Шрифт:
– Дык вы i дабiваецеся, каб яго арыштавалi? Я вас правiльна зразумеў? спытаўся Стравiнскi.
"Ён разумны, - падумаў Iван, - варта прызнаць, што i сярод iнтэлiгентаў таксама трапляюцца зрэдку разумныя. Гэта нельга адмаўляць!" - i адказаў:
– Правiльна! А як не дабiвацца, самi падумайце! А мяне сiлаю затрымалi тут, суюць лямпаю ў вочы, у ванне купаюць, пра дзядзьку Федзю распытваюць!.. А яго ўжо даўно на свеце няма! Я патрабую, каб мяне неадкладна выпусцiлi.
– Ну што ж, слаўна, слаўна, - адазваўся Стравiнскi, - вось усё i высветлiлася. Сапраўды, якi сэнс трымаць у бальнiцы здаровага чалавека? Добра. Я вас адразу ж выпiшу, калi вы мне скажаце, што вы нармальны. Не дакажаце, а толькi скажаце. Ну, вы нармальны?
Тут запанавала поўная цiшыня, i тоўстая жанчына, якая ранiцай даглядала Iвана, паглядзела на прафесара, як на бога, а Iван яшчэ раз падумаў: "Праўда, разумны".
Прапанова прафесара яму спадабалася вельмi, аднак перш чым адказаць яму, ён добра падумаў, наморшчыўшы лоб, i сказаў цвёрда:
– Я - нармальны.
– Ну вось i слаўна, - аблегчана ўздыхнуў Стравiнскi, - а калi так, то давайце думаць лагiчна. Возьмем ваш учарашнi дзень, - тут ён завярнуўся, i яму адразу ж падалi Iванаў аркуш.
– У пошуках невядомага чалавека, якi назваўся чужаземцам, знаёмым Понцiя Пiлата, вы ўчора ўчынiлi наступнае, - тут Стравiнскi пачаў загiнаць доўгiя пальцы, пазiраў то на паперу, то на Iвана, павесiлi на грудзi iкону. Было?
– Было, - панура згадзiўся Iван.
– Упалi з плота, абабiлi твар. Так? З'явiлiся ў рэстарацыю з запаленаю свечкаю ў руцэ i ў адной бялiзне, а ў рэстарацыi збiлi некага. Прывезлi вас сюды звязанага. Адсюль вы тэлефанавалi ў мiлiцыю i патрабавалi прыслаць кулямёты. Потым паспрабавалi выкiнуцца з акна. Так? Спытаю: цi можна такiм чынам каго-небудзь злавiць цi арыштаваць? I калi вы чалавек нармальны, то самi адкажаце - нiколi. Вы хочаце пайсцi адсюль? Калi ласка. Але дазвольце запытацца, куды накiруецеся?
– Вядома, у мiлiцыю, - адказаў Iван i ўжо не гэтак упэўнена i цвёрда адчуваў сябе ад прафесарскага позiрку.
– Адразу адсюль?
– Угу.
– А на кватэру сваю не заедзеце?
– хутка спытаўся Стравiнскi.
– Няма часу туды заязджаць! Пакуль я па кватэрах буду раз'язджаць, ён змыецца!
– Так. А што ж вы найперш скажаце ў мiлiцыi?
– Пра Понцiя Пiлата, - адказаў Iван Мiкалаевiч, i вочы ў яго затуманiлiся.
– Ну вось i слаўна!
– усклiкнуў пакораны Стравiнскi i звярнуўся да таго, што быў з бародкаю, загадаў: - Фёдар Васiльевiч, выпiшы, калi ласка, грамадзянiна Бяздомнага ў горад. Але гэты пакой не займаць, бялiзну можна не мяняць. Праз дзве гадзiны грамадзянiн Бяздомны будзе зноў тут. Ну што ж, звярнуўся ён да паэта, - поспеху вам жадаць не буду, таму што ў поспех нi кропелькi не веру. Да хуткай сустрэчы!
– I ён устаў, i свiта яго варухнулася.
– А чаму я буду зноў тут?
– трывожна спытаўся Бяздомны.
Стравiнскi быццам i чакаў гэтага пытання, адразу ж сеў i загаварыў:
– А таму, што як толькi вы з'явiцеся ў мiлiцыю ў кальсонах i скажаце, што бачылiся з чалавекам, якi асабiста ведаў Понцiя Пiлата, - вас iмгненна прывязуць сюды, i вы зноў апыняцеся ў гэтым самым пакоi.
– Пры чым тут кальсоны?
– разгублена азiраючыся, спытаўся Iван.
– Галоўным чынам Понцiй Пiлат. Але i кальсоны таксама. Казённае адзенне мы ж з вас здымем i выдадзiм ваша адзенне. А вас прывезлi ў кальсонах. А мiж тым заехаць дадому вы не збiраецеся, хаця я вам i намякнуў на гэта. Далей будзе Пiлат... i ўсё гатова!
Тут нешта страшнае адбылося з Iванам Мiкалаевiчам, i ён адчуў, што слабы, што яму патрэбна парада.
– Дык што ж рабiць?
– спытаўся ён на гэты раз ужо нясмела.
– Ну вось i слаўна!
– сказаў Стравiнскi.
– Гэта рэзоннае пытанне. Цяпер я скажу вам, што з вамi здарылася. Учора вас нехта моцна ўразiў расказам пра Понцiя Пiлата i iншымi жахамi. I вось вы, нервовы, змучаны чалавек, пайшлi па горадзе з расказамi пра Понцiя Пiлата. Натуральна, што вас прымаюць за вар'ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным - у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут.
– Але яго патрэбна злавiць!
– з мальбою ўсклiкнуў Iван.
– Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць.
– Зразумеў!
– рашуча заявiў Iван.
– Прашу выдаць мне паперу i пяро.
– Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, - загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: - Але сёння пiсаць не раю.
– Не, не, сёння, абавязкова сёння!
– устрывожана ўскрыкнуў Iван.
– Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра.
– Ён уцячэ!
– Ды не, - упэўнена сказаў Стравiнскi, - ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне?
– раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: - Вам тут памогуць... вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць... вам тут памогуць... Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна... Вам памогуць...