Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— А і са мною. Арол такой гусі бруднахвостай не пара.

— А ты хто, хлопка?

— Ды ўжо ж не ты. Да чыйго дома ў горадзе самы біты шлях? — яна выдумвала, але ведала: з гэтай усё будзе — праўда. — Ці ёсць у Наваградку такі хаўрус, які б цябе «нашымі жорначкамі» не называў? Ды ў яго, калі ён дурань будзе, шыя зломіцца ад тых падарункаў, што ты яму да шлюбу назапасіла!

— Дрэнь! Чарнакніжніца! Ерэтычка!

— Ад каго браты зажыва засмярдзелі ды Божага царства пайшлі шукаць?! Хто ва ўласнай маткі ў дванаццаць год законнае права жонкі адабраў?

Удар нечакана трапіў у цэль. Ганорыя задыхнулася.

— У студні закінутай у яе пашукайце, — цадзіла Магдаліна (яна добра ведала норавы жанчын такога тыпу). — Бачыце, айцы святыя непарочнай яе агаласілі. За колькі? Ці мо натурай заплаціла? Можна і гэтак. Тыя казлы згодзяцца. Дзявочы вянок беднаму добраму Ратму. Ды табе б ганебны каўпак, ды прыпол абрэзаць, ды — віцамі! А лепей крыж забараніць насіць, ды радзюгу нашыць на плашч, лапічак, ды бранзалет на нагу*.

* Сярэдневяковыя адзнакі дзяўчат пэўнай прафесіі, спайманых на рабунку гасцей, дужа ўжо нізкапробнай распусце, брудзе або хваробе.

— Ды што?! — не знайшлася шляхцянка. — Біце яе! За распусту бязбожную! На Евангеллі ў чысціні паклянуся!

Яны ўчапіліся адна ў адну. Магдаліна першым чынам збіла з галавы Ганорыі вянок. Абедзве валтузіліся. І тут нейкі клірык, з жоўтым, як чэрап, тварам і чорнымі вачыма, сказаў:

— Стой! Ну! Вы што, ля студні? А між тым яна ж царкву абразіла! Абразіла! Слова, якім касцёл заступіўся за цноту гэтай дзяўчыны. Чаму? Ачараваўшы ваяводскага сынка, жадала на іншых свае правіны скінуць. Між тым гэта адна з самых страшных кабет Гародні.

Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?

Яна зразумела, што гэта ўсё. Цяпер нішто не ўратуе. Пасля, на трупе, знойдуць той знак; клірыка за выкрыванне і забойства асабліва даверанай асобы, той, што можа загадваць ад імя царквы ўсім, аддадуць службе і знішчаць. Ці лягчэй ёй будзе ад гэтага? Яна склала рукі і адступіла.

— Распусніца! — узвыў народ.

— Бі яе!

— Дзеўкі, у камяні!!!

Камень ударыў Магдаліну вышэй скроні.

…І тут, пачуўшы гвалт, Раввуні штурнуў Хрыста.

— Глядзі!

— Што такое?

— Магдаліну, здаецца, б'юць, — прабасіў Тумаш.

Збялелы Юрась кінуўся да натоўпу. А гурма ўжо лезла наперад, ціскалася, выла. Лезлі ледзь не па галовах, каб дабрацца наперад, вішчалі. Недзе дурным голасам екатала апантаная бесам. Юрась штурхаў баб, адцягваў за валасы клікуш — і амаль дарэмна.

Але Тумаш добра разумеў, што такое азвярэлы натоўп, а асабліва жаночы. Ён выдзер аднекуль кол і арудаваў ім. Тут было не да ягонага «рыцарства да дамаў». Кол, прынамсі, цверазіў, прымушаў хапацца за выцятае і менш думаць аб ахвяры, а больш аб тым, як знікнуць.

Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.

Яшчэ адзін камень ударыў яе ў грудзі. Пасля трэці — па галаве… Павісла рука. Зямля пад яе нагамі штохвілінна гусцей пакрывалася плямамі. Яна заплюшчыла вочы, убачыўшы, як здаравенны манах узнёс доўбню. І тут нехта прыціснуўся да яе грудзей спіною, закрыў.

…Юрась перахапіў доўбню, з сілаю, выкручваючы ворагу рукі, выдраў яе і шпурнуў пад ногі наступаючым. Там заенчылі.

— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!

— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!

— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!

Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.

Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.

Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.

— Адступі!

Фанатычкі замерлі.

— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!

Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:

— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!

Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: