Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

* «Кароль п'янюг», то бок распарадчык папоек, тамада.

— Гэтага можна б і пусціць, — амаль расчулена шапянуў Лотру Басяцкі. — Лепшы матэрыял. Богабаязны чалавек, паналюбівы і… дурны, хаця і хітры.

Лявон раптам ганарліва ўскінуў галаву: відаць, не вытрымаў, сарваўся, няхай і на шкоду сабе. Хітрыя вочы забіякі засвяціліся.

— Каму разбірацца сярод гэтага мужычча? Мне дваццаць адзін… Яны ўсе дурні… А ў нас у хаце сам кроль Аляксандр дваццаць два гады таму спыняўся і начаваў і ўсіх жыхароў яе ласкаю сваёй крулеўскай адзначыў.

— Чулі, што вярзе? — шапянуў Лотр Басяцкаму. — Вось вам і адпусціць. Хай лепей пісар занясе, акрамя багахульства, яшчэ і абразу нябожчыку каралю.

— Чаму? — шэптам спытаў Балвановіч. — Магло быць. Ён быў добры кароль. Нас любіў. Просты. І, між іншым, ніводнай бабы, нават з курнай хаты, калі толькі магчыма было, ласкай і прыязнасцю сваёй не абмінаў. Гэта вам не іншыя. І што дзіўна, самі бабы так да яго і ліпнулі. Можа,таму так мала і цараваў.

— Магло-о быць, — перадражніў Лотр. — Магло быць, ды не тут. Дзеці іхняе мосці зараз ледзь дзеўкамі цікавіцца пачынаюць… Колькі год, як кароль памёр? Ага. А цараваў колькі? Чатыры гады і восем месяцаў. То за колькі год да ягонага царавання гэты боўдур нарадзіўся? Магло-о бы-ыць.

Лявон Конаўка зразумеў, што рэкнуў лішняе. Тытунёвыя вочкі забегалі.

— То вось у той вечар мы з гэтымі непадобнымі, з мужалапамі гэтымі пабіліся. Сіла гэты як пачаў крычаць і торгаць за сетку:

— Мая мярэжа!

— Ты яе разблытай спачатку, тады ўбачыш — чыя! — крыкнуў яму я.

— Ён за мярэжу — торг! Я таксама — торг! Тады ён разварочваецца і мне па пысе. Аж дзень залатымі мухамі пайшоў.

— Гэта ў мяне… мухамі, — сказаў Сіла. — Бо ён мяне — таксама…

— А тады гэты вось юрод, прарок-недавучка, Ладысь, абразіць мяне вырашыў.

— Вочы ў цябе, — кажа, — у неналежным месцы.

Я яму таксама — плюху. Але ён, відаць, збаяўся мне адказаць. Ён Аўтушка майго схапіў. А той яшчэ ў розум не ўвайшоў.

— Ён мяне схапіў, — сказаў трохі баязліва Аўтух.

— Чую — чабарох! — гэта яны, значыцца, у ваду ўпалі. Мне глядзець няма калі — я Сілу ваўтужу. Толькі чую: хістаецца човен. Братка, значыцца, вызваліўся ад таго і вылазіць. Толькі потым адштурхнуў старэйшага Гарнца і… Што такое?… Малодшы Гарнец у маім чаўне сядзіць… А мой Аўтушок у Сілавым чаўне. Пераблыталі. Тут Сіла, пэўна, зразумеў: са мною яму не здужаць.

— Гэта ты зразумеў, — сказаў Сіла. — Куды карасю супраць ліна?

— Я тады размахнуўся ды гэтаму ягонаму Ладысю — балазе ён у маім чаўне — поўху. Гляджу — Сіла вачыма закруціў:

— Ах, ты майго брата?… Дык — на і твайму, — і як дасць Аўтушку. Той, бедны, аж зубамі ляснуў. Мне яго, канечне, шкада. Я шалею. Я тады зноў Ладысю як даўдаў. Крычу:

— Гэ, ты майго любага брата? Хай і твой атрымае!

— І твой!

— І твой!

І дайшлі б мы абавязкова да смертазабойства, каб браты не здагадаліся. Скокнулі яны ў ваду ды паплылі да берага, як, шануючы вас, дзве сучкі… А ўва мне аж усё заходзіцца. Аж сэрца кіпіць. Хапаю я сякеру. І Сіла сякеру хапае. І тут прыбавілася б у нас у галовах яшчэ па адной дзірцы, каб ён не спалохаўся.

— Гэта ён спалохаўся, — сказаў Сіла, — нібы рак у вершы.

— Не спалохаўся я. Я, калі я ў шал увайду, нічога не баюся. Тады мне не супярэч. Развярнуўся я ды сякерай па ягонай мярэжы.

— Брата майго — крычу, — біў. Вось тваёй мярэжы! Вось!

— І тваёй на! — крычыць ён.

Тут сеткі нашы пачалі раскручвацца. Гулькнула рыба, паказала нам хваста…

— Добрая штука самовы хвост, — крэкнуў Жаба.

— …дый пайшла да сябе. І тут я гляджу — стаіць Сіла, сагнуўшыся, хэкае і сваю мярэжу сячэ… Я — рагатаць… Але тут гляджу — і я ўвесь час сваю сек… Гляджу — гэны дурань гэта зразумеў ды раптам як дасць абухом у дно маёй душагубкі — аж вада засвістала. Чую — ногі амаль па калені ў вадзе. Тут я думаю: «Будзе мне — будзе і табе». Ды як вухну сякерай у дно ягонага чаўна — так і вываліў кавалак велічынёю з добрае сцябла*. Пайшлі нашы чаўны да азёрнага бога. І мярэжы з імі пайшлі, і, вядома, сякеры.

* Сцябла — вялікі латок з ліпы, на які ўкладаюць сетку.

— Бо яны не плаваюць, — растлумачыў Сіла.

— А мы па шыю ў вадзе. І тады мы паплылі на бераг. А там нашы браты сядзелі ўжо з гэтымі двума… І ўсё, можа, было б добра, калі тут Іосія пачаў божкаць аб рыбе, хаця і не ядуць яны самоў.

— Яны шчупака ядуць, — басам сказаў Сіла. — Хаця і нельга шчупака есці па духоўных прычынах, і хто яго есць, асабліва галаву, таго на тым свеце прымусяць дзярмо есці.

— Што ты там вярзеш? — спытаў Лотр. — Як гэта нельга есці шчупака? Якія гэта «духоўныя прычыны»?

— Хто шчупака есць, а галаву асабліва, той грэшнік горш за каталіка і ерэтык горшы за Лютара ў сарамаце сваёй, — сказаў Ладысь.

— Гэта яшчэ чаму, паганец ты?! — ускочыў Басяцкі.

— А таму, — навучальна сказаў Сіла, — што ў шчупаковай галаве ёсць усё начынне, якім Хрыста каралі. Косткі такія накшталт храшчоў. Тут табе крыж, тут табе цвікі, тут табе і дзіда. Дарма, думаеце, іудзеі так шчупака любяць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: