Шрифт:
Уважылi
Пад час акупацыi да подпiсу пад партрэтам Гiтлера "вызвалiцель" нехта дадаў "ад мяса, ад малака, ад усяго добрага".
Пасьля вайны ў чахлым вушацкiм скверыку гiпсаваму Ленiну, каб ня азяб, надзелi фуфайку й у працягнутую руку паклалi некалькi мёрзлых бульбiн.
Правадыра ўважылi!
Запомнiла
Лiсiца, шукаючы спажывы, ушчамiлася ў карчэўе. Ня магла галаву выцягнуць. Заяц прыладзiўся дый зрабiў усё, што трэба. Назаўтра бяжыць лiсiца на шарэньнiку, добра ня разгледзеўшы ўчарашняга палюбоўнiка (вушацкiя на хахаля казалi сюбар), вясёла вiтае:
– Здароў, бобра!
– Бобра ня бобра, але вылюб добра!
Тады й надзенеш
Старшыня сельсавету, як i належыла на такой пасадзе, пiў бяз пальцаў. (Звычайна, калi цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часiнах у пойла кладуць пальцы, i паёнiк прывыкае пiць.) Жонка абнасiлася. Запрасiлi на нейкiя гулi. Жонка й лямянтуе, што няма чаго надзець.
– А ты надзень сукенку ў гарошак.
– А дзе яна? Няма.
– Як будзе, тады й надзенеш.
I сам дзiўлюся
Прахапiўся сярод ночы гаспадар, i нешта павяло яго ў клець. А там злодзя. Гаспадар за няпрошанага госьця, аж гэта - кум. Дзiва, дый годзе: i кум i злодзя. А тут яшчэ начны госьць дадае:
– Дзiвiся, кумок, i сам дзiўлюся: клаўся на печы, а прачхнуўся ў кумавай клецi...
Добра яшчэ, што хоць ня каля кумы прачхнуўся!
Ды спаць
Цыган прыйшоў наймацца касiць сена да гаспадара. У цане сышлiся. Тады цыган кажа, што трэба пасьнедаць. Прынесла гаспадыня сьнеданьне. Пасьнедаў ды зноў сядзiць.
– Чаму касiць ня йдзеш?
– пытаецца гаспадар.
– А давай, бацька, я заадно й паабедаю.
Паабедаў. Сядзiць. На запытаньне прапанаваў:
– А давай, бацька, я й павячэраю. Тады цэлы дзень касiць буду.
Калi зьеў i вячэру, вясёла заявiў:
– А павячэраўшы - ды спаць!
Шчодры
Пан даў бабцы грош. I, як толькi сустрэне дзе старую, пытаецца:
– Бабка, я табе далэм грош?
– Дзякую, паночку, даў.
Адказвала, адказвала бабка на адное й тое ж пытаньне пана, ды ўсё ж ня вытрымала. Падала няшчасны грош шчодраму пану, прыгаворваючы:
– Забiрай назад. Я такую ласку i ў жыда знайду.
Што паслаў
Маладзiца ўзяла маленькага сынка з сабою ў лазню. Памыла, прыхаiла. Апранаюцца ў прымыльнiку. Сынок, угледзеўшы ў мацi нешта не такое як у бацькi, спытаўся:
– Што гэта ў цябе?
– Што Бог паслаў, - у сьмяху адказала маладзiца.
Дома зьбiраюцца на вячэру. Гаспадар пытаецца:
– Што вячэраць будзем?
– Што Бог паслаў, - традыцыйна кажа гаспадыня.
Сынок, пачуўшы матчыны словы, запярэчыў:
– Хай тое чорт есьць, што Бог паслаў!
Мазюка
Мой апошнi крэўнiк па бацькавай лiнii Пятрок як ня ўсё жыцьцё праезьдзiў спачатку як шафёр, а потым як газавiк (вялi газапровад па тэрыторыi былога Саюза, яшчэ тады нярушнага) сьвет з прысьветкам. Мова ў яго, натуральна, як у Дземянцея, з ухiлам да расейскае. Але што ў маленстве чуе чалавек, адгукнецца празь дзесяткi гадоў. Капалi недзе на Пскоўшчыне чарвей, на рыбу йдучы. Пятрок бярэ аднаго й кажа "мазюка". Рабочыя ня зразумелi, што такое мазюка. Тады Пятрок выхiтрыўся й сказаў: па-беларуску чарвяк - мазюка. У нас малому, у якога выскокваў стручок са штонiкаў, казалi, каб схаваў мазюку.
Жаласьнiк
Адносна выхаваньня жонкi ў народзе былi рэкамендацыi, якiя розьнiлiся ад шэксьпiраўскiх. Хоць бы такiя: "Бабу бi молатам, зробiш золатам. Бi жонку, як шубу, а любi, як душу". Адзiн вушацкi жаласьнiк, адчуваючы прылiў гневу праведнага, крычаў нецярплiва:
– Дунька, надзявай шубу - бiць буду!
А некаторыя вушацкiя жанкi былi перакананыя: калi ня б'ець, значыць ня любiць...
Руплiвы
На размазьняватага чалавека ў нас ёсьць цягучае слова, якое расьцягвае гукi, нiбыта мярлiна ногi валачэ: нявывалака. Была й такая прасьмiшка:
– Пакуль бацька змалацiў, сын - жох - i, абуўся, пакуль бацька з току прыйшоў, памыўся, а сын - жох - i пад'еў!
Параднела
Дзеўка нарадзiла дзiця. У адчаi надумалася яго ўтапiць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалi пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параiла:
– Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапiць.
Прыйшла дзеўка да рэчкi, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзiця, мацi ў дзеўцы прачнулася.
Толькi сярпок вазьму
Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазiмоўвала. Суседкi пытаюцца ў гультайкi:
– Чаго ты сачыўку ня жнеш?
– А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохнiць, унучка замуж зойдзiць, а я памру.
Зiма настала. Агарнуў холад, засьцiг голад. Есьцi хочацца. Пад страхой венiк вiсеў i калодачка. Вецер як усходзiцца - венiчак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
– Зараз, зараз. Толькi сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
Выйдзе, а нiкога няма.
Во!