Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Дурніла ты, вось хто, — сумна сказаў Раввуні. — Галаву на плячах мець трэба, вось што.

Лотр паціснуў плячыма:

— Гэтыя людзі закаснелі ў паганскіх павер'ях сваіх і ў самай абрыдлівай ерасі. Хіба гэта хрысціяне? Адзінае, што вылечыць іх ад дысідэнцтва — ачышчальнае вогнішча… Ну, далей. Значыцца, іудзей пачаў божкаць аб рыбе.

— Але, — сказаў Іосія. — Я пакляўся Выйсцем, што з-за такога Левіяфана, можа, і варта было біцца і ён быў бы тут вельмі дарэчы.

— І тут я сказаў, што буйную рыбу мы аддаём пану. А іудзей сказаў, што ён заўсёды лічыў рыбакоў за разумных людзей і сёння ўпэўніўся ў гэтым. Тады гэты Братчык спытаў, нашто мы з-за панскай рыбы секлі свае мярэжы.

Толькі тут я апамятаўся, што і мярэжы пасечаныя не нашы, і чаўны патопленыя — ад пана. І, значыцца, чакае нас кум-бізун і сядзенне ў калодках ля царквы прынамсі на чатыры нядзельныя імшы, а можа, і нешта горшае.

Тут Ладысь загудзеў:

— Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!

І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.

— Наро-од, — кажа, — сядзець і слухаць і зразумець. Назад вам нельга… І таму ідзіце вы з намі, хаця, вядома, дурань у дарозе не набытак.

Мы зразумелі, што ўсё гэта праўда, сяк-так памірыліся, з'елі на знак клятвы трохі зямлі, калі ўжо нічога больш ядомага ў нас не было, і пайшлі з імі.

У горадзе між тым зусім не было спакойна, нягледзячы на тое, што ўсе даўно разышліся вячэраць. Заставалася якая гадзіна да захаду сонца, і ўсе, у каго было што есці, спяшаліся з'есці гэта пры дзённым святле: улетку варта загадвала гасіць агні разам з канцом прысмерку. «Гэта не зіма: дні доўгія, надвор'е сухое — ці доўга да начнога пажару».

У слабадах вяшчальнікі ўжо былі, і цяпер іхні крык раздаваўся на ўскраінах:

— Аг-ні гасіць! Пе-чы, лучні-кі га-асіць! Не спіць агоонь! Каганцы гасі-іць! Горны гасі-іць! Матка Бо-жая і святы Юры, злі-ітуйцеся з нас!

— …на-ас!

— …а-ас! — аддавалася недзе далёка, у ганчарным канцы.

Здавалася, павінна б быць цішыня, звычайная вячэрняя цішыня і мір. Але яе не было.

…Па Кавальскай, а потым па Мечнай вуліцах бег захэканы Кірык Вястун, грукатаў у аканіцы, біў нагамі ў дзверы і трубна крычаў адно і тое ж самае:

— Да замка! Да замка! Хрыста забіваць павялі! Забойства!

Калі б нехта глянуў з вышыні, ён бы ўбачыў, што па вуліцах, у розных канцах, мітусіцца некалькі такіх фігурак.

На Піўной кідаўся ад дзвярэй да дзвярэй Зянон:

— Людзі! Хрыста забіваюць! Хрыстос прыйшоў!

Крык каціўся вулкамі. Але рэдка-рэдка дзе расчынялася акно. Вуліцы, здавалася, вымерлі, безудзельныя ад адчаю.

Раўла на вуліцы Стрыхалёў дуда.

— На дапамогу! Хрыстос прыйшоў у Гародню!

У рэдкіх непрыкрытых аканіцамі шыбах дагараў крывавым святлом захад. Так слаба і неахвотна, так рэдка. Згасаў, як воля вялікага горада да ўставання. Яна ледзь тлела за гэтымі рэдкімі шыбамі. І лямантам у пустэлі былі крыкі, што глуха згасалі ў цяснінах вуліц.

— Хрыстос! Хрыстос з апосталамі прыйшоў у Гародню!

Кляонік і Марка лупілі ва ўсе дзверы Разьбярнага Кута.

— Людзей забіваюць! — крычаў Кляонік.

— Ну чаго там? — пытаў сонны голас з-за аканіц.

— Людзей забіваюць! Кажуць, Хрыста!

— А-а.

Першая зорка запалала ў празрыста-сінім небе.

Апошнія промні заранкі адбіваліся на руках Вуса, якімі ён грукатаў у дзверы. Рукі ў яго былі цяпер нібы з чырвонага золата.

— А-а. Тфу! Свінні сонныя.

Пабег, спатыкнуўся аб жабрака, які спаў на ўзбочыне.

— Хрыстос прыйшоў.

— Кінь, спаць хачу.

Гіаў Турай схапіў загрудкі чалавека ў багатай вопратцы, патрос. Ім аказаўся немец.

— Хрыстос у Гародні! Хрыстос уваскрэс!

— А-а, — сказаў немец. — Ён і ф мінулы гот такой ша штука фыкінуў.

— Тфу, каўбаса, — махнуў рукою Турай.

Згасалі верхнія вокны ў дамах. Безнадзейна згасала воля вялікага горада. І ўсё ярчэй у ліпеньскім небе разгараліся зыркія зоры. Ззяў золатам прыгажун Арктур, рассыпаліся ля яго валасы Беранікі.

Зіхацела на поўначы, зусім нізка ад далягляду, шматкаляровая Капэла, і беглі да яе паўз Альтаір і Дэнэб туманныя віхуры Шляху Продкаў. І тады, у адчаі ад таго, што нічога нельга зрабіць, што ўсе глухія ў гэтым горадзе, Кірык Вястун стаў перад парталам касцёла дамініканцаў і, узняўшы рукі ўгору, з апошніх сіл, непрытомна і раз'юшана залямантаваў:

— Хрыстос прыйшоў у Гародню!

Маўчанне. Касцёл, здавалася, падаў на чалавека. Высокі, да зор шпілямі. Цішыня. Больш на паўночны захад зіхацелі над самай зямлёй Блізнюкі — брат залаты і брат белы. Яны бліжэй адзін да аднаго, чым людзі. Або унь як цесна збіліся вакол Нявесты, вакол белай Нявесты*, яе жаніхі, два браты — плячо да пляча**, і іхні нізенькі сапернік***. Так блізка, як ніколі не бываць людзям.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: