Шрифт:
– Дык-жа нi цяпер, - пасьпяшыў адказаць бацька.
– Я-ж нi кажу, што от адразу давай. Ты-ж нейкiм начальнiкам будзiш, дык там рука ў руку з другiм начальствам, от тады й дасi. Ну дык як?
Косьцiк пацерабiў галаву.
– Ты, бацька, надта далёка мне наперад забег. Я яшчо ня ёсьць нiякi над лесам начальнiк.
– Ну а калi будзiш?
– не адступаў стары Бурак.
– Як буду, тады тоя й будзiць. А бабу трэба сiчас пахаваць.
– Дык я-ж i кажу, што нi сягоньнiка. Дык як, абiшчаiш?
– Нiхай, - сказаў сын.
– Можа пойдзiм дошкi паглядзець?
Скрыпнулi дзьверы й мужчыны накiравалiся ў гумно. Нiна падбегла да вакна. Косьцiк выглядаў куды дужэйшы за бацьку. Прыглядалася мужчынам i думала Нiна, што трэба цяпер як мага паддабрыцца, пасобiць пасынку, Дарма-ж па вязьнiцах не сядзеў. На твары жанчыны зьявiлася чырвань наводля той, што раней пры звадцы з Паўльком успыхнула. Думкi Нiнiны спынiла раптоўнае Ромкава браханьне. Ад варот, на самакатах, ехалi Лявон з Хвёдарам.
9
На золаку лагодны вецярок падкрадаўся лесам. Ля Гараваткi ён пасьмялеў, дыхнуў поўнай моцай i заўзята скалануў дуб-гiгант. Схамянуўся спрасоньня пышны Архiпаў чуб. Рыпнуў дуб сукамi, атрос кволае лiсьце й злосна сыпануў жалудамi. Пасьля гвалтоўнага ўздыху, вецер параўнеў i пырснуў рэдкiмi буйнымi кроплямi. Роўнамернаму глухому гоману з пушчы шапталi ў вадказ хвоi й таполi з Гараваткi. Яшчэ цясьней, здавалася, сплялiся ў абдымку кароны дзьвёх вялiкiх соснаў на лiтоўскiм могiльнiку. Пра што гаманiлi сястрыцы на стыку сплываючай ночы й нованароджанага дня? Пра сьвежую яму ў iх падножжа, цi пра новыя парадкi? У лiпавiцкiм маёнтку пераклiкалiся вартавыя. Учора на зьмярканьня спынiўся гэтта пяхотны вайсковы адзьдзел.
Частым скрыпам скардзiлiся ў гэну ноч ложкi ў спальнях мясцовых панкоў i асаднiкаў. Шукалi патолi, марыла iх бяссоньнiцай трывога. Пан Лазоўскi каторы ўжо раз ускарабкаўся ад свае Дамiцэлi, упоцемку шураваў па вялiкай спальнi, буйны русы чуб церабiў. Падыйшоў да вакна, адчынiў фортку. Сьвежае паветра хлынула ў пакой. Лазоўскi шырака разявiў рот, пазяхаў. За вакном яшчэ панавала цемра. Што рабiць? Уставаць? За што брацца?
Учора ўжо заказырыўся й аблажыў яго ёмкiмi матамi калiсь маўклiвы й паслухмяны парабок Яўхiм. Сяньня, а найдалей заўтра, зьявiцца перад яго гасподай новая ўлада. Як быць з золатам? Дрэнь тая бясьпечная схованка, калi яго й сям'ю як ваўкi авечак павалачы могуць.
Зыйшлiся ўчора свае, да зьнямогi раiлiся. Нэрвы, роспач, паднечаньне, едкi табачны тым i безнадзейная пропасьць у вачох. На тварах, што нядаўна яхiднымi валадарнымi ўсьмешкамi прамянiлiся, пагардай да мужыкоў крывiлiся, цяпер чорны цень загаспадарыў. Кагадзе магутныя й поўнаўладныя - цяпер бязрадныя й бездапаможныя, быццам крыга лёду на ўзбушаванай лёдам рацэ. Уцякаць? Куды? Яшчэ i яшчэ раз: што рабiць?
Над раньнем зусiм не на жартачкi раскапрысiлася неба. Густыя сiвыя хмары аблажылi з захаду й заглумiлi водсьвет узыходзячага сонца. Цi адна лiтоўская жанчына, корпаючыся зь вiламi цi чапялой ля печы, разьдзьмухваючы пасырэлыя дровы, казала: - Каго Бог дык i на той сьвет палюдзку адпраўляiць, а гэтую во... хто яе ведаiць, што тутака рабiць... мусiць на добрую iмжаку заносiцца. Клыпай ты па такой мокрадзi на могiльнiк гэны...
Сяляне - не гiпакрыты, яны справядлiва мерыць наўчылiся. Катораму лепшаму, вiднейшаму чалавеку, дык i па сьмерцi ад iх пашана большая, а нiякаватаму - дык i нiякай.
З абчарнелых сажай комiнаў, па зялёна-шэрых, абiмшэлых стрэхах, нiзка спаўзьлi на двары, хлявы, клецi й гумны сiвыя дымы.
Цэлую ноч цешыўся воляй Косьцiкаў Ромак. Воля саладзейшая была яшчэ таму, што Паўлюк ужо колькi месяцаў яго на прывязi трымаў. Учора сабака прагна ўзiраўся ў позна асьветленыя вокны, энтузiястычна "драгомiшчу" на разьвiтаньне зацяўкаў, аж пад Косьцiкаву бараду сваю доўгую пысу сунуў. Пачнуцца мусiць цяпер, як у той залатой даўнасьцi, цiкавыя вандроўкi. Так ужо карцiла каторага вясковага сабаку-жэўжыка клыкамi за шыю страсануць.
Калi ранiцай Нiна накармiла яго, Ромак удзячна лiзнуў ей па руках i твары. Пiльна падслухоўваў гукi зь сяней, скроб дзьверы ў хату. Вось неўзабаве скрыпнуць завесы i дзьвярох зьявiцца наймiлейшы сябра.
Сталася зусiм нешта нечаканае. З хаты Косьцiк выйшаў познавата, дый ня сам, а з тым чарнавусым, каторага Ромак зусiм яшчэ мала абнюхаў. Гаспадар паляпаў яго па шыi, да болю сьцiснуў вуха, прамовiў пару слоў, дый за нашыйнiк узяўся. Што гэта? Непаразуменьне якое? Як ласкава й лiсьлiва не стараўся заглядаць у Косьцiкавы вочы, нiчога не памагло. Пудовым цяжарам уплёўся за нашыйнiк ланцуг. Косьцiк адыйшоўся, паглядзеў на гадунца.
– Жалка, брацец ты мой, цябе, - сказаў.
– Знаю што хочаш, алi нi магу. Дзяла ў цябе сабачыя, а ў мяне... служэбныя.
Дзяцюкi селi на самакаты й даўно скрылiся за дарожным адхонам, а Ромак доўга, заядла й плаксiва цяўкаў аж да хрыпаты голасу, ня могучы пагадзiцца з такiмi новымi парадкамi.
Пад поўдзень парадзела iмжака й празь нiзкiя хмары часта вызiрала сонца. Вецер прыносiў гаману й тарахценьне хурманак з гацкага гасьцiнцу. Малая група лiтоўскiх абкружыла сьвежую яму на могiльнiку. Старая Макатунiха ў суправодзе сям'i, спасьцярогшы ваду ў яме, заенчыла: - Божа мой, як-жа гэта так, у ваду?