Шрифт:
— Не трэба, — сказаў раптам мяккі, вельмі багаты інтанацыямі голас з кута. — Адпачні, сын мой Мікіпар. Я схаджу сам. Мне трэба бачыць войта.
Ніхто не заўважыў, што ў цёмным кутку за сталом сядзеў над світкам Фларыян Басяцкі, і таму ўсе здрыгануліся ад нечаканасці.
Патаемны лыцар Езуса накінуў на галаву капюшон і не пайшоў, а паплыў да выхаду.
Праходзячы паўз Юрася, ласкава дакрануўся далонню да ягонай рукі. Знік. Братчыка перасмыкнула. Ён упершыню бачыў тут такіх людзей. Нібы нешта патаемна-нячыстае, халоднае, недаступнае ніякім страсцям, апаганіла руку. Нібы, прачнуўшыся ўначы, з жахам адчуў на ёй слізкі ход змяі.
— Ключ ад катоўні? — непаразумела спытаў Акіла. — Гэна… Яно, сказаць бы, нашто?
Пархвер усміхнуўся:
— А ты што думаў, дубовы ты друк, цябе сюды выпіваць прывялі? Дарэмна нябожчык, іх свяцейства Сікст, стварыў інквізіцыю? Ды ён за гэта ў лоне Аўраамлем.
— У лоне самога сатаны, — грымнуў Багдан. — Не смееце чапаць! Я беларускі шляхціц, а яны — мае сябры.
— Аднаго толькі не разумею, як людзі могуць цярпець такое, — ціха сказаў Іосія. — Ды яшчэ больш за сорак год.
Братчык упершыню за ўвесь час уважліва паглядзеў на хаўрусніка. Але глядзеў на яго і Пархвер. Ацэньваў.
Невялічкага росту, мо яшчэ і таму, што сагнуты, кволы на выгляд, але, відаць, учэпісты і выносны, як жмойскі конік, смешны, нават вельмі смешны. Кісці рук, аплеценыя вяроўкай, вузкія і доўгія. Твар худы і цёмны, валасы чорныя да сіні, нос прамы і нядоўгі, з лёгкай гарбінкай. Рот сціснуў, цёмныя вочы глядзяць дапытліва і змрочна.
— Адкуль у цябе такія думкі, іудзей? — спытаў Пархвер.
— Яны даўно ў мяне, тыя думкі.
— А чаму не носіш валасы, як усе?
— А чаму б мне насіць валасы, як усе, калі я цяпер зусім не як усе?
— Ну, глядзі. Усе вы тут цёмныя, а ты з гэтай прычыны яшчэ цямнейшы. Раз з гэткай шайкай звязаўся.
— Сам ты з хеўрай, — сказаў непапраўны Багдан. — Я дваранін.
— А вось пакаштуеце вы, як пашанцуе, цямніцы…
Шалфейчык раптам залямантаваў яловым голасам:
— Не бойся нічога, што табе патрэбна будзе зазнаць! Вось д'ябал будзе ўвяргаць… вас у цямніцу… і будзеце мець журботу…
— Ціха, — сказаў Юрась. — Не крычы ад жаху, браце.
Войт места Гародні, Цыкмун Жаба, нягледзячы на тое, што з канца сутычкі на Ростані не мінула і дзвюх гадзін, быў п'яны. З самага рання быў нападпітку, а цяпер яшчэ дабавіў раманеі. Тупое ганарлівае аблічча нібы раскісла, вочы глядзелі і не глядзелі, асалавелыя, быццам засцеленыя каламутнай плеўкай. Мясісты рот закасцянеў ад самаўзвышэння (яно заўсёды абвастралася ў п'яную гадзіну). Залатая чуга расхінулася, агаліўшы шырокія атлусцелыя грудзі, густа ўкрытыя воласам. Рукавы былі засуканыя, да локця адкрываючы рукі.
Гэтыя мясістыя рукі займаліся цяпер дзіўнай справай.
Амаль увесь невялічкі задні пакойчык, што межаваў з замкавай спачывальняй войта, займалі глыбокае крэсла і, перад ім, вялізныя начоўкі, сажні ў тры даўжыні, сажні ў паўтара шырынёю. Дно было пафарбавана плямамі ў чорны, зялёны, жоўты колеры. Над начоўкамі цямнеў вялікі круг: дно бочкі, роўна замураванай у сценку.
Рукі магнатавы бралі са скрыні нейкія невялікія прадметы і расстаўлялі на дне начовак.
Вось яны паставілі выразаную з дрэва белую Камянецкую вежу, на «поўнач» ад яе, наводдаль, Каложу, будынак курыі. Узвялі маленькія вежы замка. Потым, бліжэй да правай рукі, узніклі валы і будынкі, у якіх кожны абазнаны чалавек пазнаў бы Менск. Пасля апусціліся на дно начовак вежы Кракава, а яшчэ далей — карункавы Кёльнскі сабор.
Сталі на сваё месца, бліжэй да краю начовак, абацтва ў Кентэрберы і змрочны Дурбан Кастл. Далей, за паласою сіняй фарбы, Жаба паставіў прыступчатую юкатанскую піраміду і нешта накшталт пагады, паколькі на дне начовак там было напісана «Вялікае Чыпанга»*.
* Чыпанга, як называў Марка Пола, — Японія.
Ён не разбіраўся, дзе там што. Проста абазнаныя людзі шмат разоў паказвалі яму, дзе што павінна стаяць, і ён мог рабіць гэта нават п'яны, а значыцца, ва ўсіх гэтых ягоных дзеяннях было не больш ведання краін і цвердзі зямной, чым у пчалы, якая будуе соты, ведання геаметрыі.
Служка ўжо некалькі разоў гукаў яго. Жаба не звяртаў увагі.
— Вашамосць…
Маўчанне. Рукі цяпер ставяць на дно лясы. Шмат лясоў.
— Вашамосць, гэтыя… хадакі са Шчучынскага наваколля просяць падатак збавіць. Сорак два чалавекі па колькасці вёсак. Не ідуць прэч.
— І не думай. «Ідзі з падарункамі — і добра табе будзе», — сказаў Саламон. А я ў калегіюме вучыўся. Я трохі-трохі разумнейшы за Саламона.
Пасля на дне начовак з'явіліся ўжо хаткі, дамочкі, садкі, кароўкі і конікі на зялёных плямах.