Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Усе, нават прарокі, хочуць жыць. І таму, калі з'явілася надзея на жыццё, захацелі жыць нават моцныя.

— Кінь, — сказаў Роскаш.

І нашто так мучыць людзей? — сказаў Раввуні. — Яны ж са скуры лезуць. Ты ж разумны чалавек, у школе вучыўся.

— Угаворшчык — угаворвай, — сказаў Камар. — Не, пачакай. Малітва.

Кат са свістам круціў бізун. Перад вачыма Братчыка раптам закачаліся маскі, клешчы, станкі, іспанскія боты, ціскі. І з гэтага шабашу даляцеў размераны голас. Кардынал чытаў, склаўшы далоні:

— «Апостала нашага Паўлы да рымлян пасланне… Будзьце ў міры з усімі людзьмі… Не помсціце за сябе… але дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: «Мне адпомшчанне, аз адплачу, кажа Пан Бог». Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі засмагнуў, напаі яго: бо, робячы гэта, ты збярэш яму на галаву разжараныя вуголлі…»

Разжараныя вуголлі шугалі ў жароўні. І паступова пунсавелі ў іх шчыпцы. Чакаючы ўсяго гэтага, Братчык рыхтаваўся ўхапіць зубамі скуру, што абцягвала кабылу. Ён глядзеў на маскі, карбачы і іншае і ўнутрана ўвесь сціскаўся.

Яны не ведалі, што ён можа сцярпець. Не ведалі, як можа валодаць сабой чалавечая істота… Яны нічога не разумелі, гэтыя жывёлы… А ён ужо столькі сцярпеў, столькі… А, ды што там!

Размерана жундзеў Лотраў голас. Аднекуль даляцеў свежы павеў.

— Слухай, — шапянуў Юстын, — кінь пароць бязглуздзіцу. Ты — мужчына. Але ж пасля цябе — возьмуцца за іх.

Юрась не адказаў. Адчуўшы павеў, ён узняў вочы і ўбачыў у акне, назнарок прабітым для катавальні, празрыста-сіняе неба і ў ім зорку. То белая, то сіняя, то вясёлкавая — яна гарэла ў глыбіні неба. Далёкая. Недасяжная для ўсіх. Божы ліхтар, як казалі гэтыя лемуры, што зараз у імя Бога… Што ім карысці ў Божых ліхтарах? Вось будуць катаваць і іх. Нашто?

Шкадоба за іх, змешаная з жалем да сябе, авалодала ім. Нашто? Хто ўведае, што тут здарылася? Хто ўведае, якія былі ягоныя, Братчыкавы, апошнія думкі? Здохне. Згіне. Пойдзе ў яму. І адметныя думкі разам з ім. Нашто гэта ўсё, калі ўсё адно незваротна закінуты ў жыццё, на ледзяную самоту, паміраць будзеш сярод гэтых людзей? Сярод іх, а не сярод іншых. Гэта толькі кажуць, што «нарадзіўся», што «прыйшоў не ў свой век». Куды прыйшоў — там і застанешся. А каб перанёсся ў другі, — і там іншае, і там будзеш чужы… Трэба быць, як яны, як усе яны, раз ужо трапіў у гэткую саладуху. Тады не будзе нясцерпнай духоўнай, тады не будзе фізічнай пакуты.

Здаючыся, ён панікнуў, забыў аб усім, што думаў. І адначасова ў яго сам сабою падабраўся голы зад. Як у раба.

— Гэй, кат, — раптам сказаў Братчык вельмі «звычайным» голасам. — Штосьці мне тут ляжаць абрыдла. Ногі, разумееш, пацерплі. Рукі, разумееш, перацягнулі, халеры. Ну, чаго там з-за дробязаў, з-за глупства. Ладна. Апостал дык апостал.

— Хрыстом будзеш, — сказаў Камар.

— Не. Апосталам. Адказнасці меней.

— Хрыстом, — з пагрозай сказаў Лотр.

— Ды я ж недавучка!

— А ён, цесля, думаеш, што ўніверсітэт у Саламанцы скончыў? — усміхнуўся дамініканец.

— Ды я ж чалавек! — таргаваўся шкаляр.

— А ён? Памятаеш, як у Лукі Хрыстова радаслоўная заканчваецца?… «Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Богаў». І ты ад Адама, і ты ад Бога. Семдзесят шэсць пакаленняў між Хрыстом і Богам. А ўжо амаль тысяча пяцьсот год з Галгофы мінула. Значыць, з таго часу яшчэ… колькі пакаленняў прайшлі. Значыць, ты больш высакародны і род у цябе больш старажытны. Зразумеў?

Гэты бацька будучых езуітаў, гэты сябра Лайёлы плёў сваю казуістыку нават без усмешкі, дакладна, як павук. Ён і блюзнерыў з адчуваннем, што гэта неабходна справе. І гэта было глупства, але страшнае глупства, таму што яно мела падабенства праўды і логікі. Жахлівая машына ваяўнічай царквы, усіх ваяўнічых цэркваў і ордэнаў, колькі іх было і ёсць, стаяла за гэтым няспешным пляценнем.

— Зразумеў, — сціснутым голасам сказаў Братчык. — Адвязвайце, ці што.

— Ну вось, — прымірэнча сказаў Лотр. — Так яно лепей. Праўда і талент — гэта зброя слабых. Таму яны яе і патрабуюць. Ды яшчэ і з дурной стойкасцю.

Адвязаны Братчык плюнуў.

— То ж бо вы, моцныя, закруціліся, як на патэльні.

— Нічога, — паблажліва сказаў Лотр. — Думай, што хочаш, абы танцаваў па-нашаму, пан Хрыстос.

Між тым брама дагарала. Пунсавела разжараная бронзавая луска. Палавіны амаль абваліліся. Сычэў жар, на які лілі ваду.

— Малімончыкі, — нявесела жартаваў Кляонік. — «Хрысто-ос! Хрысто-ос!» Калі вы ўжо так верыце, што Хрыстос, то чаго вы пяткі свае парэпаныя падсмаліць баіцеся?

— До ўжо табе, — змрочна кінуў Гіаў Турай. — Спадзявацца — яно трэба, але волю Божую выпрабоўваць — справа апошняя.

За брамаю ўсё яшчэ шалёна ляскалі мячы. Варта, закутая ў сталь, гінула, не пускаючы абложнікаў з муроў.

— Пайшлі! — сказаў каваль.

Мяшчане з бервяном рушылі проста ў пару і дым. Ударыла ў агонь бервяно. Узвіўся фантан іскраў. Паляцелі галавешкі і вуголлі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: