Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Праз некаторы час прыйшлі яны ў Наваградак і там, не плацячы наперад, бо не мелі грошай, але спадзяваліся іх здабыць, размясціліся ў гасцёўні, што ў парафіі святой Тройцы. Ляглі з малітваю аб удачы замест вячэры.

Магдаліна ж, паказаўшы каму трэба пярсцёнак, дабілася вернага слугі і перадала з ім Ратму, што стаіць у гасцёўні. Яна вельмі спадзявалася, што ён з'явіцца адразу, і не памылілася ў сваіх спадзяваннях.

Ратма прыйшоў і цяпер стаяў у гэтым пакоі, румяны ад хвалявання. Глядзеў на вартую жалю мэблю, на скупое святло свечкі. Гэта была святая сціпласць. І, аднак, ён бачыў, што перад ім знатная дама. Магдаліна паспела выцягнуць з сакваў парчовае пакрывала, распяцце слановай косці і ружанец з рубінаў.

Яго здзіўляла такая сціпласць. Ён быў ад яе без памяці. Гэта была не Ганорыя з Валевічаў.

— Вы… прыйшлі. Вы абяцалі мне… і не падманулі.

— Я не падманваю ніколі… І асабліва такіх людзей… Прашу прабачэння, я нават не магу паднесці вам келіх віна. Я тры дні пасцілася, і вось мы спазніліся сюды, хаця пост мой скончыўся з захадам сонца. Крамы на замках, рынак пусты, у корчмах згас агонь. Міжволі мне давядзецца аддаць Богу і гэтую ноч. Я збіраюся не спаць. Добра, што вы падзеліце неспаннё са мной.

— Божа мой! — сказаў юнак. — Якая сціпласць! І, вы думаеце, я дам вам пасціць лішнюю ноч? Богу досыць і таго, што ён атрымаў. Я хачу вячэраць з вамі… Вы будзеце мяне слухаць… Ну!

І ён пазваў слугу Хроля і загадаў, каб той прывёз усяго патрэбнага і віна, што хутка было выканана, а пасля яны сядзелі побач, і елі, і суцяшаліся віном.

— Бачыце, я вам падчынілася, — сказала яна. — Хаця гэта і не кажа на карысць кабеты: сядзець уначы ў адным пакоі з мужчынам. Але я веру вам… Вось, адпіце з майго кубка. Гэта будзе прычасць вечнага нашага сяброўства.

І засумавала:

— Хутка мы ідзём далей за сваім святым.

— І вы кінеце мяне? — збялеў ён.

— Дурнік, гэта абяцанне. Але я вярнуся, — яна паклала руку яму ў далонь. — Як толькі давяду яго да ягонай мэты. Магчыма, мы сустрэнемся ізноў.

— Але, — у яго раздзімаліся ноздры. — Іначай мне хаця не жыць.

— Які вы. А ваш шлюб?

— Я дашлю іх да апраметнай!…

— Што вы?! — з жахам прашаптала яна.

— Прабачце, я забыў, хто вы… Але я дашлю іх… Я ненавіджу сваю так званую нявесту… Мне цяжка і страшна з ёю. Усё жыццё я шукаў такую, як вы… Як я доўга шукаў!

«Доўга, — падумала яна. — Колькі табе там было яшчэ шукаць?»

Ён быў у гневе, але ён нават рукі не працягнуў да яе.

— Я хачу вас… Я хачу жонкаю толькі вас… Я памру, калі гэтага не будзе… Я даб'юся гэтага… Заўтра ж.

— Вы небяспечны, — уздыхнула яна, нібы з сілаю адводзячы вочы.

Рукамі яна нібы адштурхоўвала яго, і ён міжвольна схапіў гэтыя рукі.

— Толькі вас… Пашкадуйце!

— Пашкадуйце вы мяне… Мне цяжка… Гэта вышэй за мяне.

У яго калаціліся плечы, зрываўся голас. І гэтым голасам з нечуванай пяшчотай ён прашаптаў:

— Што мне яшчэ зрабіць, каб вы былі маёю?

— Я мяркую, вам трэба замкнуць дзверы, — сказала яна.

Раніцаю ўвесь хаўрус займаўся тым, што штурхаўся па кірмашы, шукаючы, як бы тут змахляваць на ежу. Не было толькі Сымона і Баўтрамея, якія гойсалі загадам Братчыка па гарадскім сметніку, выкопваючы з адкідаў найбольш старыя, крый Божа, не сённяшнія, пляшачкі, бутэлечкі і бутэлькі, а пасля да слёзнай чысціні мыючы іх у рацэ.

Ва ўсіх добра круціла ў жываце ад голаду. У страўніках сядзела нібы гайня галодных ваўкоў.

Магдаліна, што праўда, перадала раніцай Братчыку залаты, але ён не сказаў сябрам, збярог манету. Мала што магло здарыцца. На ягоную прыдумку маглі і не клюнуць.

Кірмаш ляжаў на плошчы між чорным, дзікім Наваградскім замкам і вялізнай карчмою. Плыў натоўп, свісцелі свісцюлькі, вялі свой напеў сляпыя жабракі, нібы душу з казла цягнулі. Штурхаліся мужыкі, дзеўкі, багатыя кабеты. Зрэдку паважна, як каравела пад ветразямі, плыў праз натоўп дваранін у плашчы.

Магдаліна не знаходзіла сабе месца. Нават уначы, даводзячы каханка да непрытомнасці і ўтрапення, сама задыхаючыся ад яго абдымкаў, яна думала краем думкі, ці здолее выканаць загад, вызваліцца, магчыма, назаўжды застацца з гэтым. Не жонкай, дык каханкай. Бо гэтага яна не адпусціць. Гэты ніколі, удзячны ёй, не здолее забыць яе і гэтыя начныя пацалункі.

Трывога ўзрастала. Ці паспее сотнік? Ці атрымалі яны кліч? А можа, голуба сустрэла страла ці коршак?

На рынку было ўсё дорага. Нейкі скнара — па мордзе відаць, што пры выпадку растаўшчык, як муж каменнай бабы, гандляваў яйкамі. Юрась прыглядаўся да яго спачатку з усмешкай, пасля — з абрыдлівасцю.

— Пачым? — пытае бедная баба.

— Два грошы сотня, — голас такі, нібы глотка поўная скабак.

— А Божачка, гэта ж за свінню столькі…

— А ты вось і купі, і жары гэтую свінню… калі гэткая багатая. Ды яшчэ дастань яе. А яйкі — ежа панская. Не для твайго халуйскага хлябала. Бач, яйкі! Р-рас-пусціўся народ.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: