Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яны разумелі, што, адступаючы, можна страціць і тавар і жыццё, і таму пасоўваліся назад вельмі павольна.

Усё бліжэй плылі да месца бойкі рызы, пратэсы, крыжы, статуі на памостах. І вышэй за ўсё плыў над натоўпам убраны ў парчу і золата Хрыстос з усмешлівым васковым абліччам.

— Прымірыцеся! — закрычаў Жаба. — Калі бракуе апекавання, падае народ, а пры шматлікіх дарадцах…

— Яшчэ горш падае, — зарагатаў Кляонік.

— …працвітае, благадзенствуе. Ну, што вам трэба? Рай жа ў нас. Памятаю, выпівалі…

Лотр, замыкаўшы ад ганьбы, вельмі спрытна прыкрыў яму далонню рот.

— Браткі, браціе! — выгукнуў Балвановіч. — Мір вам! Мір! Што вам у гэтым хлебе? Не хлебам адзіным…

З адчаем заўважыў Кірык, што бойка суцішылася. Шмат хто зняў магеркі. Рукі, якія толькі што крушылі ўсё на сваім шляху, пачалі класці крыжы.

— Пан Бог сказаў: царства маё не ад гэтага свету. А вы ў гэтым свеце хлеб сабе шукаеце.

— Гэй, бацька, спяваеш дужа салодка! — крыкнуў Дудар.

На яго гыркнулі. Невядома, чым гэта ўсё магло скончыцца, але сапсуў сваю ж справу біскуп Камар. Насупіўшы грозныя бровы, ён сказаў:

— А што хлеб? Тфу ён, хлеб!

І, нібы скарыстаўшыся з ягонай памылкі, раптам страсна залямантаваў Зянон:

— Язычнік ты! Паганец! На хлеб плюеш! А чым Ісус апосталаў прычашчаў?!

Другі раз за два дні здзівіўся мужыку Вястун. Але не толькі ён. Здзівіліся і астатнія. Блюзнерства сказаў біскуп. Па-простаму задумаў пагаварыць, халера.

Натоўп зароў. Друкі ўзляцелі над галовамі. Урэзаліся адна ў адну дзве масы, змяшаліся, спляліся. Шэсце, разубранае ў золата, ударылася аб жывы заслон, пачало свідраваць яго, імкнучыся стаць паміж тымі, што біліся. Гэта, аднак, не ўдавалася. Над месцам бойкі стаяў пах поту і пах ладану, вісела лаянка і дзікія гукі псалмоў, хісталіся — усё ўперамешку — крыжы, друкі, дзіды.

Зверху ўсё гэта моцна нагадвала тры стралы, нацэленыя вастрыямі адна ў адну, крыж з адламанай ножкай.

У крыжа не хапала адной часткі. Але ў самы разгар сутычкі з'явілася і яна: з Малой Скідзельскай вуліцы павольна выходзілі трынаццаць чалавек у радне. Трынаццаць, пакрытыя пылам усіх бясконцых беларускіх дарог. Такіх журботных, такіх манатонных, такіх пяшчотных.

— Стой-ойце! Глядзі-іце! — закрычаў нехта.

Крык быў такі, што бойка адразу суцішылася. Ашалелае маўчанне павісла над натоўпам. Кірык бачыў, што ўсе пераглядаюцца, але ніхто нічога не разумее. І раптам — спачатку нясмела, а потым ярасна — раскаціўся над гурмою багатых рогат.

Хлебнік паказваў пальцам на шэсце:

— Глянь, гэты ў мешкавіне.

— Крыж нясе, — рагатаў рыбнік. — І вянец. Гэй, дзядзька, лоб паколеш!

Рогат неўзабаве заразіў і бедных мяшчан.

— Морды ў іх штосьці мятыя, — скаліў зубы Зянон.

Кляонік трымаўся за жывот:

— Не, вы глядзіце, якая ў яго морда круцельская. Святы ваўкарэз.

Не рагатаў адзін Лотр. На вуснах ягоных была грэблівасць. Нават ён не зразумеў, што гэта містэрыяне.

— Гэтага яшчэ не хапала. Самазванцы.

— Сказана бо, з'явяцца лжэпрарокі, — прабасіў Камар.

Усё бліжэй падыходзілі да маўклівай гурмы тыя трынаццаць.

— Сотнік, вазьмі іх, — сказаў Лотр.

Карніла падаў знак варце і павольна рушыў насустрач ліцадзеям. Зачапіць чалавека з крыжам усё ж не пасмеў. Працягнуў руку да грузлага Багдана Роскаша.

— Не руш мяне, — наліўся крывёю Багдан. — Я беларускі шляхціц!

Але варта ўжо кінулася. На вачах у бяздзейнага натоўпу закіпела ярасная, кароткая сутычка.

— Мы ліцадзеі! — крычаў Братчык, але ніхто не чуў яго ў агульным шуме.

Апосталы супраціўляліся адчайдушна. Асабліва адзін, чорны, як цыган, з чорнымі, бліскучымі вачыма. Ставіў падножкі, штурхаў — з грукатам валіліся вакол яго людзі ў кальчугах. Урэшце на яго населі пяцёх, прыціснулі да зямлі. Ён звіваўся ў пыле, як вугор, і кусаў ворагаў за лыткі.

— Вяжы самазванцаў! — крыкнуў Пархвер.

Толькі тут Братчык зразумеў, чым пахне палон, і пачаў дзейнічаць крыжам. Біўся ён з дзівосным спрытам: можна было глядзець і глядзець. Ніводная з гродзенскіх мечных ці сякерных школаў не вучыла вучняў чамусьці падобнаму.

Круціў крыж, біў ім з замаху і ўколам, падстаўляў яго акурат пад занесенае для ўдару дрэўца гізаўры*, і дрэўца ламалася, як саломінка. Побач з ім дзейнічалі і астатнія, — Акіла з разваротам кідаў воінаў ад сябе, — але ўсе глядзелі толькі на чалавека з крыжам.

* Гізаўра — нешта накшталт бердыша.

Ужо скруцілі ўсіх астатніх, ужо звалілі нават Багдана, які дзерся да фургона за шабляй, а Братчык усё яшчэ круціўся між тых, што нападалі, рыкаў, рабіў падманныя выпады, біў крыжам, нагамі, галавой. Урэшце, нехта кінуў яму пад ногі пятлю, і ён, не заўважыўшы, адступіў і стаў адной нагою ў яе. Вяроўку тарганулі, яна свіснула, і чалавек цяжка бразнуўся ўсім целам на крыж.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: