Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Нашто гэтаму махляру спатрэбіўся вялікі майстра?

— Не ведаю, — глыбокім голасам сказаў «пожаг». — Але нешта ва ўсім гэтым ёсць. Пасобнік гэтай навалачы, бадзяга, ведае пра чалавека, што «ведае больш за ўсіх».

— Нешта ёсць, — сказаў Кляонік. — А можа, мы не дарэмна адбівалі яго? Буду глядзець… Буду вельмі пільна прыглядацца да яго.

— Чаму? — спытаў Бекеш.

— Мне цікава.

— Гэтага досыць, — сказаў Бекеш. — Але ён ведаў, што гэты чалавек мог спускацца на дно, але не адкрыў гэтага людзям, бо яны ператварылі б гэта ў зло. Адкуль ён ведаў, што гэты чалавек завяшчаў людзям лётаць, а ў яго ўменні жывапісаць было нешта боскае?

— А можа, мы мелі рацыю, калі гаварылі пра край за морам, дзе людзі ўжо ўмеюць лётаць? — спытаў Крыштофіч.

У гэты момант крык за вокнамі перарос у лямант і ў трубы архангельскія. Здавалася, вось-вось расколецца сама зямля.

На гульбішчы з'явіўся чалавек у хітоне і стаў падымацца на вежу.

— Божа! Божа! Божа! Ратуй нас!

— Адпусці нам грахі нашы!

— Ад кіпцяў д'яблавых, ад пекла ратуй ты!

— Божа! Божа!

Чалавек стаяў на вежы, і сонца гарэла за ягонай спіной. Сляпіла вочы людзям, што цягнулі да яго рукі.

На Кашпаравых вуснах з'явілася саркастычная ўхмылка. Юнак паказаў падбароддзем на вежу.

— Гэты? Адтуль? Ну ўжо не. Хутчэй я сам адтуль. А гэтае кажановае адроддзе, калі і пытала пра майстра, то напэўна, каб паспрабаваць… а можа, і ягоныя механізмы могуць памагчы яму ў круцельствах. Абакрасці, а тады, магчыма, і самога святой службе выдаць.

Крыштофіч пахмурна буркнуў:

— Святая служба ўжо не страшная вялікаму майстру… Вялікі майстра памёр…

Хрыста не трымалі ногі. Ён сеў на каменны прыступак проста перад Лотрам і вартавым.

— Памёр? — разгублена спытаў ён. — І зусім нядаўна?

— Памёр, — паўтарыў вартавы. — Яны кажуць: «Вымушаны быў кінуць радзіму і памёр на зямлі найхрысціяннейшага, святому падобнага, дбайніка аб веры, кроля Францішака французскага».

— Памёр, — нібы сцвердзіў шкаляр. — А як жа я?

— Што як жа вы? — сурова спытаў Лотр.

— Ну вось… адзіны чалавек, дзеля каторага мне трэ было ехаць у Рым. І як цяжка, пэўна, было яму паміраць… Адзін. Такі высокі розумам, што з усімі яму было сумна.

Ён глядзеў нібы праз субяседнікаў, праз горад, праз увесь свет, і вочы ягоныя былі такія адсутныя, такія «д'ябальскія», як падумаў Лотр, такія нечалавеча самотныя, што двум другім стала страшна.

— Куды ты глядзіш? — спытаў Лотр. — Дзе ты? Што бачыш?

Той маўчаў. Толькі праз некалькі хвілін прытомнасць нібы стала вяртацца ў гэтыя вочы разам з ледзяным холадам і ледзяною самотай.

— Нікуды, — саркастычна адказаў ён. — Нідзе. Нічога.

На твар ягоны зноў нібы лягла круцельская злая маска:

— А нічога… Заставацца… Хіба я не такі, як усе, каб чакаць яшчэ і лепшага? Каб спадзявацца? Такі… І нічога не патрэбна было… І куды я цягнуўся, шукаючы ісціну?… І чаму патрэбная яна была?

— Ён беснаваты, — шапянуў вартавы.

— Маеш рацыю, — ціха сказаў Лотр.

Шкаляр пачуў:

— Не, я не беснаваты. Я такі, як усе. І так буду жыць. Патроху цягнуць час. І памру, як ён, не дачакаўшыся. З цяжарам непатрэбных ведаў, па неабходнасці навучаны хлусні. Інтрыгам. Воўк сярод ваўкоў.

— Пане Божа, — схіліўся Лотр, — плюньце вы на гэтыя думкі. Народ ужо ледзь не цэлую варту гарлае і кліча. Пакажыцеся яму. Ён прагне вас бачыць.

Шкалярова аблічча раптам стала адчайна-злым і нібы нават вясёлым.

— А чаго? Хадземце, ваша правялебнасць. Будзем ламаць кумедзь.

— Што вы? Якую кумедзь?

— Ну, звычайную. Зямную. Чаму не ламаць?

Вартавы адышоў, і тады Братчык зашаптаў з вясёлай злосцю:

— Чаму не махлярыць? Чаму не закахацца? Чаму не пусціцца ў распусту, махлярствы? Чаму не скінуць рымскага папу? Усе папы на сваім месцы, а лепшых не відаць.

Лотр усміхнуўся:

— Вы паразумнелі.

— Я даўно разумны. Я — сын бацькоў са знішчанага пачынка, я — шкаляр… Бадзяга… Камедыянт… Правадыр хеўры. Іншага імя ў мяне няма… Ерэтык у катоўні… Хрыстос… Бліскучае ўзыходжанне. Лепей, чым агароднік… Ва ўсякім разе, варта паспрабаваць. Я ж магу ўсё. Нават злачынствы рабіць.

Кардынал з павагаю схіліўся перад ім:

— Ідзіце пакуль адны, пане наш… Я хутка таксама падымуся.

Братчык рушыў на вежу. Кардынал праводзіў яго вачыма і пайшоў шукаць Басяцкага.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: