Шрифт:
— Віна… Вячэраць.
Гэта было добра. Значыцца, галава раздумаў ісці з горада на галодныя і пыльныя дарогі. Раздумаў, прынамсі, на некалькі дзён.
Апосталы радаваліся. Але, з другога боку, словы Юрася аб небяспецы і магчымай пласе ўсё ж запалі ім у вушы, дый Фама, пасля адыходу Хрыста з Іудам, добра такі ўклаў усім розуму ў галаву. Княства княствам, а сваё жыццё даражэй.
І вось таму яны зараз і радаваліся, што застаюцца, і адначасова пабойваліся і хацелі пайсці і знікнуць.
Тумаша не было. Даведаўшыся, што будзе віно і вячэра, ён спытаў у Хрыста:
— Дзевак хіба паклікаць?
— Дзеля сябе і іншых — як хочаш, — думаючы пра нешта другое, сказаў ілжэ-Хрыстос.
Фама крэкнуў з многім значэннем, але той не раззлаваўся, і шляхціц, зразумеўшы такі стан як згоду, пашыбаваў у горад раскідаць свой брэдзень.
І вось усё было падрыхтавана ўжо, а яго не было, і ўсе моўчкі чакалі, і толькі Іуда ў куце пра нешта такое шаптаўся з Хрыстом:
— Ну, і што ты думаеш рабіць?
— Пэўна, чакаць. Сюды, можа, дойдуць звесці, а там… голка ў стозе.
— І я-ткі пайшоў бы.
— Іосія, мілы. Што я магу ведаць? Я нават не ведаю, а можа, яна сама пайшла ад мяне? Можа, яна зразумела ці нехта адкрыў ёй вочы? І вось… не сцярпела падману, прыніжэння, таго, што сама кінулася.
— А можа, ёй зараз так кепска, што… Можа, чакае паратунку?
— А можа, шчаслівая, што мяне няма.
— Гм, рацыя, — сцвердзіў Іуда. — І, аднак, думаць трэба. Шукаць. І заўваж, тут шукаць непрытульна. І можа прыйсці час, што ты не здолееш і думаць. І я не здолею думаць. Чаму? Таму што думаць можна, калі ёсць чым думаць, а калі чым думаць няма, то і думаць няможна. Скажу толькі адно, каб табе, можа, было лягчэй. Што можа зрабіць Іуда? Ён можа кінуць друга? А друг кінуў яго аднаго ў Слоніме? Ці ён можа, каб сябра павесілі?
У гэты момант адчыніліся дзверы, пачуўся вясёлы рогат і віск, і ў пакой пачалі плысці, не датыкаючыся нагамі зямлі, дзеўкі.
Адна, дзве, тры, чатыры, пяць… За імі з'явіўся, сапучы, наліты крывёй, шчакасты Багдан Роскаш. Дзеўкі віселі ў яго на працягнутай руцэ. Але гэта быў яшчэ не канец. Тумаш бокам зрабіў яшчэ крок, і другі, і трэці — і вось яшчэ чацвёра дзяўчат віселі на другой ягонай руцэ і матлялі нагамі ў паветры.
— Вось, — сапучы, сказаў Тумаш. — Добры вечар у хаце… Яны прыехалі… Меў ласку даставіць.
Апусціў дзяўчат на падлогу.
— Гэта не ўсе. Чатыры ішлі самаходам.
— Не здолеў, ці што? — спытаў Іліяш.
— Чаму не здолеў? Месца на руках не хапіла. Гэта ж не зморкі нейкія… Бачыце? Гэта ж ёсць што абняць!
Запалалі свечкі. Іх сталі ляпіць дзе можна, і скора ў пакоі стала светла, бы ў царкве на Вялікдзень.
Асвяціўся вялікі, на ўсю падлогу, кілім і на сярэдзіне яго — смажаны баран, дзве шынкі, тры гусі, дзесяткі два смажаных курэй, паляндвіцы, місы з калдунамі, паранай рэпай, агуркамі салонымі, мочанымі яблыкамі і проста тушаным мясам і іншай рознасцю.
А паміж гэтага строем стаяла безліч бутэлек, пляшак, глякоў з гарэлкай, мёдам, крупнікам і віном.
Фама пастараўся. Нездарма так доўга хадзіў. Дзеўкі былі ўсе маладыя, літыя, цвёрдыя і гожыя. А калі некаторыя і не дужа, то шляхціц меў рацыю: абняць было што. Румяныя, белазубыя, вочы ад чакання выпіўкі і ўзбуджанасці блішчаць. Чырвоныя, блакітныя, аранжавыя кабаты-шнуроўкі, андаракі — як вясёлка. Істужкі, рознакаляровыя кабцікі* на нагах.
* Боцікі.
Пакой зацвіў, як весні поплаў. Адразу запахла нечым цяжкавата-духмяным, зарабацініла ў вачах, і, нават без выпіўкі, пачалі круціцца галовы… Усе з рогатам сядалі за сталы, на хвіліну здзіўляліся, што Пан Бог адзін, а пасля вырашылі, што так, відаць, і трэба, гэта ж не апостал там нейкі, і пачыналі тармасіць кожная свайго.
…Хутка віно палілося ракой, — усе гаварылі кожны сваё, не слухаючы іншых, цалаваліся, рагаталі. Некаторыя пачыналі ўжо думаць, што трэба трохі стрымаць сябе, а то яшчэ звалішся з галерэі, на якую выходзілі іхнія дзверы, або не трапіш у свой пакой.
Галас, віск, смех. Суседка кусала Акілу за вуха, а той толькі жмурыўся ды бубнеў:
— Ай, ну… Ай, не трэба… Гэна… Казытліва.
Лілося ў пашчы віно. Гожанькая суседка Роскаша скосу паглядала на Раввуні.
— А гэта нібыта не на-аш… Нібыта з біблейскіх мясці-ін. Пане Божа, а як жа ціка-ава!
— Нічога цікавага, — буркнуў Фама. — Такі самы, як і ўсе.
У Іуды ляжала на каленях дзівосная каштанавая галава. Вочы прыплюшчаныя, вусны чакаюць. І ён нахіляўся і цалаваў гэтыя вусны. Яму доўга давялося ісці. Але вочы яго, калі яны сустракаліся цераз галовы п'яных з вачыма Юрася, былі сумныя. Ён усё разумеў, нібы адчуваў сябе вінаватым, і, аднак, нічога не мог зрабіць, акрамя як пакінуць яго. Уначы — кожны за сябе. Адзін з горам, другі — з жанчынай, да якой ён доўга ішоў.
Юрась сядзеў над гэтай карчмою змрочны. Сплёў рукі між каленяў, глядзеў, слухаў, піў.