Шрифт:
Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцiкаў, калi быў самым апошнiм "нiчэм", ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калi тым доўгачаканым "всем" расьцьвiце й ўзбуйнее. Выкачвалася з-за Гараваткi сонейка яснае.
Думка пра вялiкую перамену да шалу няпрытомнасьцi лашчыла-казытала сэрца. Скакаць i галёкаць з радасьцi напiрала. Няхай-бы гулкае рэха ад Косьцiкавага гарластага ўра па цэлай неабсяжнай Гаравацкай пушчы, па нiвах i далiнах пералiвалася!
Яшчэ гадзiна, мо дзьве...
Дзесь там на мяжы заводзяць маторы, а мо й рушылi ўжо. Пад крокамi дзсяткаў тысячаў ног, пад калёсамi й гусянiцамi магутных машынаў дрыжаць прымежныя беларускiя гасьцiнцы. Хваля прыблiжаецца, магутнее, напiрае.
Сабакевiч зiрнуў на няскончаную браму. Саладжавай усьмешкай распрамянiўся шырокi твар. Брама-ж ня толькi "доблiсную" вiтаць будзе, але й яму, гаротнаму й нястомнаму змагару за народнае шчасьце, шлях у сьветлае заўтра адчынiць.
– Ну й нарабiлiся, бля..ха! Алi за тое, - задаволена цмокнуў вуснамi, зацягнуўшыся горадзенскiм тытунем Косьцiк, - нiхай здраствуiць! Такая хлёсткая й крэпкая, як сама ўласьць савецкая. Цаца, нi брама! Нiхай знаюць, што нi пэцкалi строiлi.
– Нас пiражывець!
– руплiва пераборшчыў Лявон.
– Ну толька-ж канчаць трэба, саўсiм разьвiднелася ўжо...
– Дык даеш!
– схамянуўся Косьцiк.
– Хто-ж палезiць?
– Нiхай Макатунiшка. Яна найлягчэйшая.
Борздым крокам рушыi да брамы. На жвiры й глiне гасьцiнца валялiся аполкi дрэва й трэскi, а ў канаве - сталярскiя прылады. З кужэльнае абгорткi злавесна пазiрала руля Косьцiкавага абрэзу. Лявон узяў скрутак тонкай вяроўкi й парэзаў яго на кароткiя кавалкi ды падаў Парасцы.
– На, лезь. Партрэт i лозунг прывяжаш. Вазьмi й ножык, дзiркi прапорыш дзе трэба.
Зяваючы Макатунiшка пераступiла з нагi на нагу. Стройная, танклявая, як бярозка маладая, босая, загарэлыя лыткi, раськiданыя валосы, апранутая ў белую блюзку ў краскi, зялёную спаднiцу, дзяўчына заспанымi вачыма пазiрала на Шпунта.
– Чаму гэта я? А з вас каторы ня можыць?
– Ну лезь ужо, Параска, ня медлi. Ты-ж найлягчэйшая й найболi павярткая ў нас, - спанукаў Косьцiк.
Лявон зiрнуў у вадзiн i другi канец мёртвага гасьцiнца.
– Скарэй во, бо саўсiм разьвiднелася ўжо!
– прынагляў ён.
– Лезь, Параска!
– падтрымаў сяброў Павалiцкi Хвёдар.
Дзяўчына палажыла ў кiшэню спаднiцы парэзаную вяроўку, Лявонаў ножык-складанчык i пачала таропка лезьцi па драбiне. Дзяцюкi моўчкi прыглядалiся як ёмка ўсьпiналася наверх. Гэтак магла лезьцi адно дзяўчына каля гаспадаркi й лесу выгадаваная. Калi ўзьлезла, аблапiла верхнюю жардзiну рукамi, а нагамi асьцярона ступiла на нiжнюю. Жэрдка ўгнулася, але трымалася.
– Ня зломiцца?
– гукнула Параска.
– Сьмела, ня бойся!
– падбадзёрыў Шпунт.
На доўгую галiну зь цьвяком на канцы Павалiцкi Хвёдар падчапiў партрэт i падаў яго Макатунiшцы. Цяпер усе на спраўнасьць ейных рук чакалi. Для раўнавагi Мякатунiшка шырака расставiла ногi i ўзялася прывязваць партрэт. Занятая працай, яна не спасьцерагла прыглушанага хiхiканьня дзяцюкоў, што зьнiзу пiльна ня толькi за ейнымi рукамi сачылi.
– А што-ж ты думаў, - штурхнуў локцем Косьцiка Лявон, - што бiз штаноў яна?
– Каму-ж знаць, калi нi табе? Цi раз ты туды злазiў?
– адсек Косьцiк. Як на загад тройка голасна зарагатала.
– Ах вы, нягоднiкi!
– злосна крыкнула зьверху Параска.
– А-цьфу на вас!
Дзяцюкi борзда адскочылi й спорны плявок сьлiны шлёпнуў у жвiр.
– Рабi, рабi ўжо!
– гаркнуў Косьцiк.
– Даёш скарэй!
Мiнула хвiлiн зь пятнаццаць. Рознагалосьсем птушыных песьняў усхадзiлася Гаравацкая пушча, перагаўквалiся па навакольлi сабакi, нейдзе ў Лiпавiцкiм двары рыкалi каровы. Пунсовым пажарам зацьвiла за гарбом Гараваткi неба. Спачатку ледзь чутна, а пасьля гулка загрукаталi ў лесе калёсы. Дзяцюкi трывожна пераглянулiся.
Параска канчала прывязваць палотнiшча, як раптам воддаль зь лесу выкацiлася на самакатах група жаўнераў у круглых шапках. Ззаду борзда гнала запрэжаная парай коней каляска. Першая ўгледзiла iх зьверху Макатунiшка.
– Гляньце, глянь!
– выставiла дзяўчына ўказальны палец i анямеў ад страху ейны голас.
Здарылася гэта так раптоўна, што дзяцюкi, забыўшыся пра ўсё, кiнулiся ў панiку. Не ў галаве мусiць быў Косьцiку ягоны верны абрэз, калi ўсе тры, як раптам спалоханыя курапаткi, нырцом iрванулi ў прыдарожны зарасьнiк. Калi й чуў каторы, дык нiводзiн не адклiкнуўся на ўтрапёны лямант Мактунiшкi, што бездапаможна ўверсе на браме калацiлася.
Яшчэ на хаду пасаскаквалi жаўнеры з самакатаў i колькi раптоўных стрэлаў сьцебанула па прыдарожных кустох i дрэвах.
– Не страляць!
– раўнуў рослы, мурлаты капiтан.
– Псякрэў, бальшавiкi! Чорта якога цяпер у лесе знойдзеш, - плюнуў ён сакавiта ў той бок, куды дзяцюкi скрылiся. Вочы ўсiх жаўнераў, - а было iх больш дзесяцi, - прагна ўпiлiся ў Параску, што асiнавым лiстом дрыжэла ўверсе над групай помстай дыхаючых КОПаўцаў.
Наладаваная вайсковымi трантамi й амунiцыяй каляска спынiлася ззаду. Спакойна жваў даўгую саломiну й лейцамi стрымлiваў двух прыгожых коняў, выгадна расьсеўшыся на козлах здаравяка-хурман. Вiдаць пры доглядзе коняў зашмальцаваў свой зялёны мундзiр. Конi нецярплiва жвалi цуглi, топалi ў гужох, а белая пена з храпаў камякамi спадала на жвiр гасьцiнца.