Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Жалезныя, з ігламі шлемы… Іспанскія боты… Іншае, невядомае.

…Сучасны чалавек, незнаёмы з сутарэннямі гестапа, асфаліі і іншых падобных устаноў, параўнаў бы ўсё гэта з кабінетам зубнога лекара і тым абрыдлівым пачуццём, той дрыготай, якую выклікала ўсё гэтае начынне ў дзяцінстве… Але гэтыя, па розных прычынах, не ведалі кабінета дантыста і таму параўноўвалі ўсё гэта з тым, чым яно і было, з катоўняй.

Нельга было паверыць, што такое можа быць між людзей.

…Братчык заплюшчыў вочы і з сілаю ўшчыкнуў сябе.

— Ты што, мазахіст? — спытаў кат.

Гэты голас вярнуў Юрася да прытомнасці.

— Не, — сказаў ён. — Я проста ўсмерчваю плоць… І заадно — веру.

Усё было на месцы. Гэта была праўда. І воласам няварта было ахвяраваць дзеля ўсяго гэтага быдла, на ўсёй гэтай паршывай зямлі. Хай бы сабе выдахлі.

— Гэ… гэта нашто? — спытаў у тузе Аўтух Конаўка.

— Нельга ж забіць падабенства Божае, — разважліва сказаў кат. — Трэба, каб яно раней перастала быць Божым.

«Падабенства Божае, — думаў Братчык. — Падабенства самога сатаны, вось што… Бруднае быдла… Не Садом і Гамору — усе гарады, усіх вас, усю зямлю трэ было выпаліць агнём і перасеяць новым насеннем».

Ён узняў галаву і аглядзеў усіх. Два-тры вартыя твары, дый на тых жах.

— Хай бы ж яно… гэна… Не хачу, — сказаў Акіла.

— Пачынай, кат, — скамандаваў Лотр. — Ну! Ці на прэнг, ці ў апосталы.

У крывавым святле твары іхнія былі, як пашчы саміх д'яблаў. І раптам з зарыва аддаўся гучны голас.

— І слухаць я вас не хачу, — сказаў Юрась. — Галасы ў вас д'ябальскія.

Жаба ўжо вярнуў сабе спакой.

— Брэшаш, раб. У начальных людзей д'ябальскага голасу быць не можа. Нават калі Ірад гаварыў у сінедрыёне — і то народ усклікаў: «Се голас Бога, а не чалавека».

Лявона Конаўку падвялі да прэнга і заламілі рукі назад. Прэнг зарыпеў і пачаў набліжацца да рыбака… «Як страла пад'ёмнага крана», — сказалі б вы… «Як прэнг», — сказалі б яны.

Лявон бегаў вачыма, у якіх усё яшчэ бачны быў, відаць, забыты, забіяцкі азарт. Забыты таму, што рот скрывіўся.

— Ды што там, хлопцы, — сказаў Конаўка. — Я што… Бадай што, і згодзен.

— І я.

— І я.

— Гэта… і я.

— А чаму б і не я?

— Гонар мне не дазваляе на хамскім тым прэнгу… І я…

Галасы гучэлі і гучэлі. І разам з імі пасялялася ў сэрцы пагарда.

— Вось і добра, дзеці мае, — сказаў дамініканец. — Бласлаўляю вас.

— Я не згодзен, — сказаў раптам Братчык.

Ён пагарджаў зараз гэтым быдлам аж да апошняга. Худоба, паршывыя свінні, жывёлы, чарвякі.

— Ведаю я: не еш вішні з папамі — каменьчыкамі закідаюць. Ведаю, як звязвацца з псамі Пана Бога. Я, калі пройдзе ўва мне патрэба, знікаць не збіраюся. Бадзяга я, вось і ўсё.

— Шкадую, — сказаў Басяцкі. — Кат, уздзейнічай на яго міласэрным перакананнем.

Біцца не мела сэнсу. Як на эшафоце. Потым будуць казаць, што баяўся, што кусаўся, як пацук.

Кат і трох падручных схапілі Братчыка, здзерлі з яго адзенне (корд адабралі раней) і прывязалі да кабылы.

— Які я пасля гэтага апостал? — плюнуў шкаляр. — Бачыў хто-небудзь з вас задніцу святога Паўлы?

— Па ўпартасці і цвёрдасці табе Хрыстом быць, — сарамаціў Лотр. — А ты замест таго вось-вось з хвастанай задніцай будзеш. Або ператварайся ў Бога, або лупцоўка да паўсмерці.

— Не хачу быць Богам, — праз зубы працадзіў Братчык.

Ён бачыў злосныя і перапалоханыя твары суддзяў, бачыў, што нават хаўруснікі глядзяць на яго няўхвальна, але яму была ў вышэйшай ступені ўласцівая тая ўпартасць і цвёрдасць, якая пасуе сапраўднаму чалавеку.

— Во асёл! Во анагр!* — сказаў Балвановіч.

* Анагр — дзікі асёл.

Маўчанне.

— Братка, — з годнасцю сказаў Багдан. — Я ганаруся табой. Гэта нам, беларусам, заўсёды шкодзіла, а мы ўсё адно… Галовы нам за гэта, выгаднае іншым, прабівалі. То няўжо адзін раз з а с я б е не можаш паступіцца. Гонар жа страціш. Кабыла ўсё адно, што голая зямля.

— Ведаць я вас не хачу, — прарыкаў Юрась. — Ведаць я гэтай зямлі не жадаю… Чалавек я… Не хачу быць Богам.

Басяцкі набожна ўзвёў вочы ўгору:

— Глядзі, каб суддзя не аддаў цябе… сам ведаеш каму, а… сам ведаеш хто… не ўвергнуў цябе ў цямніцу… Кажу табе: «Не выйдзеш адсюль, пакуль не аддасі і апошняга шэлега». — І зусім іншым, дзелавым тонам дадаў: — Евангелле ад Лукі, том дванаццаты, раздзелы пяцьдзесят восем, пяцьдзесят дзевяць…

— Гартань іхняя — адчыненая труна, — як падшыбленую, апусціў галаву шкаляр.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: