Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

– А хто табе казаў, што выбiруць?

– Ды як гэта хто? Сам таварыш Саладуха казаў, от хто.

Месяц зазьзяў трыюмфальным поглядам. Упэўненасьць гэтай дзеўкi нагадвала наiўна-дзiцяннае "мама казала, от хто".

– Дык ты мусiць тады проста ад падмятаньня паняй будзеш, як у дзiпутаты пападзеш, - кпiў Янук.

– Якой такой паняй?! Ты гэта што, ня чуў куды паноў вунь вязуць? Тамака яны ў тых вагонах выюць, iдзi паглядзi, - кiўнула дзеўка галавой у той бок, адкуль кагадзе юнакi ўцяклi. Твар ейны ўзгарэўся, спакойныя вочы заiскрылiся, ды ўсхадзiлiся вялiкiя грiдзi. Здавалася, што неўзабаве мякiш гэты, што тросься з паднечаньня як дрыгва, кiнецца на тых ненавiсных, выючых паноў. Жорсткая рэакцыя, што ажывiла гэту тушную й павольную асобу, мела асаблiвы камiчны выгляд.

– А гэта там у тых вагонах паны сiдзяць?
– падмiргнуўшы Януку, цягнула Маньку за язык Дуня.

– Няўжо-ж хто, - адказала дзеўка.

– А якiя гэта паны?
– пытаўся Янук.

– Ды чорт iх ведаiць якiя. Пасабiралi, панiмаiця, гэта барахло з маёнткаў, фальваркаў, адаўсюду...

– А калi iх iх пазьбiралi? Доўга так стаяць?

– Да ўжо нядзелю, верна, iлi болi, - адказала сiпатае альта.

– А есьцi iм даюць? Чаго яны выюць?

– Да я нi знаю. Верна нi даюць, да i нiкаво нi падпускаюць блiзка. I пускай здыхаюць, нашто iм есьцi...

– Дзецi там таксама ёсьцiка?
– спытаў Янук.

– Верна ёсьцiка, - неахвотна ўжо буркнуў "выдатны чалавек".
– Ды сказала я табе, есьлi хочаш узнаць дык пайдзi сам туды, а мяне нi спрашывай. Накога чорта яны мне...

– Нi распытвайся ты яе, - таўханула Янука Дуня.
– Ня вiдзiш, што злуецца? Iдзём замарудзiлi, позна ўжо.

Янук зiрнуў на пульхную дзеўку, памяркаваў, што, мусiць, больш ужо зь яе ня выпампуеш, ды рушыў побач Дунi. Бокам абыйшлi вакзал i накiравалiся на галоўную вулiцу. Ужо шарэла й электрычныя лямпачкi на слупох зiхацелi млявым сьвятлом. Мароз адзываўся пад нагамi храбусткой скарынкай пачарнеўшага сьнегу й цяў коньчыкi вушэй, канцавiны рук i ног. Янук угледзеўся ў сустрэчную лямпу й здавалася яму, што кашаль-чханьне далёкае электрастанцыi, чутнае праз навакольны гоман, хлiпала на дроцiку лямпы. Доўгая канцэнтрацыя на сьвятле сьветчыла адно, што хлапец дзесьцi далёка думкамi блудзiў.

Енк у вагонах... i мiлы, знаёмы тварык... кастлявыя, сiнiя рукi... i блiзкi галасок... спагада й розум... Што гэта й адкуль? Недзе яно вязалася разам. I Янук прыгадаў. Раптоўна спынiўся й Дуню моцна за рукi таргануў.

– Дуня, ведаеш што?

– Ну што?

Янук маўчаў i шырокiмi, ледзь прытомнымi вачмi пазiраў у дзяўчынiны пытальныя васiлькi.

– Кажы што. Нi трасi мяне, гавары!

– Гэта самае... от што прыпомнiў я... Знаiш, хто тамака пэўня ў тых вагонах сядзiць?

– Ну?

– Я думаю, што яны тамака.

– Хто гэта яны?

– Ну гэтыя-ж Старажонкi, хто-ж... з Галавачоў. Нi знаiш? Iх-жа, кажуць, таксама забралi, з панамi разам, от як...

I Янук моцна, голасна зарагатаў. Дуня пазiрала на сябру й ня ведала што рабiць.

– З панамi! Чуеш? Бiда аж пiшчэла, галапупых поўная хата, а яны от не абы зь кiм, а зь вялiкiмi панамi ў Сiбiр паедуць. Чуеш, Дуня? Што ты на гэта скажаш, га?

Старажонкi - шматдзетныя арандатары вялiкага неўрадлiвага фальварку. Глiна, глей, падзолак. Колькi iх бралася, грызла, калупала зямлю ды, плюнуўшы, адыходзiла. I Старажонкi паласавацца хацелi. Бацька малы, чарнявы, як корч, цяглавiты рабацяга. Ужо сына старэйшага, гадоў зь пятнаццаць, да працы падпрагаў. У хаце дзяцей як бобу, васьмёрка, мусiць. Жартаваў тады нехта, што папа рымскi наказаў, каб каталiкi размнажалiся, дык Старажонак надта заўзята ватыканскiя наказы выконваў. Хата-ж у фальварку была вялiчынёю на якi тузiн.

Старажонкава Верачка, хлёсткая малая цацанька, разам зь Януком i Дуняй у адной клясе засёды першай вучанiцай была. Ды што там для яе праграма школьная! Цэлы, здавалася Бахмачу, неабсяжны лiтаратурны сьвет знала: i Мiцкевiча, i Сянькевiча, i Рэйманта, i Жаромскага, i Гётэ, i Бальзака, i Шэкспiра. Янук пра некаторых тых вялiканаў першы раз чуў, а Верачка-цацанька iхныя творы чытала. Мала таго. Гэта ад яе пачуў Янук Купалавы, Цётчыны й Коласавы вершы. Зь ёю на якую хочаш тэму гавары. Часта дзiвiўся Янук, што дзяўчо, як казалi, вялiчынёю з кукiш, а колькi разуму Бог ей даў.

– Што ты хочаш, каб я сказала?
– глуха адазвалася Дуня, галаву апусьцўшы.
– Мусiць таму ўзялi, што яны Палякi.

– Палякi?
– перапытаў Янук.

– Ну, яны-ж каталiкi.

– Фэ, от i сказала, разумнiца, - скрывiўся Янук.
– Цi ты ведаеш, што мне гэта цацанька-Верачка адзiн раз казала?

– Што?

– Казала, што ня ўсе каталiкi ёсьць Палякi. Тыя, каторыя гавораць пабiларуску й роджаныя тутака, дык яны Бiларусы, хоць i каталiкi. Яна гэтак казала. I ведаеш яшчо што?

– Ну?

– Казала цацанька-Верачка, што калi-б так было, як Палякi кажуць, значыцца, што ўсе каталiкi ёсьцiка Палякi, дык трэба было-б тады ўсiх французаў, Гiшпанцаў, Iтальянцаў ды цiмала яшчо якiх Палякамi папiсаць. Дык цяперака сама вiдзiш, што Палякi наўмысна лухту паролi, народ наш ашуквалi. Дык Старажонкi нiякiя нi Палякi, от як.

– Цацанька-Верачка, мусiць праўду казала, - згадзiлася Дуня.

– А от папалiся й паедуць на Сiбiр тую. I за што?

У Януковым уяўленьнi зьявiлася малое, недарослае на свае гады дзяўчо. Анельскi тварык, вельмi разумныя й заўсёды вясёлыя вочкi. Цяпер-жа тая дзяўчына-цацанька (мянушка надзвычайна трапна характарызавала яе ўдома i ў школе) недзе, як у клетцы, зь дзеткамi калее. А мо каторага на руках трымае? А можа ўжо памерзьлi, цi з голаду душу Богу аддалi?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: