Шрифт:
Юрась устаў:
— Як хочаце: я іду. Хто хоча ісці са мной — хай чакае.
— Я пачакаю цябе каля брамы, — сказаў Раввуні.
Якраз у гэты час у гатычнай капліцы Машкаўскага кляштара канчаўся пастрыг. Пагражалі галасы пад вострымі скляпеннямі, у змроку. А ў пляме слабага святла, што падала з акна на каменныя пліты падлогі, стаяла жанчына, і было на ёй — замест андарака, казнаткі і карабліка — грубае адзенне манахіні.
А побач з жанчынай стаяла маці-настаяцельніца, нязмерная ўпоперак баба год пад сорак, з абліччам адначасова ліслівым і ўладным, і сціскала руку новай манахіні. Сціскала разам са свечкай, каб не ўздумала кінуць ці выпусціць.
Свечка капала гарачым воскам на тонкія пальцы маладой рукі, але Анея не адчувала болю. Сцяла сківіцы. Глядзела ў адну кропку.
З капліцы яе павялі пад рукі. У левым нефе настаяцельніца спыніла яе:
— Н-ну, колькі яшчэ як драўляная будзеш? Усё ўжо. Усё. Чуеш?
— Чую. — У яе вачах раптам з'явілася жыццё. — Што ж, і так і так я нявеста Хрыстова, жонка Хрыстова… Ягоная.
— Гм… Усе мы тут яго нявесты.
І тут у вачах жанчыны плескануўся гнеў. З непрыхаванай іроніяй яна агледзела постаць ігуменні.
— Гэта вы — нявеста? Доўга ж вам яго чакаць. Мой ён. Чуеш ты — мой. Ён праз муры ўбачыць. Ён прыйдзе.
І ён прыйшоў. І вось ужо вельмі доўга стукаў у аканіцы дома на Мечнай вуліцы, хадзіў, а пасля бегаў па сцежках саду.
Гэты дзённы сад страціў начное ачараванне. Голыя і паўсядзённыя былі дрэвы. Мёртва-белы быў у дзённым святле глогавы цвецень. І нават стаў у канцы саду быў не сіні, як уначы, а цёмна-празрысты.
І тут нідзе не было яе.
Пусты быў дом. Пустыя былі сцежкі.
— Анея! — не стрываўшы, закрычаў ён. — Анея.
Яго чамусьці ахапіў смяротны жах.
— А-не-я!
— Дзядзечка, — пачуў ён дзіцячы галасок, — вы чаго крычыцё?
Ён убачыў над плотам галаву. Хлапчук год пад дзесяць вырачваў на яго шэрыя вочы, хлопаў даўжэзнымі цёмнымі вейкамі:
— Анея тут жыве. Дзе?!
Хлопчык узлез на плот і сеў. Пачухаў адной босай нагой другую.
— Гэта ты той дзядзька, што «неадменна павінен быў прыйсці»?
— Ну.
— Пабажыся.
— А каб на цябе… Ну… ну, хай мяне пярун шасне.
— Эге… То Анею… коннікі пад'ехалі ды сілком павязлі.
— Сам бачыў? Што за коннікі?
— Не-а… Не ведаю, што за коннікі. Я ж сам не бачыў. Ужо як адвезлі, то нейкая цётка прыйшла, ды мне перніка дала, ды сказала: «Цётку Анею павезлі… То яна злаўчылася мне шапянуць, а я… а я вось табе кажу. Як прыйдзе той дзядзька, што неадменна павінен быў прыйсці — скажы яму, што… цётка Анея паехала па Лідскай дарозе».
Юрась стаяў, як прыбіты:
— То «паехала» ці «сілком павезлі»?
— А я ж, дзядзечка, не ведаю. Цётка тая казала — «сілком», але «паехала». Можа, і сілком, але я, каб цётка Анея крычала, дык не чуў. Я тады ў каморы сядзеў, бо вяршкі злізаў. Яны толькі выехалі, а тут мяне матка і выпусціла, дараваўшы, дзякуй ёй Божа, а тут і цётка пернік прынесла.
Юрась задумаўся. Што ж тут было? Сапраўды выкралі? А можа, адчула душою падман і з'ехала сама? Не даравала? Бацька, загадам князя, у Менску збройнікаў вучыць. Маці няма. То, можа, з'ехала да яго?… Але трывога ўсё нарастала. Чаму не дачакалася? Не можа быць, каб да бацькі. Калі выкралі — то хто і нашто? І хто пасмеліцца ўзняць руку на дачку мечніка? А калі з'ехала сама, адчуўшы, што ён не той, успомніўшы яго начныя словы, якіх не чула тады, — то як, як яму тады жыць?!
Ён страпянуўся:
— Дзякуй, сынок.
— Вы яе знойдзеце. Яна мяне любіць. А я… ну, з бацькамі, ясна, яе аберагаю.
«Гэх, хлопча, — падумаў Братчык, — кепска ты яе аберагаў. Ды я не скажу табе гэтага».
— Мы з ёю сябры — не разлі вада.
— Я знайду яе, сынок.
Юрась пабег.
РАЗДЗЕЛ ХVІ САРОНСКАЯ ЛІЛЕЯ
…Кажуць таксама, што жыціе гэтай святой пачалося з таго, што, не маючы чым заплаціць пагоншчыку мулаў, яна заплаціла яму натурай.
Апокрыф
Было ўжо зусім цёмна. За акном Братчыкава пакоя свяцілася ў змроку чырвоная стужка зары.
Свяцільнік ледзь мігцеў, вырываючы з цямноцця лысіну Баўтрамея, жывое, бы ў малпы, аблічча Іліяша — Сымона, доўгія валасы і юродскія вочы Ладыся — Іаана, ды яшчэ, далёка ад святла, вузкую руку Хрыста, што бязвольна звісала з каленяў. Вышэй за яе трывожна блішчэлі Юрасёвы вочы.
Апосталы не маглі зразумець, што здарылася. Братчык з'явіўся змрочны і ніякіх загадаў не аддаваў, толькі шпурнуў Піліпу ледзь не трэць усіх грошай і сказаў: