Шрифт:
Вочы трохі прызвычаіліся да цемры. Ганец убачыў невялікі пакой. Падлога была гладка адгабляваная і напалову, дзе бліжэй да ложка, укрытая шкурамі. Ложак таксама быў пад шкурамі, а над ложкам віселі два мячы, абодва двухручныя і даўжынёй амаль з чалавека.
Роўны прызначаўся для дваран, палітычных злачынцаў і ўвогуле дзеля перарывання тых злачынстваў, у якіх суд не знаходзіў элементаў ерасі. Працаваць яму з гэтай прычыны даводзілася рэдка. А хвалісты, які не толькі сек, але яшчэ і рваў мускулы, быў дзеля людзей больш простых і ерэтыкоў. Гэтаму даводзілася б працаваць і працаваць, каб не такая акалічнасць, што простанароддзе ахвотней вешалі, а ерэтыкоў палілі.
Такім чынам зберагалася ўласцівая натуры раўнавага.
На лязе хвалістага мяча было выразана апошняе слова на дарогу: «І nunc…»*, хаця кат лаціны не ведаў.
* «Дык ідзі ж…»
Стаялі яшчэ ў пакоі, у самым цёмным куту, разьблёная шафа, на якой блішчалі вочы другой невядомай істоты, стол і рознакаліберныя крэслы. І ад гэтага рабілася непамысна, бо адразу ўспаміналася, што кат мае права на адну рэч з канфіскаванага абсталявання асуджанага (астатняе забіралі суддзі і следчыя, аддаючы сёе-тое даносчыку).
Халупа, відаць, была ўкапана ў схіл яра, таму што, вельмі малая знадворку, яна мела працяг: вялікае зусім цёмнае памяшканне, падобнае на пуню. Памяшканне было аддзелена ад першага пакоя завесай з аблезлых шкур.
— Чаму не прыйшоў Пархвер? — спытаў той жа самы ясны голас. — Па мяне заўсёды прыходзіць Пархвер.
— Сёння яму не да таго, — сказаў у цемру ганец.
— Як гэта не да таго? Ён што, не мог мне выказаць павагу? Ён што, не ведае, хто я?
— А што ён павінен ведаць?
— А тое, што з высокіх людзей толькі шчаслівы пазбягае маіх рук. Як і д'яблавых лап. І таму са мной трэба сябраваць. Як трэба мець, на ўсякі выпадак, прыяцеляў і ў пекле.
— Важная справа, гаспадар.
— Ну, добра.
Вочы ўрэшце прыстасаваліся да цемры. Толькі верх шафы безнадзейна губляўся ў ёй, і таямічай істоты нельга было разгледзець. Але астатняе было відаць.
Кат сядзеў ля ложка на падлозе і складаў з пруткоў нешта дзівотнае, з крыламі.
— Зараз, — сказаў ён. — Дамайструю вось толькі, і паскачам.
Быў ён шырокі ў плячах, руках і клубах, але нейкі млявы і нібыта нават спешчаны. Аблічча шырокае. Бровы чорныя. Жорсткія мускулы ля рота. І дзіўна было бачыць у невялікіх вачах адценне нейкай дзіўнай меланхоліі, а ў беспярэчных складках ля рота — іронію і расчараванне.
— Гэта чаго?
— Я, братка, вынаходца.
— А гэта нашто? Клетка?
— Угу, — сказала з шафы невядомая істота. Нібы ў бочку.
— Змоўкніце, пан, — сказаў туды кат. — Так, гэта клетка.
Памаўчаў. Потым сказаў з прыемнай канфідэнцыйнасцю:
— Разумееш, шырыцца маці наша царква. І рымская шырыцца, і ўсходняя. Рымская асабліва. І невядома, якая возьме верх. А хутчэй за ўсё — рана ці позна памірацца. І прыйдзе час — будзе яна, правая вера, над усімі інымі паганскімі верамі, над усім светам. І нават над жывёламі і гадамі. Усіх, хто хоць трохі іначай думае, змяце. І будзе тады рай, цішыня і добрарастварэнне ваздухоў. Чалавека, яго маці наша пяшчотай, ды неадступным апекаваннем, ды бацькоўскімі клопатамі ўловіць у мярэжу Божага царства і любві. А вось з жывёламі і гадамі цяжэй. Яны сабе скачуць, гуляючы вясёлымі нагамі, поўзаюць, ды лётаюць, ды пяюць, і няма ім справы, што распіналі калісьці хрысціян і, значыцца, цяпер хрысціяне да сканчэння свету павінны распінаць іншых і панаваць над імі. Паспрабуй улаві іхнюю душу. І ніхто над гэтым не думае. Ні філосафы гэтыя, ні акадэмікі, ні паэты, ніхто… Ёсць, вядома, ёсць, нічога не скажу. Але неяк усё бяскрыла, неяк усё толькі на людзей*. І раз яны, саплівыя кніжнікі, не хочуць думаць аб будучыні чалавецтва і ўвогуле ўсяго жывога — трэба гэта ўсё ўзяць у нашыя моцныя рукі. Мы не падрыхтаваліся. І камусьці трэба думаць аб будучыні, і рыхтавацца. Вось я, сціплы чалавек, і майструю.
* Якім чынам непісьменны кат першай паловы ХVІ ст. мог прадбачыць з'яўленне, скажам, пана Канелапуласа, тэарэтыка партыі ЭРЭ, паэта, філосафа, акадэміка і тэарэтыка забойства, а таксама падобных яму, — таямніца сія вялікая ёсць! Пэўна, усё ад Бога, і некаторыя асобы дзякуючы яму маюць дар прадбачання.
Кат прымацаваў да паробкі другое крыло.
— Гэта клетка для салаўя, — ён разглядаў яе з пяшчотай і законным гонарам творцы. — З крыламі. Лятучая. Лётай сабе ў ёй дый слаў Пана Бога і нашу царкву.
І нечакана лёгка ўскінуўся на ногі.
— Хадзем, чаго табе пакажу.
Ён хутка пайшоў да завескі, адшморгнуў яе і запаліў свяцільнік. У няпэўным мігатлівым святле праступілі ля сценак вялізнай пуні дзесяткі дзівотных, незвычайных для вока машын і спаруд.
— Усясільны ён, усё ён можа, чалавечы мозг, калі з ім Бог і царква, — ціха сказаў кат. — Бачыш, унь прыбор для здабывання мозгу цераз нос і даследавання яго на прадмет небяспечных думак. Бяда толькі, вымае добра, а вось назад уставіць, калі нічога не знайшоў, — гэтага яшчэ не дабіўся. Нічога, даб'юся. Гэта доўбня з прываднымі коламі. Калі ўдала стукнуць год у трынаццаць — ніякіх думак і замераў у чалавека больш не застанецца, акрамя замеру маршыраваць і атрымоўваць за гэта хлеб.