Шрифт:
— Два шэлегі? — спытаў Юрась. — Бога пабойся, чалавеча. Сорам.
— Сорам, сабачы ты сын, людзям толькі ў лазні відаць.
У Хрыстовых вачах загарэлася раптам хітрае, з'едлівае і круцельскае.
— Добра. Угаварыў. Трымай прыпол — будзем лічыць.
Людзі, здзіўленыя вялізнай пакупкай, пачалі збірацца вакол. Бессаромны гандляр узняў прыпол даўжэзнай кашулі. Хрыстос пачаў класці яму ў прыпол яйкі.
— Пяць… Дзесяць… Дваццаць.
І тут Магдаліна з радасцю, аж упала сэрца, убачыла.
За натоўпам сядзеў на кані, падобны на самавар, чырвоны Карніла і аглядаў натоўп. Шалом трымаў у руцэ. Падстрыжаныя гаршком валасы падалі на нізкі лоб.
Шукаў змрочна і не знаходзіў. Яна хацела была падаць яму знак, але забаялася.
— Пяцьдзесят, — лічыў Хрыстос. — Дзвесце…
Гандляру было ўжо цяжка трымаць. І тады Хрыстос, нагнуўшыся, чыкнуў нажом па ачкуры ягоных портак. Порткі ўпалі. Скупірака, увесь чырвоны ад ганьбы, баючыся выпусціць яйкі, да белых суглобаў учапіўся ў прыпол. Уцякаць ён таксама не мог: порткі звязвалі ногі ля самай зямлі. І таму ён казаў людзям і далей сваю непрыглядную галізну.
— Бачыце? — пад агульны рогат спытаў Юрась. — Сорам у лазні.
І тут Магдаліна з радасцю ўбачыла, што Карніла пачуў рогат і глядзіць сюды.
…Убачыў. Крануў каня ў натоўп. А за ім, клінам рассоўваючы гурму, рушылі коннікі. Пайшлі перад імі поп і два ксяндзы.
— Сорам, бачыце, толькі ў лазні. А сорам твой і ў натоўпе можна купіць. Усяго за дзве сотні яек. Ану, людзі, бяры астатняе. Бяры, баба, малому ў ручку дасі.
Рогат аж глушыў… Магдаліна бачыла, што побач з канём Карнілы ідуць поп і два ксяндзы. Ясна чаму. Каб агаласіць загад аб узяцці ад імя царквы. Аб усім падумалі. Яна зразумела, што сёння ж будзе вольная, што сёння ж уладкуе сваё жыццё. Ратма не забудзе яе — яна цвёрда ведала гэта.
Юрась рагатаў разам з усімі, выскаляючы белыя зубы. І раптам змоўк — гэта штурхнуў яго Тумаш. Знікла ўсмешка. Разразаючы натоўп, набліжаўся да іх закуты ў латы і кальчугі конны атрад. Бязлітасныя, дрымучыя вочы Карнілы сустрэлі ненатуральна вялікія і празрыстыя вочы Хрыста. Сотнік усміхнуўся.
Зразумеўшы нешта, змоўк і народ. Цяпер жалезны конь высіўся над самім Юрасём. Сотнік паклаў адну руку на эфес мяча.
— Адгуляўся, шалбер. Ланцуг сюды!
І працягнуў руку ў жалезнай пальчатцы:
— Узяць!
— Што такое? Хто? За які грэх? — шапталі паўсюль галасы.
І тады заспявалі галасы свяшчэннікаў:
— Прысуд духоўнага суда… Злодзей… Блюзнер… Зневажальнік Бога і царквы… Па загаду святой службы.
Пачуўшы страшную назву, людзі пачалі адступаць. Вакол невялічкай купкі людзей лягла шырокая паласа адчужэння і жаху. І тут раптам дзікім голасам, нібы на судны дзень, залямантаваў Раввуні:
— Я табе дам ланцуг, басяк! Ты на каго руку ўзняў, ты на каго!…
Змрочная, нежывая ўсмешка зноў рассунула сотнікавы вусны.
— Н-ну… На каго?
— На Хрыс-та! — раптам нясцерпна ўзвысіў голас Юрась.
Натоўп ахнуў.
— Так, на Хрыста! — раўнуў Фама. — Чулі, у Гародні?
— Ці-ха! — узняў пальчатку сотнік. — Гэта не той. Гэта самазванец і шалбер па імю Якуб Мялшцінскі, уцякач з Польшчы, якога даўно шукае за ерась і злачынства доказная інквізіцыя.
Аб Мялшцінскім многія чулі. Гэта сапраўды быў самазванец, які няўдала выдаў сябе за месію. Месіі ў той час раслі як грыбы.
— Мана! — сказаў Братчык. — Ісцінна я — Хрыстос.
— Калі ён Хрыстос, — звярнуўся да натоўпу сотнік, — хай прылюдна створыць дзіва.
Юрась маўчаў. На гэты раз яго, здаецца, сапраўды спаймалі. На гэты раз не выкруцішся. Усё. Маўчаў і натоўп.
У гэты момант Хрыстоў позірк упаў на сляпых, што сядзелі ля аднаго воза. Страшныя буграватыя верхнія павекі, безудзельныя твары. Магчыма, вырвуць вочы і яму.
І тут ён здзівіўся. Адзін са сляпых, карыстаючыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ва ўсе вочы глядзеў на беспарточнага гандляра, на сотніка і на яго, Юрася.
З радасцю адчуваючы, як вяртаецца жыццё, Юрась непрыкметна паказаў яму залаты (якое шчасце, што яго не праелі!) і спытаў вачыма:
«До?»
«До», — апусціў «сляпы» вочы і пачаў шаптаць нешта суседу, чалавеку такога ж бандыцкага выгляду, як і ён.
Ноздры Хрыстовы раздзімаліся. Ён ускінуў галаву, і ў прыціхлы натоўп ударамі сякеры ўпалі словы:
— Будзе цуд!
Кірмаш замёр. На сотнікавым твары было непаразуменне.
— Прывядзіце мне… ну, хаця б унь тых сляпых.
Людзі кінуліся да калек, узнялі іх і на руках даставілі да Юрася. Натоўп глядзеў са свяшчэнным жахам на бугрыстыя, відаць, ад старых язваў, павекі. Сумнення не было.