Шрифт:
А людзей у пячорах сядзела, можа, тысяча. А імя дыякана было Аўтроп».
Палалі вёскі, палалі гарады. Бурыліся ў агні драўляныя вежы крэпасцяў. З гіканнем, пад гул бубнаў імчалі коннікі. Луналі бунчукі. Жудасным, страшэнным воблакам стаяў пыл. Рыдалі вярблюды і аслы.
Гналі на арканах напаўголых людзей, жанчын з сінякамі на грудзях. Забаранялі здымаць з палонных толькі крыжы. Таму што адзін, калі здзёрлі з яго, сцягнуў крымчака з сядла і ўдарыў кайданамі па галаве, і тады Марлора — хан — успомніў завет і забараніў. А таму, хто ўдарыў, увагналі ў жывот стралу і кінулі.
І ўсіх мецілі. Падносілі клейну да лоба, стукалі па ёй, і заставаўся на лбе крывавы татарскі знак.
Лупілі, луп цягнулі. Лямантуючы, імчалі орды. А паперадзе іх, матляючы ланцугом, бег баявы слон.
Пажары… Пажары… Пажары… Цягнуліся гарбы і фуры з данінай, цягнуліся рабы.
А ў горадзе гарадоў цягнуліся набажэнствы, цягнуліся малебны. У Дамініканскім касцёле… У касцёле францысканаў… у простай, белай знутры, Каложы.
І адны ў дамініканаў казалі:
— А я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, хто праклінае вас, чыніце дабро тым, хто ненавідзіць вас, і маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас і гоніць вас.
А другія казалі ў Каложы:
— Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі… Нявартыя тыя, хто дзеяннямі сваімі падмяняе волю яго.
І ляцелі ў крывавым дыме коннікі з апакаліпсіса.
Толькі праз некалькі дзён атрымалі яны першы і апошні адпор. Вымчалі з хмызоў на бязмежную вапняковую пустку, укрытую рэдка плямамі, шорхлай травою, узнялі капытамі хмару ядучага белага пылу і спынілі коней, уражаныя.
Далёка-далёка, белыя на белым, з'явіліся расцягнутыя ў рэдкі ланцуг кропкі.
…Невялікае войска стаяла на дарозе арды. Людзі таго, што тады плюнуў у храме. Іх было вельмі мала, але твары, у прадчуванні канца, былі суровыя.
Усе пешыя, у латах і кальчугах, са звычайнымі і двухручнымі мячамі ў руках, з авальнымі шчытамі, у якіх былі ўпісаны шасціканечныя крыжы, у белых плашчах, яны стаялі на бялёсай вапняковай зямлі, пад гарачым апошнім сонцам. Белыя на белым.
Увесь акаём перад імі варушыўся. І тады нехта заспяваў старажытную «Багародзіцу». Страсным і грубым голасам:
Пад тваю літасць…Пад тваю літасць прыпадаем, Багародзіца Дзево,Маленняў нашых не адрынь у журбе,А ад бед ізбаві нас,Адзіна і чыстая і благаславёная.Журботныя, празрыстыя галасы падхапілі яе, панеслі:
На цвярдыню тваю мы ўпаваем, Багародзіца Дзево.Плыў над імі, над пусташшу страсны харал. Нібы на мячах, узнятых угору. Цягнуўся пусткаю доўгі ланцуг.
Наперадзе, моцна адарваўшыся, ішлі военачальнікі ў белых плашчах.
Яка імя тваё!Яка слава твая!У апошняй мужнай і безнадзейнай тузе ўзляталі галасы. А вочы бачылі, як вырваўся наперад слон, страшная, нібы пекла, жывая гара, як паляцела конніца.
О ўсяпетая…О ўсяпетая Маці,Рождшая ўсіх святых свяцейшае Слова.Сённяшняе наша прыемшы прынашэніе,Ад усяакія збаві напасці ўсіхІ будучыя ізмі мукі табе вапіюшчых.Алілуя.Алілуя!Алілуя!!!Слон уварваўся ў рады. Са свістам разрэзаў паветра ланцуг.
…
Праз гадзіну ўсё было скончана.
Апошнія гукі харала змоўклі. У атачэнні бурых, жоўтых і шэрых целаў ляжалі на бялёсай зямлі, на рэдкім верасе белыя целы.
Толькі ў адным месцы купчыўся натоўп конных і пешых крымчакоў. У іхнім паўколе трубіў, як струны, напінаючы вяроўкі, ашалелы слон.
А перад ім, таксама распяты вяроўкамі, ляжаў кіраўнік асуджанага заслону. Дзве крывавыя палосы расплываліся па белай тканіне плашча. Адна нага была ненатуральна, як не бывае, падгорнута. Попельныя валасы ў белым пыле і крыві.
Сціснуты ўтрапёны рот. У шэрых вачах асуджанасць, адсутнасць і спакой. Ён зусім не хацеў глядзець. І ўсё ж бачыў, як высіцца над ім, як пераступае на месцы, грузна танцуе слон, як касяць ягоныя налітыя крывёй вочкі. Ён не баяўся яго цяпер.