Шрифт:
– Чым мне Бог сагразiў, што я поўну клець скрыняў навазiў?
Можна таўчы
Сыны пажанiлiся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацiкi яму:
– Чаму рукi ня мыў. Можа, трымаўся.
– Маiм яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя...
Могуць на хаду
Мама казала:
– Што цяперашнiя за танцы. Труцца перадамi, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзiця зробiць.
А цi ўмее
Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:
– Дачка цi нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А цi ўмеiць яна жаць?
Матырынцы
Матырынцы трывала ўвайшлi ў показку: "Цалуй тата маме ў сраку, - матырынцы рог укралi". Што гэта быў за рог - у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, цi карэнны вушацкi чалавек, цi наезджы. Неяк ехалi з "Прарыву" з Васiлём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкi. Васiль меркаваў, што маглi быць першапачаткова Бугрынкi. Прагаласавалi дзяўчаткi. Узялi iх у аўтобусiк наш. Пытаюся, што зрабiлi матырынцы? Толькi адна сарамяжлiва заўсьмiхалася.
Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архiрэя прымалi. Вырашылi пабудаваць туалет, ды ня абы-якi. Калi высокi госьць зробiць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткi для мыцьця падлогi з наматанай мяккай анучкай павiнна адпаведнае месца выцерцi. I ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архiрэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робiцца. Чалавек, якi стаяў недзе ўнiзе ў яме цi збоку, вырашыў, што нячыста выцер, i правёў гэтым, так бы мовiць, квачом архiрэю па губах. I да сёньня нiводзiн архiрэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якiя рог укралi. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасiце, матырынцы, прыеду сьвянцiць. Нiбыта гэта сказаў усё ж на разьвiтаньне ўгневаны архiрэй.
Разьвiталася
Прыйшла маладзiца на споведзь. А бацюшка яе й пытае:
– Цi ласкава ж ты разьвiталася-папрашчалася з мужам сваiм?
Маладзiца адказвае, што ня было часу калi разьвiтвацца. Бацюшка раiць пайсьцi i па-добраму разьвiтацца з мужам, каб Бог усе грахi дараваў. Бо чалавеку ў злосьцi ў царкве грахi ня адпушчаюцца.
Пабегла маладзiца раз, нешта буркнуўшы свайму мужыку, пабегла другi, пабегла й трэцi. Усё вяртаў яе бацюшка, кажучы, каб палюбоўна разьвiталася. Прыбегла апошнi раз пад вакно й пракрычала хуткамоўкай:
– Прашчай, пранцавей, каб цябе балесь забiла! Час сьцёрла, лапцi зьдзёрла i ў споведзi ня была!..
Дай Божа!
Да сьвятара прыйшла дзеўка-перастарак. Як у нас казалi, яна на высадкi засталася. I дапытваецца ўсё ў айца, цi выйдзе замуж. Ён глядзiць на несхлямяжую дый прагаворвае:
– Дай Божа, дай Божа, ды ня ведаю...
Талкуёчак
У Вушачы, дакладней у "Пралетарыi", ў адной сям'i была мянушка Талкуй. Нiхто ня ведаў сапраўднага прозьвiшча гаротнiкаў. Адзiн з Талкуёў цёпла прыжанiўся ў суседняй вёсцы. Зажыўся. I ў базарны дзень прывёз у Вушачу прадаць баранiну. Кожны хацеў ласейшы кавалак. Каб з ныркай капусту варыць, марыць шмат ня магло, але ня хацелася ж нiкому i голых касьцей. I пачалi паддобрывацца цi, як у нас кажуць, падхлеблiвацца:
– Таварыш Талкуёў. Даражэнькi Талкуёчак...
А ён толькi болей халяруе.
Цясютка
Вушача была партызанскай сталiцай. У Леплi стаяў нямецкi гарнiзон. Адпаведна й частка вушацкiх палiцэйскiх там была. Пасьля вайны былыя вушацкiя партызаны панадзiлiся ў Лепля па кароў. Прызнавалi сваiх. Часам i чужую карову за сваю прызнавалi. У Вушачы жыў Сiмкiн. I ён вырашыў "прызнаць" карову. I прызнаў. Але гаспадынi ня надта каб хацелася аддаваць сваю кароўку ў чужыя рукi. Справа дайшла да суда. У Сiмкiна й пытаюцца:
– Чым вы можаце давесьцi, што карова вашая?
– Я ёй кажу: цясютка, а яна мне ў адказ: мммууу...
Туды й чапляй
У Вушачы было дзьве мацi-гераiнi. Абедзьве былi вясёлыя й вострыя на язык. Iх так i звалi - гераiнi. Аднае зь iх трэба было ўручыць адпаведны ордэн. Даручылi намесьнiку старшынi райвыканкама, крыху сарамлiваму не па пасадзе. Вiншуе гераiню i чапляе ордэн. Яна:
– Куды ты мне чапляеш?
– Ну, вядома, на грудзi.
– Чым заслужыла, туды й чапляй!
Вiдаць, i ты...
Ажанiўся бедны з яшчэ бяднейшай. Зжылiся, як кажуць, на самоў хвост. Прыйшла вясна. Iдзе жанацiк, а яго ветрам у бакi водзiць. На траву выйшаў бычок. Схудалы. Скура ды косьцi. Глядзеў-глядзеў на яго жанацiк дый кажа:
– Вiдаць, i ты, бычок, жанаты...
А ты лыжачкай
Завiтаў у хату салдат. Маладзiца засмажыла служываму яечню ў калена, як кажуць вушацкiя. Паставiла на стол. Пасадзiла разам з салдатам i сынка. Сама завiхаецца каля печы (так i рупiць ужыць гэтую класiчную фразу з нашае побытнае прозы). Ледзь малы памкнецца да патэльнi, госьць коле ягоную руку вiдэльцам.