Шрифт:
I не ўяўлялi людзi такой нагоды, што прынадзiла-б старую на шырокi гасьцiнец. Падсьлепаватая, кволая, яна апiралася бярозавым кiёчком, мiргала выцьвiлымi вачмi. Ды хада яе наўзьдзiў борздай людзям паказалася.
Даўно-даўненька, гадоў паўтузiна цi больш заняло ей пакуль спатолiла горыч па Язэпку сваiм, што дзесь на японскай вайне прапаў. Прыйшла вялiкая беспрасьвецiца то ў наймах, то на сваей вузенькай палосцы. Сыны - малеча, iх накармiць i апрануць трэба было. Ажно ў трыццатых гадох найстарэйшы ў Расею лепшай долi шукаць пайшоў. Доўга сьлязiлася ўдава, на бальшаку прастойвала, праз маленькае ваконца на дарогу выглядала. Зусiм спадзяваньнi на сынаў паварот страцiла, калi Расею як у зрэбным мяху завязалi.
Цяпер-жа здалося жанчыне, што Бог ейныя доўгiя малiтвы нарэшце выслухаў, зрэбны мех разьвязаў. Можа-ж можа й ейны Сьцёпка-галубок вернецца. Дападлiвая Аўдоля першая старую Пятушыху спасьцерагла.
– Глянь, ты, глянь, ягодка мая! Божачка ясны, - таўханула Пiлiпаву Аксеню, - а гэта што вылiзла?
Старая цiснулася наперад. Пад пахай трымала нешта загорнутае ў ручнiк, прастакутнае хвормы. Сiвыя валосы рассыпалiся з-пад новае хусьцiнкi ў клеткi, кутамi пад бараду завязанай. Мо на сьмерць дзе яе ў куфры трымала. Апранулася ў белую кужэльную блюзку, цёмна-руды андарак, басаногая. Затрымалася. Борзда мiгаючы вачмi, зiрнула на людзей i машыны ды разгарнула ручнiк. У руках трымала iкону Збаўцы, мо тую самую, каторай калiсь мужа й сына праводзячы на чужыну багаслаўляла.
Маўклiва прыглядалася рухлiвай бальшавiцкай калёне. Мала хто ведаў-бы, калi-б давялося, як i пра што са старой пачаць гутарку. Танкi гэным часам сьцiшылi ход i зусiм спынiлiся. Пятушыха прыблiзiлася да вялiкай запыленай машыны, ды высака над галавой падняла iкону. Людзi з панцырнай пачвары прыглядалiся дзiвоснаму зьяўленьню.
– Сыночкi мае, саколiкi мiлыя, нiхай вас Бог багаславiць!
– прамовiла надзiва выразным голасам, iконай зрабiла знак крыжа. Зморшчыўся сухi й жоўты твар танкiста зьверху.
– Это что ў вас, матушка?
– Гасподзь Iсус Хрыстос наш, сынока. Нiхай памагаiць вам...
– Да что вы шутите, матушка? Мы без Бога уже лет двадцать, на кога чорта он нам, - разрагатаўся маскаль.
Старая страсанулася, быццам гадзюка яе джгнула, але падыйшла амаль упрытык да машыны. Людзi чулi колкiя танкiставы словы.
– Ды ты-ж, сынок, нi гавары так... няможна на Бога, грэх.
– дрыжэў Пятушыхi голас.
Быццам адганяючы назойлiвага авадня, махнуў маскаль на старую рукой. Танкi рушылi раптоўна. Пахiснулася Пятушыха й моцныя рукi падхапiлi яе ззаду, ад гусянiц адвалаклi. Каторым давялося нядзвычайную тую сцэну бачыць, да болю горка было глядзець на дрыжачую, з iконай у руцэ, старую, што ледзь на нагах трымалася, сьлёзы выцiрала. А з-над брамы адным прастрэленым i другiм цэлым вокам касавурыўся ўнiз бяздушны дыктатараў твар.
6
Ужо добра пакарацеў сонечны дзень, калi некаторыя сяляне, уволю пылу наглытаўшыся, бiнзiннага смуроду нанюхаўшыся, прыгадалi, што ад раньня нiчога ў ратох ня мелi. Пракоп паклiкаў сыноў, а Алесь - жонку й дачку. Маладыя не хацелi дадому йсьцi. Iм-бы тут цэлы дзень пралiпець i то можа мала было-б. Адно калi пачулi абяцанку, што могуць пасьля паўдня назад вярнуцца, павалаклiся ўсьлед за бацькамi.
Iшлi моўчкi. Ладны кавалак ад гасьцiнцу адыйшоўшы, спынiлiся на лекаравым жытнiшчы. З узгорку вачом iхным паказалася надзвычайнае зьявiшча. Ад глоткi гасьцiнцу ў пушчы ды аж да павароту за чыгуначным пераездам пад Лiпавiчамi, шлях стагнаў пад цяжкiмi стальнымi машынамi. Гульлiвым рэхам адклiкалася Гаравацкая пушча, шырокiм разьлiўным гоманам поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi. I здавалася, што адно стальныя круглыя вежы, з таўстымi цыгаркамi наперадзе, паўзьлi па шэра-рудой кудзелi густога пылу. Дзесь у гэны суцэльны гул з боку Дубовiчаў уварвалася кволае бомканьне царкоўных званоў.
– Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, - iранiчна кiнуў Алесь.
– Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць!
– ахнула Кацярына.
Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.
– Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, - спасьцярог Пракоп.
– Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.
– Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.
Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.
– Ня веруць?
– зьдзiвiўся Алесь, коса на жонку зiрнуўшы, - дык цi-ж Абуху Бог трэба? Ён-жа табе любога Бога за пару пудоў жыта на рынак папёр-бы.
– Ды чаму-ж не... папёр-бы, чорт пайсаты, - згадзiўся Пракоп.
Мiнулi доктараў двор, падыйшлi да Пракопавай хаты. Насустрач, абапiраючыся мылiцай, чыкiльгаў пасярод вулiцы дзед Якуб. Патрыярх лiтоўскi занемагаў мусiць апошнiмi часамi, бо рэдка калi з прызбай сыновай хаты расставаўся. Гулкая нясусьвецiца на гацкiм гасьцiнцы даплыла мусiць i да ягоных глухаватых вушэй.
– Здаровы, Пракоп, Алесь, Кацярына, - прывiтаўся здалёку.
– Што гэта дзе робiцца? Маiх ня вiдзiлi?
Голас, як на стары век, быў надзiва звонкi й выразны.