Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Няма, браток, у прыгажосці смяротнага грэху. Дый увогуле, што такое плоцкі грэх?

Ён махнуў рукою:

— Няма ў жаночых абдымках нічога грахоўнага. Глядзець не грэх — і ў чалавека ёсць вочы… Цалаваць не грэх…

Маладыя зарагаталі.

— Чаго рагочаце? Праўда. Каб Бог прадугледжваў манахаў — ён бы прадугледзеў дзеля гэтай мэты і людзей з пэўнай вадай. А раз гэтага няма, то, значыцца, лухта гэта ўсё.

Братчыку абрыдлі п'яныя пацалункі Грыня, ён адвязаўся ад яго, кінуў кампанію і пачаў спускацца з гульбішча, мяркуючы схавацца недзе ў царкоўным бабінцы і падумаць. Ён чуў крык натоўпу за мурамі, захоплены галас, бачыў праз байніцы, як плыве ў храм людская рака, чуў звон грошай на блюдах.

Але нават у бабінцы, калі ён спусціўся туды, яго не чакаў спакой. У бабінцы кіпела дзікая бойка. Ён спыніўся, уражаны.

Ля муроў стаялі скрыні з грашыма. Па вузкіх жолабах плылі і плылі струменьчыкі золата, срэбра, мужыцкай медзі, падалі ў місы і карцы (відаць, грошы ссыпалі з блюдаў там, за мурам, проста як хлеб у засекі).

Ніхто зараз не зважаў на тыя грошы. Між скрынямі, топчучы манеты, звіваліся захеканыя людзі ў белых францысканскіх, бурых дамініканскіх і іншых расах. Гваздзілі адзін аднаго вяроўкамі, што звычайна апаясвалі чрэслы, білі ў сківіцы, па галаве, пад дых.

— Мы гадзіну толькі стаялі!

— Дамініканцам места саступай, бабздыр ты!

— Дысідэнт, свалата!

— На табе, на!

Кагосьці выкінулі ў акно, нехта літаральна ўзляцеў над натоўпам і, два разы перакруціўшыся ў паветры, вылецеў праз парэнчы кудысьці ў сутарэнне… Ніколі яшчэ не даводзілася Юрасю бачыць такой бойкі.

Пахла зверам.

Шкаляр паківаў галавою.

— І стварыў Пан Бог чалавека па вобразу свайму, па вобразу Божаму, — сумна сказаў ён. — І ўбачыў Бог, што гэта добра.

Ён махнуў рукою і рушыў на гульбішча. Можа, хаця на вежы можна будзе схавацца ад усяго гэтага.

Лотр выпадкова скочыў з каня побач з Анеяй і толькі тады заўважыў яе. Павільгатнелі вочы. Дзяўчына не заўважыла яго, усё яшчэ пільна глядзела на зубцы, каб хаця не прапусціць. Але пільны позірк чалавека яна ўрэшце адчула… Павярнулася — і тут у вачах нібы плескануўся цень сполаху, змешанага з піетэтам.

— Я зноў не бачыў цябе ў дамініканаў на споведзі, дачка мая, — мякка сказаў ён.

— Я спавядаюся ў сваёй слабадзе, ваша правялебнасць, — апусціла яна вейкі. — Вы занадта добры, калі заўважаеце такую нікчэмную істоту, як я.

— У Бога няма нікчэмных. І калі я нагадваю…

— Вы — вялікі чалавек.

— …Калі я нагадваю, каб спавядалася там…

У дзявочых вачах з'явілася раптам нешта цвёрдае. Варухнуліся вусны.

— Бог паўсюль.

— І ў схізмацкай малельні?

— Што ж, калі ён захоча — ён пойдзе і туды. Ён — там. Ён ужо выходзіў адзін раз. І вы самі сказалі, у Бога няма нікчэмных…

Супраціўленне трохі ўзбуджвала і раздражняла. Ноздры Лотравы задрыжэлі.

— Глядзі, я нагадваю.

«Магдаліна» загадала служку трымацца таго месца, дзе спешыўся кардынал.

— Лягчэй знойдзеш.

Папраўдзе, ёй трэба было прыгледзецца да дзеўкі, з якой так доўга і так падазрона размаўляў патрон. Не сыходзячы з мула, яна глядзела, ацэньвала і адчувала, як варушыцца недзе пад душою раўнівае хваляванне. Пляваць ёй было на абдымкі гэтага чарговага, але з ім было спакойна. І яна, на жаль, вельмі хутка звыкала. І ёй, на жаль, кожны раз здавалася, што вось гэта не… надоўга (яна баялася слоў «стала», «заўсёды» і амаль успамінала, што ёсць слова «давеку»). Кожны, хто даваў ёй на пэўны час трываласць і ўсё, што звязана з гэтым (грошы былі дзесятай справай, хаця гэты і плаціў добра), выклікаў у яе душы прыязь і нават нешта падобнае на жаданне быць з ім.

І вось — гэтая. А можа, яшчэ і нічога? Можа, абыдзецца?

На сходах кардынал сутыкнуўся з Балвановічам. Чырвоны, хістаецца — чорт ведае што. І раптам, калі Лотр запыніў яго, — з-пад п'яных броваў Рыгора Гародзенскага нечакана цвяроза бліснулі мядзведжыя вочкі.

— Рык чуеш? — спытаў Лотр.

— Адверз Пан Бог вушы мае.

— І што?

— Мяркую, сільненькі наш злодзей робіцца.

— Мм… але. Вось табе і лялька. Два гэткія цуды. Вось выйдзі зараз на муры крыкні супраць яго. Што будзе?

— Гэта ты выйдзі. Ты што, апошні аплот усходняга праваслаўя ў Гародні знішчыць хочаш? Гэта ты — пачакай.

Лотр махнуў рукою, пайшоў. І ўжо каля самага забрала ўбачыў, як сядзіць на выступе мура і думае пра нешта Басяцкі.

— Н-ну?

Шэрыя ў прозелень, плоскія вочы праезуіта паказалі ў той бок, адкуль ляцеў шум чалавечай гурмы.

— Т-так… ён дзе?

— Варта даносіць: па забрале ходзіць, з другога боку вежы.

— Сіла?

— Д-ды… с-сіла. Гэта трохі больш, чым тое, на што спадзяваліся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: