Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Н-ну, нашы.

— То прасцей, відаць, было б, каб гэта вы людзей нагадавалі.

— У нас нямашака, — кажа хлебнік. — Евангеллем святым клянуся.

— Ды яны ў нас пустыя, хоць ты сабак ганяй.

— Добра, — кажа Братчык. — Што ў вас ёсць, людзі?

Пашукалі ў натоўпе. Урэшце кажуць:

— У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.

— Вось і добра, — усміхаецца шкаляр. — Вось мы іх зараз і парэжам. А каб не бачылі вы на свае вочы Божага дзіва, мы зробім так. Ты, Тумаш, вазьмі трохі апосталаў і дзве рыбіны, ды ідзіце ў тыя дзверы (вось я іх бласлаўляю). А я з шасцю хлеб вазьму ды пайду сюды… А вы, людзі, ставайце ў хвост, не штурхайцеся, без чаргі не лезьце, хопіць на ўсіх. А хлеб і рыбу падаем праз акенца.

Хлебнік з рыбнікам кінуліся былі да яго. Той голас узвысіў так, што глядзець на яго страшна стала.

— Чаго вам? Людзі, вы ўсе чулі! Гэтыя евангеллем кляліся, што ў іх там пуста. То чаго шкодзіць вам свой хлеб атрымаць?

Толькі мы і чулі, як шыпеў хлебнік ля сваіх дзвярэй.

— Нельга сюды. Канкурыруеш, пан Езус.

Натоўп насунуўся бліжэй. І тут залямантаваў ля сваёй крамы рыбнік:

— Па жаданні веруючых цуду не будзе!

Але іх адцерлі ўжо. Хрыстос твар свой амаль да самых вачэй рыбнікавых прысунуў:

— Ану, ляці адсюль!

Той не хоча.

— У вас жа там нічога няма? — зноў спытаў Хрыстос.

— Н-ну.

— Тады ізыдзіце…

І пацяклі натоўпы. Дзве вялізныя змяі чалавечыя. А мы падавалі і падавалі праз акенцы хлябы, вэнджаную і салоную рыбу, мяхі з сухарамі і збожжам.

Пазней сказалі нам, што хлебнік з рыбнікам спалохаліся, што разарве іх галодны натоўп, але да самага канца глядзелі, як гэта можна з пустых складаў дзвюма рыбамі і пяццю хлябамі нагадаваць увесь горад. Надта гэта ім цікава было.

І нібыта хлебнік сказаў:

— Гадавец! А яшчэ Хрыстос. Ці Хрыстос бы так зрабіў?

А рыбнік нібы адказаў яму:

— А я здзіўляўся яшчэ ў царкве, якія гэта дурні крычалі: «Распні яго!» Дур-рань стары!

І нагадавалі мы тымі хлябамі і рыбінамі ўвесь горад, і ў запас людзям далі, і самі наеліся так, што лоб і жывот былі аднолькавай цвёрдасці. Ды яшчэ і засталося дванаццаць кашоў аб'едкаў.Адно насцерагала. З моманту гэтага большасць «апосталаў» адчула смак у салодкім жыцці і страціла адвечную пільнасць валацуг. Яшчэ б, то кралі, а тут самі нясуць табе. І нікуды не трэба ўцякаць, і тут добра, а катавальня — гэта нешта далёкае. Лявон — Пятро нават блюзнерыў, гладзіў сябе па пузе і ўздыхаў: «Царства Божае ўнутр мяне ёсць». А як Братчык сказаў яму, што не скончыцца гэта дабром, ён яму кінуў: «Уцякаць не ўздумай. Выдадзім. Тут грошай — рэкі». І як ні казаў Іуда, што разумны чалавек даўно б падумаў, як адсюль навастрыць лыжы, — ніхто пра гэта сур'ёзна не думаў, бо рэдкая гэта з'ява на зямлі — розум.

Што ж датычыцца мышэй, дык яны сапраўды пайшлі з горада. Моўчкі стаяў натоўп. У адчыненую браму ветрам несла смецце і пыл. І вось з'явіўся ар'ергард* мышынага войска.

* Відаць, трэба: авангард (рэд).

А потым пайшло і пайшло. Перапэцканая, трывожна-маўклівая рака.

Ішло войска. Запаланяла браму, плыло, рухалася. У нейкі свой апошні паход…»

РАЗДЗЕЛ ХІІІ ВЯЛІКАЯ БЛУДНІЦА

І цары зямныя любадзейнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагацелі ад вялікай раскошы яе… выйдзі ад яе, народ мой, каб не ўдзельнічаць вам у грахах яе і не зазнаць язваў яе… Колькі славілася яна і раскашавала, столькі аддайце ёй у адплату пакут і горкіх нягодаў.

Апакаліпсіс, гл. 18, ст. 3, 4, 7

Поп быў не дурань выпіць — анягож.

Чосэр, «Кентэрберыйскія апавяданні»

У невялічкім пакоі новага дома на Старым рынку сядзелі тры чалавекі. Сядзелі і маўчалі. І маўчанне тое цягнулася, відаць, вельмі даўно, бо відавочна гняло іх.

Гэта быў дзіўны пакой, не падобны на ўсе іншыя багатыя пакоі Гародні, скляпенчатыя, з маленькімі акенцамі. Тут вокны былі шырокія і вялікія, забраныя кутымі танюткімі кратамі. Ніхто і не падумаў бы, што гэтыя краты ад злодзея або віжа, так яны нагадвалі карункі або сплеценыя кветкі.

Столькі ранняга цёплага сонца лілося ў вокны, што ўвесь пакой аж плаваў у святле.

Безліч кніг на паліцах, стале, у разьблёных скрынях і проста на падлозе; чучалы жывёл і вясёлкавых птушак, скураныя папкі з гербарыямі, дзве дубовыя шафы з мінераламі, кавалачкамі дрэва і тарпы. За адчыненымі дзвярыма ў суседні пакой цьмяна свяцілася зорная сфера, блішчэлі шклянымі бакамі колбы і пузатыя бутэлі, грувасціліся ціглі, стаяў перагонны куб.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: