Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi "па трыццаць кубаметраў ма лошадзь". Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.

Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.

– Янучок! Ты што, заснуў гэта?

Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.

– А ты адкуль узялася?

– Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!

– Гэта табе на небе самакат далi?

– О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!

Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.

– Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.

Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.

– Адкуль-жа ты самакат узяла?

– Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, - рагатала дзяўчына.

– Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў... Га-га-га!
– зарагатаў Янук.

Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.

– Ты з Гацяў едзеш?
– спытаў Янук.

– Ага.

– Школу скончыла?

– На днях ужо.

Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.

– Ты знаеш што, Янучок?

– Ну?

– Даўно з табой пагаварыць хацела.

– Гавары.

Бурклiвы Янук прыгадаў цi адну жаўнерскую руку, што гарнула-тулiла гэту дзяўчыну на вечарынах, яшчэ цяпер зьвiнела ейнае хiхiканьне ў цемры. Кальнула ў сэрца. I стаяла яна побач, як цудоўная, пышна расьцьвiўшая зьява, зь беленькiмi зубкамi, мяккiмi вусенкамi й выклiкаючымi на паядынак вачмi-васiлькамi. Стаяла ўдзень i ўночы. I нараджалiся думкi. Часам, у юнацкiх снох, сядала яму на каленi, моцна-моцна гарнулася-тулiлася, горача, да страты прытомнасьцi цалавала. Зьява вялiкая, як цьвiтучае жыцьцё, як цудоўная вясна, як сьветлая крынiца.

Але вось зьявiлася яна побач, тымi васiлькамi скрабла-вярэдзiла кволыя струны. I ня мог Янук проста ў вочы ёй зiрнуць. А дзяўчына, нахабнiца, зводзiла, быццам у самае нутро ягонай душы зазiрнуць намагалася.

– Як тут во так пагаворыш...

– А чаму не?

– Давай паглядзiм, што ў лесе робiцца.

– А кабылу дзе дзець?

– Прывяжы, нi ўцячэць.

Янук падумаў.

– Трэба было-б яшчэ воз каменьня на станцыю завезьцi.

– Нiкуды яно нi ўцячэць, каменьне тваё. Здаганяй мяне!

Дзяўчына раптоўна нацiснула на самакат i гонка пусьцiлася гасьцiнцам, аж хвост касынкi з пушыстымi валосамi забаўляўся. Янук пугай сьвiснуў над кабылай i сьцебнуў па бакох лейцамi. Кабыла трушком пабегла за дзяўчынай. Дуня азiралася, махала рукой, падганяла.. Уехаўшы ў Гаравацкую пушчу, яна павярнула направа ў бочную дарогу. Гэтта лес быў густы, колы стукалi па карэньнi. Дуня пад'ехала яшчэ добры кавалак, павярнула налева й на малой паляне зьлезла з самакату. Янук прывязаў кабылу да камля бярозы, адпусьцiў падпругу, узяў з возу й падкiнуў ей сена. Азiрнуўся. Самакат ляжаў пад хвояй, а дзяўчыны нiдзе ня было вiдаць.

– Ку-ку! Ку-ку! Лавi зязюльку!

Звонкi галасок прыляцеў зь левага боку й рэхам адгукнуўся ў глыбi пушчы. Скосныя праменьнi сонца залацiлi маладое лiсьце, нос казытаў арамат красак. Воддаль дзесь закукавала запраўдная зязюлька. Янук скочыў у гушчар налева.

Бярозанька, сасоначка.

паклiч майго мiлёначка.

Жду хвiлiнку, жду я дзьве,

ды мiлёначак ня йдзець.

– Гэта, раней няведамая Януку песенька даляцела да яго з глыбi лесу з правага боку. Не марудзячы, хлапец кiнуўся туды. Дрэвы парадзелi. Як матылёк, дзяўчына пырхала ад аднаго дрэва да другога навокал паляны. Янук нагнаў яе i ўчапiўся за руку. Дуня зручна крутнулася, падставiла нагу й хлапец не агледзеўся, як ляжаў на траве, а а Макатунiшка гарэзьлiва ўсьмiхалася, з вышынi пазiрала яму проста ў вочы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: