Вход/Регистрация
Здубавецьця (кнiга) (на белорусском языке)
вернуться

Бородулин Рыгор

Шрифт:

Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькi й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцiнца. Дзед радасна й просiць унучка:

– Пакажы, дзе твой тата?

– Во - паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вiсiць на сьцяне за шклом.

Павiнны быць

Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Iдзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. I сур'ёзна пытаецца:

– Тата, тата, а ў грыбоў вочкi ёсь?

– Павiнны быць!

Кароткi адказ

Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купiць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, якi жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:

– Мiкола, як там бацька?

– Гатоў!
– коратка адказаў сын.

Маладому й сьмерць ня ў страх.

Андарак

Сьвякроў ня любiла нявестку. Усё нявестка была ёй вялiка. Ходзiць па хаце сьвякроў дый бурчыць:

– За гэтай нядарэкай нiдзе ня пройдзеш.

– Дык яе ж няма, - кажуць старой гаспадынi.

– Як няма? А вунь жа ейны андарак вiсiць.

Самая прыгожая

Птушанятка выпала з гнязда. Птушкi падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто мацi. Птушанятка адказвае, што ягоная мацi самая прыгожая. Прыляталi зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што мацi прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:

– Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце...

Як пан

Пасварылiся муж з жонкаю. I адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць i разважае перад сном:

– Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку...

Кожнаму сваё.

Адкупiць

Сыну, якi ня паважае мацi, ня клапоцiцца пра яе, напамiнаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасiла. Ён адказвае:

– Я магу ёй адкупiць суды малака. (Суды - два вядры).

Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.

Цяжка

Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькiя засталiся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылi яго й спалохалiся. Калi прыляцела мацi, пачалi распавядаць пра страшнога ды вялiкага гасьця. Плiска шашэрыла пер'е, хацела зрабiцца вялiкай, каб дзеткi прызналi ў ёй таго, хто напалохаў iх. Глядзелi, глядзелi яны дый кажуць мацi:

– Хоць ты лопнi, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.

Цяжка малому ўяўляць вялiкае.

Пераможца

Самым лепшым участковым у раёне лiчыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусiм прапiў галаву, ня падавалi зьвестак са свайго ўчастка, а складалi сабе графiк, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзiць. Яно ж мiлiцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьцi, як цыгану па драбiнах.

I вось у вушацкiм Доме культуры ў дзень мiлiцыi аб'яўляюць пераможцаў у спаборнiцтве за цьвярозасьць i парадак. Называюць першага па раёну й клiчуць на сцэну атрымаць сувенiр. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьцi. Вiдаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмялiўся на дарогу...

Прамачыць горла

Гаспадар, вялiкi жмундзяк, баiцца, што парабкi шмат зьядуць. Перад ядой прымушае iх пiць ваду. Так, думае ён, у iхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелi, цярпелi парабкi, пакуль адзiн ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:

– Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!

Гаспадар пачуў i спалохаўся. Перастаў паiць вадой перад ядой.

За парабка

У Петруся Броўкi быў брат, якi жыў таксама ў Менску. Iншы раз, калi куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасiў брата прыглядзець за дачай. Пакармiць ката й маленькага сабачку. (I прымаўка казала: маленькi сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцiлкавiчы да Броўкавай пляменьнiцы дый скардзiцца ёй на сваю долю:

– Яны мяне за парабка маюць. Я ж у iх скацiну гляджу...

I выцерся

Пайшлi мы з мамай у Купалаўскi тэатр на чарговы юбiлей Кандрата Крапiвы. Ад iмя партыi як свайго вернага спадручнага юбiляра вiтаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправiльна вымаўляючы беларускiя словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыi пацалаваў Крапiву. (У крапiве толькi любiцца кепска.) Я нiчога ня заўважыў, а маме кiнулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.

Дык i едзь!

Хлопец з вушацкай вёскi стаў мараком, да капiтана дарос. Але жонка ўпрасiла яго перайсьцi на ейнае прозьвiшча ў памяць пра любiмага бацьку. А то род зводзiцца. У iх дзяўчаткi гадуюцца. I зрабiўся хлопец з Балабоўкi (даўняе чыста вушацкае прозьвiшча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькi сын, але ня з бацькавым прозьвiшчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымi эпiтатамi:

– Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я - палiцэйскiм быў, цi ўкраў што, цi забiў каго? Стаў Бальшаковым, дык i едзь бальшаком!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: