Шрифт:
– Бальшавiкi, кажаш?
– няўцямна перапытала дачку матка. Дуня моўчкi спынiлася побач.
– Заўтра прыдуць. Сягоньнiка загадалi мне, каб я ўночы браму прышла строiць памагаць.
Цэлы дзень пацела пры малатарнi ў лiпавiцкага пана Параска. На захад сонца адкуль нi вазьмiся Павалiцкi Хвёдар з наказам.
– Дзе, якую браму?
– дапытвалася Макатунiха.
– Дык-жа гэтта на гацкiм гасьцiнцы пры казённым лесе.
– А што такое, мама?
– спытала Дуня.
– Параска кажыць, што заўтра бальшавiкi прыдуць.
– А хто табе сказаў, Параска?
– даходзiла Дуня.
– Свае сказалi... ты цiкавая такая, - буркнула Параска.
Макатунiха, такой весткай паднечаная, пра язык забылася. Колькi-ж гэта дачка клопатаў ей прынесла. Мала таго, што сваей бяды па вушы, дык-жа зьвёў нячысьцiк Параску з тымi, што па вязьнiцах бакi абiвалi, бальшавiцкую работу вялi. Сама найгорш, што дзяўчына, агулам паслухмяная, гэтта матчыны перасьцярогi на ўвагу ня брала, самадумам iшла. Макатунiхi пагрозы - быццам гарох аб сьцяну. А цi-ж iм, галечу церпячым, якая рагатая трасца патрэбна?
Навет i сама дзеўка не патрапiла-б вытлумачыць як у гэну калатушу ўвязла. Спачатку марыла яе бяссоньнiцай дзявочая туга па мужчыну, каторага прадчувала гэта - нiколi мець ня будзе. Цi-ж сакрэт, што ў сваей i суседнiх вёсках дзеўкi без замужжа старэлi? А хто-ж гэта калi зьмерыў усе таемныя глыбiнi, што нясе мор васеньнiх дзявочых гадоў? Невясёлая доля-мачыха ткне ў рукi серп, граблi, мялiцу цi прасьнiцу. Нi сьлёзы, нi ўздыханьнi пры цьмяным сьвятле за калаўротам не спатоляць сэрца дзявочага, што шчымець будзе па няспоўненых спадзяваньнях, нязбытых марах. Як краска незаплодненая, паволi зьвянеш-засьмягнеш у буднях беспрасьветных. У нязьлiчонай колькасьцi прынадных вобразаў паўстане перад табой зьява замужняга быту: матчына сэрца казычачы шчэбет дзетак, ласкi мужа каханага... Нязьведанае, неасягальнае...
I нiколi пагадзiцца ня зможаш, што за iншых ты горшая. Адылi ты ўсiм на воку, цi аднаму па дарозе замiнаеш. Людзi чэрствыя асудзяць, ярлык незаслужаны прычэпяць. А цi ведаеш, што мор чужых войнаў i акупацыяў зьвёў са сьвету твайго любага, каторы дзьверы ў сямейнае шчасьце адчынiў-бы?
Цяжкi кон прыгнуў да зямлi сьпiны сялянскiя, любоў i спагаду ў сэрцах блiзкiх змарыў. Быццам краты, тачылi ў неўрадлiвай зямлi свае норы, на сонца глядзець iх адвучылi. I хто-ж гэта, сваей горыччу перапоўнены, прытулак у сваiм сэрцы тваiм цярпеньням знойдзе? Ты-ж - жыцьцёвая няўдача, звычайны правал. Ты - калека-недарэка - не змагла навет усьпялiцца на ня так высокiя ступнi замужжа. I працу, i помач тваю любiць будуць, ды як паленам табой кiдаць. Няўмольная й неспатольная доля старасьцi дзявочай.
Зусiм незаўважна зьявiўся, Парасчыну галаву адурманiў спрактыкаваны ў зводжаньнi старых i маладых дзяўчат франт "драгомiшч". Прыйшлi гутаркi й шэпты па завугольлях, прыйшлi ўздыханьнi й фiзычныя парываньнi. Таемнай салодкай глыбiнёй авалодаў згаладалым целам дрыготка-бурны ў сэксуальнай поўнi кульмiнацыйны акт. А пасьля першага кроку прыйшлi наступныя. I гэтак беспаваротна.
Ды Лявон ня спынiўся на фiзычным авалоданьнi дзяўчыны. За палкiмi цалункамi прыйшлi нашэпты зусiм iншага характару. Не агледзелася заварожаная дзеўка, пакуль яшчэ зацяжарыла, як ногi ейныя босыя, пры цяжкой працы на нiвах парэпаныя, абiвалi начную расу, а за пазухай таiлiся якiя камунiстычныя афiшкi.
Запозна спанатрыла Шпунтовы хiтрыкi адурманеная Параска. Занаравiлася, упёрлася. Адылi Лявон не разгубiўся, па трапны аргумант у кiшэню ня лазiў. Калi не памаглi ласкавыя намовы, палiцыяй пагражаў. Прынесшы такi вялiкi ўрон беднай дзяўчыне, Лявон на сьвежую цалiну пайшоў, а шантажом Параску далей на падпольнай працы трымаў. I вось кара боская: прагная прынадным цялесным шчасьцем паласавацца, дзеўка глыбака ў дрыгву ўлезла. Ня было навокал ратунку. Як пясок на нязмазаных дзёгцем колах, памагалi гэтта матчыны перасьцярогi.
Балела за дачку сэрца матчына. Часамi нараджаўся сьветлячок спадзяваньня. А мо й зьменiцца калi на лепшае? Некаторыя-ж кажуць, што бальшавiкi за бедных стаяць, паноў i багатых з наседжаных гнёздаў вытурваюць. Можа й Макатуном пасобяць. Каму як каму, а Макатунiсе дапякла беспрадонная галеча.
Зiрнула задумана матка на дачок i задрыжэў хваляваньнем ейны голас.
– Дачушка, я-ж знаю, што каб i прыказала табе дома сядзець, дык усiроўна панясець цябе... Дык iдзi-ж, Бог з табой... толька глядзi асьцярожна, каб чаго...
Макатунiха чмыхнула ў нос, пусьцiла сьлязу.
– Добра, мама, - пасьпяшыла запэўнiць яе Параска.
Цалюткую ноч Макатунiха бяссоньцай марылася, быццам што дрэннае прадчувала. Нейдзе на золаку раскатурхалася Дуня, дзьвярмi скрыпнула. Чульлiвае вуха разбудзiла з паўдрымоты матку. Нылi на мулкiм палу бакi. Праз замурзаныя ваконцы, на якiх ужо бзыкалi мухi, цiснуўся ў хату новы дзень. Апраналася. Трывожнае вока зiрнула на пустое месца, дзе звычайна спала Параска. Накрыла дзетак, зiрнула на Алену, што салодкiм сном спала, ды на двор паклыпала.