Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— А-а, Езусе літасцівы, — ён ледзь трымаўся на нагах. — Во дзе сустрэліся! Дазвольце рончку. Я ж, можна сказаць, твой Ілія. Той, пра якога яшчэ Ісайя казаў: «Голас, што лямантуе ў пустыні». Я… — і тут ён змаху чабарохнуўся ў вялізную лужыну, — Іаан Ксціцель.

— Што гэта за свіння? — грэбліва спытаў Тумаш.

— Ілія, — сказаў Братчык. — Які папярэднік, такі і месія.

— А я ж… падрыхтаваў шлях твой перад табою.

Фама — Тумаш падміргнуў. Сіла — Якуб і Лявон — Пётр схапілі папярэдніка за рукі і павалаклі. Ён араў нагамі зямлю, робячы дзве баразны:

— Не пазнаеш? Адракаешся? А я ж цябе ў Ярдань мачаў! Ну пачака-ай! Прарочыў я! Зведаеш ты цяпер мае прароцтвы! Голас Божы быў у тых начных людзей. Чакаай!

Юрась плюнуў і рушыў далей.

Калі ўсе яны зварочвалі з Мечнай вуліцы на вуліцу Абдзёртага Бабра, насустрач ім трапілася два дзесяткі коннікаў у чырвоных плашчах: замкавая варта. За імі цягнулася вельмі абдзёртая закрытая карэта, запрэжаная парай добрых белых коней.

Хрыстос не звярнуў на іх увагі. Яму было не да таго.

…Праз некалькі гадзін яны сядзелі ў Юрасёвым пакоі і спрачаліся. Спрачаліся зацята.

— Ажэніцца ён, — іранізаваў Лявон — Пётр. — Не паспеў з'явіцца пан Езус, як ён, ці ведаеце, ажэніцца, — тытунёвыя Лявонавы вочы бегалі. — Ясна, што тут такое: шлюб пад плотам, а вяселле — потым.

— Я табе, Лявон, зараз дам па тваёй апостальскай лысіне, каб языка свайго атрутнага пазбавіўся, — спакойна сказаў Юрась.

Конаўка згубіў раўнавагу. Заенчыў ледзь не з адчаем:

— Ды ты разумееш, што гэта такое будзе, тваё вяселле? Ты ж адразу як Хрыстос ляснешся. Ты ж сам нядаўна казаў, што будзеш плысці, як лёс нясе, узвышацца, уладу браць, грошы браць. — І перадражніў: — «Раз ужо застануся ў гэтым гноі, ра-аз усе гэтыя свінні».

— Учора думаў, — сказаў Братчык. — А сёння брыдка мне.

— Яна Ксціцеля памятаеш? — нервова спытаў гарбаносы мытар. — Зладзеі мы. Нельга спыніцца, раз трапілі, як сучка ў кола. Вішчы ды бяжы. Спынішся — яны табе прыпомняць, што ты і хто ты. На прэнгу ўспомняць, якое яно, увазнясенне ды ў неба ўзяцце. Люд цябе на шматкі разарве.

— Як хочаце, — упарта сказаў Хрыстос. — Я павінен…

— Перад кім? — залямантаваў яловым голасам Якуб Алфееў. — Перад дзеўкай той? Ды спі ты з ёй, колькі хочаш — слова ніхто не скажа. Бласлаўляць цябе стануць, стопы цалаваць. Ёй, думаеш, нешта іншае трэба? Ты — Бог.

— Дзеля яе…

— А пра нас забыў?! Зноў на дарогу?! А жэрці што?!

— Аўтух — Андрэй па-дурному зазваніў у кішэні грашыма.

— А, грошы, — успомніўшы, сказаў Хрыстос. — Вось тут кожнаму па чатыры залатых… І мне тое самае… Я сабраў.

І тут выбухнулі страсці.

Братчык ніколі не мог уявіць, што дзесяць чалавек могуць так крычаць.

— А пасля што? Гэта на ўсё жыццё?

— Яшчэ каб казну ўзяць, коней накр… намяняць, дык тады нічога. А тое… чатыры манеты.

— У мяне гэта самая ўдалая роля, — рыпеў Баўтрамей. — Плацяць як ніколі.

— Пашанцавала так, — галава на блюдзе варушыла тоўстай верхняй губой. — А табе чаго яшчэ трэба?! Наракальнік ты! Еўнах!

— І я!… Гэна!… Як яго!… Яно!… Ну, таго!!!

— Каханыя, — супакойваў жанчынападобны Іаан. — Нашто ісці? Ён не думае. Добрае робіць свету і сабе.

Ад гвалту барабаніла ў вушах.

— Цыц! — гаркнуў раптам няверны Тумаш. — А я згодзен з ім. Дзеля гонару.

— Разумны чалавек, — сказаў Раввуні і пахваліў сябе, не ўтрымаўся: — Амаль як яўрэй.

— Дык што ты яшчэ вякнеш? — пагрозліва спытаў у Пятра Хрыстос.

Той, унікаючы позірку, глядзеў у акно.

— А ты падумаў, Лявон, на які ты час — Пятро? — сказаў Юрась. — І ты падумаў, што пакуль ты патрэбен — у цябе грошы, а калі ты не будзеш патрэбен — у цябе не будзе не толькі грошай, а і галавы…

— А ты падумаў, Хрыстос, — засычэў раптам Пётр, — што гэта адзіны раз лёс дае ў рукі такі козыр? Што не яны табе, а ты ім можаш знесці галаву? Што працягні ты руку, і Гародня — твая… Беларусь — твая… Жмойская зямля — твая… Падляшша — тваё… Каралеўства — тваё… Палова зямлі — твая. І ты ж сам яшчэ нядаўна згаджаўся на гэта, здаецца? Што яны могуць?! А ты можаш усё.

— Ведаю. Мог бы. Але гэта шмат намаганняў… Палова жыцця… Адна гадзіна змяніла ўва мне ўсё. Я не хачу губляць не толькі што паловы жыцця, а і ніводнай хвіліны. А калі не аддаць гэтаму ўсяе сілы, хітрасці… подласці — гэта скончыцца не панаваннем, а плахай.

— З-за дзеўкі залатую раку губляеш, — Жарнакрут — Баўтрамей распусціў рот-зашмаргу. — Дзеўку яму трэба.

— Няладна, — сказаў Тумаш. — Ну і дзеўку.

— Мілы, — са здзеклівай пяшчотай сказаў Іуда, — у савана няма кішэняў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: