Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

* На самой справе клады над Бяздонным возерам — унікальны старажытнаславянскіі могільнік V-ІХ стст. Падобнага яму бадай што і няма. Не курганы, а вострыя каменныя піраміды. Сведчанне высокай культуры. І яшчэ сведчанне чалавечнасці, таго, што і ў тыя часы любілі бацькоў і не хацелі для іх забыцця па смерці.

— Не ведаю. Нам было там хораша і спакойна. Захад. Чырвонае возера. Старажытныя камяні. Камашня таўчэ мак.

Мы развялі вогнішча. Я ўзяў нітку і гачок і рушыў да берага, каб спаймаць нешта. Але як толькі я падышоў да вады, я пачуў, што з возера імчыць густая лаянка, якая абражала і возера, і магілы, і гэты спакой.

…Непадалёку адзін ад аднаго стаялі два чаўны. Стаялі і, відаць, не маглі раз'ехацца, бо мярэжы іхнія зблыталіся і спляліся, а якраз у месцы спляцення білася вялізная рыба. Дальбог, я яшчэ не бачыў такой. Вялізны сом сажня ў паўтара — калі не ў два — даўжынёй. Відаць, ён заблытаўся ў адну мярэжу, пацягнуў яе, наскочыў на другую і зблытаў іх. Сом гэты біўся, раскрываў шырокі рот, плямкаў грыбамі, варушыў вусамі і вытрэшчваў маленькія вочы.

Братчык спыніў свой позірк на Жабе і ўсміхнуўся. Вельмі хітравата.

— З таго часу варта мне толькі ўбачыць тлустага дурня пры выкананні ім службы — і мне адразу ўспамінаецца гэты сом.

А ў чаўнах біліся і цягалі адзін аднаго за чубы людзі. У адным чаўне вось гэтыя два браты, а ў другім — гэтыя. Таксама браты.

— До, — сказаў Лотр. — Цяпер яны. Ты хто?

Наперад выступіў кучматы і зарослы чалавек з падступнымі вачыма забіякі, адзін з тых «рымскіх ваякаў», што дзялілі ля крыжа адзенне. У адным з куткоў рота — пагардлівая ўсмешка; тытунёвыя вочы нядобра бегаюць. На галаве, як ва ўсіх кучаравых, што ўвайшлі ва ўзрост, пачынае прабівацца лысіна.

— Лявон Конаўка, — з выхвальствам сказаў чалавек.

Ягоны сусед, падобны да яго, але яшчэ па-юначаму танклявы (ды яшчэ ў вачах, замест выхваляння і нахабства, баязлівасць), дадаў:

— А я яму брат. І нічога мы больш не рабілі. Мы рыбакі.

Камар, які зноў заснуў, раптам прачнуўся, спытаў:

— Па чужых стайнях рыбакі?

І тут выступіў наперад той, цыганаваты, з вугольнымі бліскучымі вачыма, са жвавым, як у малпы, абліччам, які так спрытна ставіў падножкі ў часе сутычкі.

— Па чужых стайнях — гэта быў я. Міхал Іліяш маё прозвішча.

— Ты — пасля, — сказаў Камар. — Не хвошчуць — не дрыгай нагамі.

— Гэта я разумею, — выскаліў зубы Міхал.

— Н-ну, браты… То з кім гэта вы біліся?

Два былыя «эфіопы» выйшлі і сталі побач з імі. Адзін, здаровы, як халера, тугі, з платаядным ротам і самовымі вочкамі — сапраўдны Гарганцюа, — сказаў басам:

— Я таксама рыбак. Лаўлю выразубаў, мірон, а асабліва самоў. Гэта калі іх вымачыць ды патлушчыць іхнім жа тлушчам, — ён прыклаў да вусоў пальцы, — м-м-нм… А прозвішча маё Сіла Гарнец… А ото мой нягожы братка. Такі няўдалы, што двухгадовага шчупака толькі з цяжкасцю з'есць. Зваць яго Ладысь.

Ладысь Гарнец выступіў наперад. Худы, вельмі падобны на дзяўчыну, з доўгімі рыжавата-залацістымі валасамі. Рот прыадкрыты, як у юрода, у вачах мудрагельства.

— Рыбак. Але ў ісціне хадзіць хачу. У ісціне.

— Вы не глядзіце, што ён такі… прыдуркаваты, — сказаў Сіла. — Ён два гады ў царкоўнай школе вучыўся. Выгналі. Мудрагеліць пачаў, прароцтвы чытаць… Сапсулі яго там… І зараз не сваімі словамі гаворыць, а не можа запомніць, у якім зарожку больш рыбы. А гэта проста… Вось, скажам, ля могільніка, там бялёзны — ані-ані…

— До, — сказаў Лотр.

— І балабы няма…

— Не рыбу, але будзеце ўлаўляць чалавекаў, — сказаў Ладысь.

— До. Кажы далей ты, Сіла.

— Ну вось, і атрымалася ў нас у той дзень з Конаўкамі бойка. Конаўкі ж таксама рыбакі, але горшыя. Сказаць, скажам, дзе ў нас там кляпцы водзяцца — гэта ім слабіна.

— Брэшаш, — сказаў Лявон Конаўка.

— Ваша правялебнасць, — сказаў Лотру Басяцкі, — хай бы ён і далей казаў. А то іншыя непрыдатныя. Адзін — трусік. Другі — рыбаед, і, як гаворыць, то рыбай нясе. А трэці — юрод не ад Пана Бога нашага.

— Ваша праўда, — сказаў кардынал. — Кажы ты, старэйшая конаўка.

Лявон выступіў наперад і абег усіх вачыма, ад якіх любой падножкі можна было чакаць.

АПАВЯДАННЕ ЛЯВОНА КОНАЎКІ

— Гэта ён брэша ўсё, гэты Сіла. Ніякага ведання ў яго нямашака. Дый як можа быць, калі ў яго галава, як у сома — самі бачыце, якія вочкі, — і калі ён толькі жарэ. Першыя рыбакі і на нашым возеры — вось я, Лявонька, а калі брат у розум увойдзе-ўбярэцца, то і ён будзе разумнейшы за таго сама. І мы заўсёды пану нашаму літасціваму, хаця ён і не ўтаропае нічога, але, папраўдзе, як то рабам шчырым належыць, па пісанню, больш за ўсё лепшай рыбы прыносім. А пан наш не схізмат які-небудзь, як мы, мужыкі-дураломы, бабовыя галовы, а высакародны Дамінік Акавіты, і дадзены яму, за рупнасць аб веры святой, лацінскі надпіс на шчыт: «Rex bibendi»*.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: