Шрифт:
Маўчаньне трывала доўга.
– Гэта страшна, - уздыхнуў Пракоп.
– Тутака ўсяк гавораць, алi ад савецкiх нiчога нi даведаешся.
– Яны гавораць, што iм палiтрукi загадаюць. Зрэшты, нiхто з савецкiх табе праўды нi скажа. Народ пазнае тады, калi чыстка й вывазы пачнуцца, калi Бог пра ўсiх забудзецца, а Сталiн будзе рабiць што хоча...
– Ты думаеш, што й тут будзiць тое, што ў вас было?
– Дарагi мой, - адказаў Хвёдар, налiўшы сабе чарку, - дык цi-ж што-небудзь зьмянiлася? Сталiн жыве, НКВД i калгасы iснуюць, нiчога не зьмянiлася. Пацягнулi спачатку на Сiбiр паноў вашых, а пасьля й на iншых чарга прыйдзе. Помнi мае словы, дарагi мой.
– Гэта-ж чорт ведаiць што, - сказаў заклапочаны Пракоп, - мусiць горш чым за Польшчай будзiць.
– Напэўна горш будзе. Я тут усяго дзьве нядзелi, ды ўжо прыглядаўся як народ жыве, цi жыў. Вядома, многа ў вас бяды было, сам ведаеш. Але калi параўновываць з нашым, дык ваш селянiн, каторы працаваў, меў i сала, i масла, i малако, i, вiдаць, апрануцца меў за што й наагул, калi ня гультай, дык жыў нядрэнна. Так, цi не? Гэткага жыцьця нельга нiяк зраўняць з калгасным.
– Гэтыя калгасы, - сказаў Пракоп, - як у iх жывецца?
– Горш як у прыгоне. Чуў пра прыгон?
– Чаму-ж не...
– Розьнiца, мусiць, тая, што прыгоньнiкамi валодалi буйныя цi меншыя землеўладары, а калгасьнiкамi, - i гэта лiтаральна, - валодае дзяржава. Калгасьнiк, напрыклад, за год заробiць нейкую колькасьць працадзён. У калгасе ёсьць ураджай добры, або й няма. Зьбяруць плёны, змалоцяць i хто, ты думаеш, першы з лыжкай i мiскай? Дзяржава йдзе першая. Яна забiрае ўсе налогi, пасьля семенны фонд забярэ сваё. Разумееш? Рэшта, колькi там астанецца, дзеляць на працаднi. I вось, калгасьнiк атрымае паўкiляграма зярна, столькi то бульбы й iншага, - колькi там на працадзень выпадзе, вось жывi ды пажывай, братка. А нормы-ж на працадзень такiя даюць, што як дурны наробiшся. Ясна, што нiхто не хацеў i ня хоча ў калгасе быць. Але-ж у горад не ўцячэш, бо там ня прыпiшуць цябе. Дазвол ад уладаў трэба, а яны-ж спытаюць адкуль ты, дый не пагладзяць па галоўцы.
Раптам праясьнела Пракопава галава. Выявiлася ўсё недаказанае й нявытлумачанае мясцовымi агiтатарамi й палiтрукамi. Вось яна, просьценькая й хiтрая пастачка: прыгон у новай хворме, з новым уласьнiкам i партыйным цiвуном.
– У нас цяперака якраз наш Косьцiк, - гэты самы, каторы абразы мне пабiў, - усiх у калхоз гонiць. Ужо па хатах лазiў з нагаворамi, сходы рабiў. Людзi ўпiраюцца, многа чаго ня ведаюць, але ўжо нядобрае пранюхалi. Ёсьць бедныя, што ў калхоз адразу пойдуць, алi такiх мала. Бальшыня надта-ж асьцярожная. Людзi думаюць, што калхоз ад iх залежыць. А як ты думаеш, што мне рабiць?
Пракоп зiрнуў брату ў вочы, быццам там ратунак таiўся.
– Знаеш што, братка мой, - пачаў Хвёдар, - калi так пайшла справа, дык раю табе йсьцi адразу. Так лягчэй будзе. Ты кажаш, што Косьцiк - басяк. Згода. Але-ж якраз на такiх савецкая ўлада аснавалася. Улiчы, што раней цi пазьней усе будуць у калгасах. Iншага выхаду няма. Тых, што супраць калгасаў, як ворагаў народа ў Сiбiр вывязуць, адкуль нiхто не вяртаецца, а калi пойдуць у калгас пазьней, дык iм будзе горш за тых, што калгас зарганiзуюць. Вядома, справа гэта твая. Але бяручы на ўвагу тое, што я табе сказаў, - улiчы, што гавару як роднаму брату й нiякай iншай душы на зямлi я не сказаў-бы гэтага, - лепш у калгас iсьцi спачатку. Напэўна ўбачыш i сам пераканаешся.
Дзьверы адчынiлiся й на парозе затрымаўся Алесь. За вокнамi ўжо шарэла.
– Гэта я во толькi з Гацяў вярнуўся й сказалi, што ў цябе госьцi, дык i зайшоўся.
– Добра зрабiў, - сказаў Пракоп.
– Хацеў я цябе й тваiх адразу папрасiць, алi загаварылiся. Во мой брат Хвёдар зь сям'ёй.
Алесь знаёмiўся. Прыйшла неўзабаве й Кацярына. Гутаркi на iншыя тэмы пайшлi.
На ўзгорку Гараваткi забаўляўся з Уладзiмерам Янук. Рухавы хлапец любiў санкi. Адно гаворка нiяк не вязалася й Бахмач ня ведаў чаму. Якiмi справамi цi рэчамi цiкавiўся гэты новы сваяк? Казаў, што ўжо дзесяцiгодку скончыў.
Над Лiтоўцамi асядаў мяккi зiмовы змрок. Далёка кацiлася па далiне рэха вёскi.
Адвёзшы гасьцей ужо дзесь пасьля поўначы ў Гацi, цэлую ноч марыўся бяссоньнiцай Пракоп.
40
Сявенька выпраг каня ля гумна. Мяркаваў, што трэба будзе намазаць калёсы й зiрнуў на дзежку з мазутай. Ласкава пагладзiў каня па мордзе, сьцягнуў аброць i пусьцiў яго ў загарадку. Задаволены, што пазбыўся вупражы, конь заiржаў i пабег да кабылы, што адгукнулася з лугу, на якiм пасьвiлася з жарабём. Сявенька думаў пра Гацi, пра крамнiка Iцку, якому сяньня завёз залатую царскую пяцiрублёўку за разныя тавары. Абрыдзела ў чэргах стаяць, рознай нечысьцi пакланяцца. Разьвязаў рудую зрэбную торбу, у якой стаялi загорнутыя ў рызьзё два лiтры нафты. Зiрнуў на мяшкi з цукрам, сольлю й матар'ялам. "Вось да чаго дажыўся", - падумаў.
Прыгадалася нялёгкае ў заакiянскай краiне, дзе маладыя гады й сiлы аддаў. Ела-сьляпiла-палiла вочы й твар пiтсбургская доменная перч. Вугаль, агонь, жужаль, зялеза, гар, дым... Дыханьне забiрала. Iшоў на працу малады, гадоў з дваццаць. Пасьля дванаццацi гадзiн, вяртаўся ў цесны й няўтульны пакой зусiм нямоглы, быццам гадоў пяцьдзесят на плечы ўзьлезла. Улетку, калi жыцьцядайнае сонейка на двары зьзяла, тэмпература ля печы пякельная была. Пацеў, салёныя таблеткi глытаў. Нап'ешся сьцюдзёнай вады, цячэ цурком пот, слабее арганiзм i зноў сушыць смага.