Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

– Што гэта тутака робiцца?
– спытаў.

– От, праўду сказаць, нiчога, - адказаў Захарук.
– Старая недзiка па Слабодзкага папа пабегла, а Дуня - сваяком наказаць. У хаце Алена з бабамi. Мы от гаварылi гэтта, што нiма з чаго дамавiну зрабiць, сам знаiш...

– Я бацьку папрашу, у яго дошкi далжны быць, - адказаў Косьцiк.
– Ты кажаш, што старая па папа пабегла? Начорта поп той! Савецкая ўласьць папоў нi знаiць, от што! Параска за што галаву налажыла, як ты думаiш?

Косьцiк наўмысна падняў голас, каб iншыя чулi. I запраўды жанчыны вушы наставiлi.

– Я-ж... сам ведаеш, маё дзела гэтта збоку. Пахароны - дзела сямейнае, - адказаў Захарук.
– Як яны хочуць... ды неяк нiпалюдзку яно было-б. А хто-ж Макатунiсе загадаiць?

– Як то хто? Той хто ўласьць маiць, дык той i загадаiць!
– адрэзаў Косьцiк.
– От паехаў Хвёдар iзь Лявонам да парцiйнага сакратара ў Гацi. Што той скажа зрабiць, тоя й будзiць.

– Ну рабiце-ж, воля ваша, - зварухнуў плячыма зьбянтэжаны такой рэзкасьцю Косьцiка Захарук. Выцягнуў бярозавую табакерку з горадзенкай i ўзяўся круцiць папяросiну.

– Дзядзька Захарук, - зьвярнуўся камунiст лагаднейшым тонам, - калi мой бацька дошак дасьць, дык возьмiцiся дамавiну зрабiць?

– Чаму-ж не. Некаму-ж трэба, сама ня зробiцца. Во Антось i Сымон памогуць мне.

Пры Захаруковых словах жвавей забегалi рудыя Пятуховы вочкi й карэлая рука выцягнула даўгi сьмярдзючы цыбук з роту.

– Дык гэтага-ж... я, знацца, нiколi такога нi рабiў... нi дам рады, адмаўляўся вясковы абiбок.

– Рубанак умеiш у руках дзiржаць?
– спытаў Захарук.

– А калi ўмею, дык што?

– Цьвек малатком умееш убiць?

– Хто-ж ня ўмеiць...

– От вiдзiш, толька ахвоты трэба. Пэўне-ж яшчо й дошку пiлой можаш адрэзаць. А за хворму вазьмуся сам.

– Зробiм, нi сьвятыя гаршкi лепяць, - усьмiхнуўся Дзяркач.

– Добра тады, - сказаў Косьцiк - астаецца толька каго знайсьцi, каб яму выкапаў. Цяперака зайдуся паглядзець што ў хаце робiцца.

Падчас падпольнае працы давялося Косьцiку нязьлiчаныя парогi абiваць. Зжыўся з галечай, як iншы зь нялюбай мачыхай. Адылi дзьверы Макатунiшынай хаты адчыняў неахвотна. Каб ня тая ўяўная высокая плошча, на каторую паставiла яго "вызваленьне", на вяроўцы яго на гэтыя хаўтуры не прыцягнулi-б. Перад дзьвярмi на момант завагаўся, паволi нацiснуў клямку.

Маленькiя ваконцы хаты давалi мала сьвятла звонку й Косьцiк, адчынiўшы дзьверы, не спасьцярог дзе ступiць. Ледзь не паляцеў з парогу тарчма на глiняную падлогу. У час спынiў на языку лаянку. Парнасьць i кiсьля ўдарыла ў нос. Дзяцюк разгледзiўся. Пры печы качаргой зграбала жар Алена. Апранутая ў старую памятую сукенку з закасанымi рукавамi, яе сумны твар у водсьвеце дагараючых вугалёў, адштурхiваў чалавека тупой, няпрыязнай, зрэзыгнаванай заўзятасьцю. На ўслонах сядзелi жанчыны, а напокуцi, на шырокай лаве, прыладжвалi цела нябожчыцы Пiлiпава Аксеня й Кмiтава Аўдоля. Побач на стале сквiрчэла й хлiпала на кноце вялiкай рудой сьвечкi даўгаватае полымя.

Некалi сьцены паабклейвалi "Кур'ерам Цодзенным" з тучным чырвоным загалоўкам. Цяпер зьнiзу ад падлогi да, вышынi як дзеткам рукамi дастаць, а над лавамi й куды вышэй, сьцены былi аголеныя, мясцамi пасмы газэты павырываныя былi аж да столi. Спамiж голых круглякоў павыскубвалi дзецi мох. За печчу на палу ляжалi пасьцелi й рызманы. На прыпечку, побач зь сiнiм змылкам, ляжалi мокрыя шматы й стаяла шэрая мяднiца з вадой. Чарада гаршкоў, глiняныя мiскi й iншы посуд падчыркiвалi агульны хаос.

Косьцiк пачмыхаў носам, пазiраў на Алену, ня ведаючы як гаворку пачаць. Гэтая галеча, што шчэрыла зубы з кажнага кута пакою, зусiм сапсавала вялiкi й энэргiчны ўздым, што ўзбуйнеў пры смачных разважаньнях пра будучыню свайго валоданьня на Гараватцы пад Архiпам.

– Ты сама дома?
– спытаў Алену.

– А табе чаго?
– буркнула жанчына. У шурпатым голасе ня было няпрыязьнi, адно змораная абыякавасьць. Гэтак гамоняць людзi ў беспрасьветнай тупой апатыi.

– Дык як гэта чаго? Памагчы-ж вам трэба.

– Ага...

Алена Макатунiшка ўпiлася ў Косьцiка тупымi вачмi, рукой выцерла спацелы лоб i цёмне пасма сажы дало ёй яшчэ больш няпрыветлiвы выгляд.

– На дварэ казалi мне, што Дуня пабегла па дзядзьку, а мацi па папа.

– Ага.

Жанчыны зь цiкавасьцю слухалi аднабочную гаворку, сачылi Сабакевiча.

– Дык што вам памагчы?
– скроб Косьцiк у буйных валосах.

– Га? Нi знаю, сам глядзi.

Косьцiк страсануў галавой, пазiраў на прысутных жанчын. Маўчалi. Навет звычайна гаманлiвыя Аксеня й Аўдоля гэтым разам як на злосьць, каб табе слова. Зьбянтэжаны Сабакевiч, больш не марудзячы, асьцярожна ступiў на вялiкi плоскi камень ля парогу й адчынiў скрыпучыя дзьверы.

Каб у пару не спасьцярог, дык зьбiў-бы з ног старога Панаса, што з псалтырам пад пахай вырас на парозе. Гэткага спатканьня стары, вiдаць, не спадзяваўся. Стануў, як акамянелы, маргаў павекамi, а ў ягоных вачох прытаiлася насьцярожанасьць i няўцямнасьць. Чуў пра Буракова бязбожнiка-камунiсту шмат нядобрага. Жылiстая рука моцна сьцiснула псалтыр.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: