Варухнуўся ў цёмным куту бурмістр Юстын. Расплюшчыў вочы. Хацеў быў сказаць, але толькі злосна падумаў:

«Ясна, чаму вы так. Вас нават у рабы не возьмуць па поўнай няздатнасці, няробы. То вам што?!»

І зноў пад скобкаю валасоў згаснулі вуголлі ягоных вачэй.

— Ты разумееш, на якія асновы ён замахнуўся?! — пабарвавеў Лотр.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для ганца, каб не пачуліся на пераходах крокі, нейкія прыглушаныя ўдары і бразгат. Усе насцеражыліся. Пачулася нешта накшталт пералаю. Карнілаў голас угаворваў кагосьці трохі пачакаць. Пасля тысячнік увайшоў, але не паспелі яны спытаць у яго, што здарылася, як з грукатам адчыніліся дзверы. Лінула ў царкву дзікая какафонія гукаў. Бубны аж захлыналіся ў бразганні і гулкіх ударах.

Мурза Сялім увайшоў на напаўсагнутых нагах, бязгучна, як кот, і адначасова нахабна. Таргануў тысячніка за нос на знак таго, што ўсё ж паставіў на сваім.

Агледзеў царкву. Здзёр дарогаю з іконы бясцэнныя «абяцаныя» каралі з рубінаў, пацмокаў языком і запхнуў у запазуху.

Пасля асцярожна падышоў да «врат», прыслухаўся, ударам нагі расчыніў іх. Агледзеў бегаючымі вачыма.

— Што? — рэзка спытаў у талмача.

— Прастол.

Мурза нібы ўспамінаў нешта. Пасля ўсміхнуўся высакамерна і ўскінуў галаву:

— Прастол. Сыдзець тут хачу.

І сеў.

— Мыня слухай, уладары Га-ро-ды-на. Кіназ Джыкамон няма — вы кіназ… Ваш адказ… што трэба аддасцё — татар не пойдуць. Што трэба не дасцё — татар пойдуць. І пыл ад Гародына дасягне неба. І смурод ад гэтай зямлі дасягне неба. Белы кіназтва — будзе кара, чорны кіназтва.

У адказ лягло маўчанне. На тварах людзей у прытворы нельга было нічога прачытаць. У вачах людзей з варты ясна чыталіся абраза, невымоўная агіда, жах і гнеў.

Мурза выцягнуў вусны, нібы для пацалунка, узняў руку, сціснутую ў кулак, і павольна пачаў адгінаць пальцы. Адзін за адным.

— Залатых чатыры цьмы, па адным на воіна, бо сорак тысяч нас. Рабоў чатыры цьмы — на кожнага воіна раб. І цьма рабоў — мурзам і хану. І дзве цьмы залатых — мурзам і хану… І коней — чатыры і чатыры цьмы. І быдла — чатыры і чатыры цьмы. — Ён паказаў на аклады. — І золата яшчэ вось такога чатыры гарбы, бо яно блішчыць.

— Мы не з багатых, — сказаў Лотр. — І ў сціплай беднасці жывём.

— Твар твой — пятка, што не мае сораму, — выскаліўся крымчак. — Таму што не чырванее пятка. Што маніш? Глядзі!

Па мурах, іконах, статуях плыло золата. Уладары маўчалі. Сялім павольна выцягваў шаблю з піхваў. Яна выпаўзала з іх амаль нябачнымі рыўцамі, як змяя.

— Імгненне кожнае прыбаўляе да вашай даніны. Я вырву шаблю, і што тады ўратуе вас?… Імгненне кожнае прыбаўляе… Бо татары — пайшлі!

І такая нахабная сіла была ў гэтым голасе і ў павольным выпаўзанні сталі, што ўсе нібы пачулі далёкае гіканне, несамавіты гул бубнаў, рыданні вярблюдаў і аслоў і шалёны пошчак капытоў нялічанай арды.

Шабля выпаўзла амаль да канца.

— Дан, — выскаліўся мурза. — Дан давай — жыць будзеш.

Людзі ў прытворы пераглянуліся. І тут Басяцкі ласкава, з адчуваннем сваёй годнасці ўзняў руку:

— Стой.

Мурза ўсміхнуўся і з ляскам закінуў шаблю назад у піхвы.

— Не пагражай нам, мурза. Мы досыць моцныя, каб растаптаць вас.

Варта ля дзвярэй ускінула галовы.

— І калі мы ўсё ж дамо табе тое, аб чым просіш, то не з боязі, — плоскія вочы смяяліся, — а таму, што так загадвае нам наш Бог. Сказана бо ў Мацея: «І хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку — аддай яму і верхнюю вопратку».

— Добрая вера, — сказаў мурза. — Зручная для моцнага вера.

— Ты што ж, не кранеш тады зямлі? — спытаў Грынь Балвановіч.

— Нашто «зямлі»? В а ш а й зямлі не крану.

Сінкліт думаў.

«Прасяшчаму ў цябе — дай», — ціха сказаў Лотр.

— Па вазе дай, — сказаў крымчак.

Жаба ціха забубніў:

— Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.

— І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў… дзеля нашай веры.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: