Шрифт:
Засьнежаная краiна спрыяла "вызвольнiкам" у вадным галоўным мерапрыемстве, пра каторае не адразу даведалiся сяляне. Звычайна пасьля поўначы, калi сьпяць працавiтыя й сумленныя людзi, на маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя засьценкi наляталi ўзброеныя людзi. Работу сваю намагалiся рабiць цiха, каб не спасьцерагло непаклiканае вока. Прыблiжалiся да аб'екту цiха, як зданi, пазладзейску. Настойлiвы стук у дзьверы раскатурхваў перапалоханага гаспадара. Абмундзiраваныя, узброеныя людзi ўрывалiся ў гасподу, як каршуны на кволых птушак, наляталi на сонных людзей, загадвалi неадкладна ў дарогу зьбiрацца. Не, зусiм нiякiх рэчаў нi запасаў браць з сабой ня трэба. Заўтра, цi дзень пасьля, вялiкадушны валадар усiх дахаты адпусьцiць. Вось адно цяпер "быстрэй, быстрэй!"
Людзi са зброяй былi надзiва негаваркiя. Дзе не памагаў ляканiчны загад, там пагрозьлiва пераконваў кантаваты штык. Плач дзетак, праклёны матак, стогны слабых цi нямоглых не сягалi непаклiканых вушэй. Хапуны лётам кантралявалi маёмасьць "ворагаў народу", найбольш цэннае пхалi ў свае кiшэнi. Дрэнна апранутых людзей выкiдалi празь дзьверы ў санi ды, насядаючы на коней, зьнiкалi ў марознай сьнежнай далi.
– Вывозяць!
Жахлiвае, крылатае слова шырылася па ваколiцы. Слова падстрэлiлi. Каму трэба, "народная ўлада" дала грунтоўныя выясьненьнi. Iншыя-ж, перапалоханыя цьвёрдай рукой улады, без адвалокi прышчамiлi языкi.
27
Хутка зыходзiў зiмовы дзень. Высыпаўшы з двухпавярховай гацкай школы, дзецi таропка разыходзiлiся. Найбольш вярталася ў мястэчка. На выглажаных палозьзем дарогах вясковыя вучнi азiралiся, каб нагледзець якога добрага дзядзьку, што дахаты падвёз-бы.
Маўклiва йшоў побач Дунi Янук. Думаў. Было шмат новага й цiкавага, сэрцу блiзкага. Няведама дзе гутарку пачынаць. Бянтэжыўся быццам гэны прыказачны камар у абозе нудыстаў, Мусiць тыднi тры назад вярнуўся Янук у школу. Сталася гэна зусiм нечакана. Неяк павячэраўшы, сказаў бацька сыну:
– Зьбiрайся, Янучок, у школу.
Хлапец разявiў рот.
– Ты, тата, жартуеш цi што?
– Чаму-ж жартую? Кажу, iдзi ў школу. Ты-ж хочаш, не?
Бацькавы вочы пазiралi на яго шчыра шчыра й проста, быццам гаварылi: што-ж ты скрываеш, абiбок? Цi-ж ня вiдаць, што аж пiшчыш, як у школу хочаш?
Янук спасьцярог добра ведамую iскрынку ў бацькавых вачох i ведаў, што не яму скрываць што. Ужо колькi разоў хадзiў на вячорныя курсы ў лiтоўскай школе, дзе "паруску" вучылi. Сын сачыў бацьку. Кавалак панскай зямлi быццам сьвежай жыватворчай хваляй падзеяў. Паясьнеў бацькаў твар, зьнiкла крактаньне-нараканьне, перастала дрыжэць спрацаваная рука, калi на прыгожыя, роўныя ськiбы бохан хлеба рэзала. Праўда з-пад жорнаў хлебкаструбаваты быў, але-ж ён свой, ня той, за каторым у "сяльпо" трэба было гадзiнамi ў чарзе калець. Цяпер у гутарках ня зводзiлiся пляны пра ўрадлiвы кавалак зямлi.
– Гэта-ж ня тое, што мой клiнок пяску, - мяркаваў Бахмач, - дзе, казаў той, адно калiва здругiм нi суседзiла. Там-жа зiмля-зямелька, сам-жа вунь працаваў на ей, знаю...
Так гаварыў адроджаны, уздужэлы чалавек, што кагадзе пра сэнс спадзяваньняў забыўся. У хаце жылi будучыняй. Яна поўнiла арганiзмы сiламi, налiвала жыватворчымi сокамi цi ня ўсе змораныя клеткi гэтай гаротнай сям'i.
– Дык чаму-ж не, - прызнаўся Янук, - хацець хачу ды яшчо вунь як. Алi-ж хто дома рабiць будзiць?
– Ты во нi бядуй, як кажу дык iдзi. Вучонаму сьвет адкрыты, а мы тут неяк рады дамо. Вясной-жа, чаго там, школа скончыцца i зноў памагаць будзеш.
Хлапца намаўляць ня трэба было. З радасьцi пад самую столь карцiла падскочыць. Гэта-ж колькi разоў ужо слова на языку было, ды не асьмельваўся. Ведаў бацькаву нямогласьць.
– А за каго-ж я буду вучыцца, тата?
– Як гэта за каго?
– Людзi-ж во вучацца то за вучыцеля, то за доктара, то за iнжынера...
– Гэта ты, сынок, надта ўжо разагнаўся, - усьмiхнуўся Пракоп. Цяперака пра гэта табе яшчо думаць ня трэба, пакуль тое прыйдзiць... Я-ж знаю, што яны накш чымся Палякi тыя вучаць. Гэтта я нi пра язык гавару, а праграму. Дык работы будзiць... А кiм будзеш, - паглядзiм. Хто ведаiць, як яно далей пойдзiць...
Пры апошнiх словах захмарылася бацькава аблiчча. Баяўся Янук, каб не раздумаўся раптам бацька й не назваў усяго, толькi што сказанага, благiм жартам. Але бацька не раздумаўся. Гэткiм чынам вярнуўся Янук у знаёмыя, калiсьцi iм аббеганыя-абабiтыя пакоi й калiдоры, ды вось цяпер яго хаджалыя ногi патраплялi Дунiным.
– Куды гэта ты павярнула?
Задумаўшыся, адразу не спасьцярог, што дзяўчына не пайшла праз пераезд, а павярнула ўздоўж чыгунак направа. Гэтта хадзiў дадому ўлетку. Нацянькi праз поле й лес было шмат блiжэй.
– Пойдзiм ля могiльнiку, скарэй будзiць, - адказала Дуня.
Яна мела наўвеце вайсковы польскi могiльнiк. Ляжаў на ўзгорку за паўкiлямэтры ад станцыi, а зараз-жа за iм пачынаўся лес i летам бегла празь яго выхаджаная сьцежка.
– А цi пройдзем-жа? Нi знаеш, цi завеяла?
– Казалi бабы, каторыя хадзiлi, што сьцежку даўно пратапталi.
– Ну глядзi.
Заходняе неба румянiлася тым гарэньнем, што варажыла люты мароз. Побач чыгункi зьзялi iнеем дрэвы. Скрыпеў пад нагамi сьнег. На станцыi пераклiкалiся паравозы, лязгалi буфары. Ля галоўнай вулiцы пыхцела дымам з комiну мястэчкавая электрастанцыя. Дзесь на той бок вагзалу, у гушчы вагонаў, пачаў паволi чмыхаць паравоз. Кiдаў уверх вялiзныя клубы дыму. Чмыханьне згусьцела, чорны слуп падняўся ў празрыстую марозную вышыню i ўжо здалёк чуваць было ззаду за паравозам тарахценьне сотняў калёс. Зь вялiкай чырвонай зоркай наперадзе, паравоз выпаўз з гушчы вагонаў, параськiданых па чыгуначных шляхох. Дабягаючы да сэмафору, ахутаў вучняў гарам i дымам, ды накiраваўся на маладэчанскую чыгунку. Янук i Дуня спынiлiся й прыглядалiся даўгому эшалёну, наладаванымi ваеннымi машынамi, танкамi, вялiкiмi скрынямi.