Шрифт:
I вось Сцёпа застагнаў. Ён хацеў паклiкаць хатнюю работнiцу Груню i запатрабаваць у яе пiрамiдон, але паспеў здагадацца, што гэта глупства, што нiякага пiрамiдону ў Грунi няма. Паспрабаваў паклiкаць на дапамогу Берлiёза, двойчы прастагнаў: "Мiша... Мiша...", але, як разумееце самi, не атрымаў адказу. У кватэры панавала поўная цiшыня.
Паварушыў пальцамi на нагах, здагадаўся, што ляжыць у шкарпэтках, дрыжачаю рукою правёў па бядры, каб вызначыць, у штанах цi без штаноў, i не вызначыў.
Нарэшце, пакiнуты ўсiмi i адзiнокi, вырашыў устаць, якое б нечалавечае намаганне не спатрэбiлася.
Сцёпа разляпiў склееныя павекi i ўбачыў, што адлюстроўваецца ў трумо ў выглядзе чалавека з валасамi, якiя тырчаць ва ўсе бакi, з апухлаю, пакрытаю чорнаю шчэццю фiзiяномiяй, з вачыма, якiя заплылi, у бруднай сарочцы з каўняром i гальштукам, у споднiм i ў шкарпэтках.
Гэтакiм ён угледзеў сябе ў трумо, а побач з люстрам ён убачыў незнаёмага чалавека, апранутага ў чорнае i ў чорным берэце.
Сцёпа сеў на ложку i як толькi мог вытрашчыў набеглыя крывёю вочы на незнаёмага.
Маўчанне парушыў незнаёмы, нiзкiм, цяжкiм голасам з замежным акцэнтам наступнымi словамi:
– Добрм дзень, сiмпатычнейшы Сцяпан Багданавiч!
Адбылася паўза, пасля якой са страшным намаганнем Сцёпа прамовiў:
– Што вам трэба?
– i сам быў уражаны тым, што не пазнаў свайго голасу. Слова "што" ён прамовiў дыскантам, "вам" - басам, а "трэба" ў яго зусiм не атрымалася.
Незнаёмы па-сяброўску ўсмiхнуўся, дастаў вялiкi залаты гадзiннiк з алмазным трохкутнiкам на накрыўцы, якi вызванiў адзiнаццаць разоў, i сказаў:
– Адзiнаццаць! I роўна гадзiна, як я чакаў, пакуль вы прачняцеся, бо вы сказалi мне быць у вас у дзесяць гадзiн. Вось i я!
Сцёпа намацаў побач з ложкам штаны, шапнуў:
– Прабачце...
– надзеў iх i хрыпла спытаўся: - Скажыце, калi ласка, ваша прозвiшча!
Гаварыць яму было цяжка. З кожным словам яму ў мазгi з пякельным болём утыкалася iголка.
– Як, вы i прозвiшча маё забылi?
– тут незнаёмы ўсмiхнуўся.
– Прабачце...
– прахрыпеў Сцёпа i адчуў, што пахмелле адорвае яго новым сiмптомам: яму здалося, што падлога ля ложка правалiлася i што зараз ён паляцiць унiз галавою к д'яблу ў пекла.
– Дарагi Сцяпан Багданавiч, - загаварыў наведвальнiк, правiдча ўсмiхаючыся, - нiякi пiрамiдон вам не дапаможа. Ёсць старое мудрае правiла лячыць хваробу хваробай. Адзiнае, што вас верне да жыцця, гэта дзве чаркi гарэлкi з востраю i гарачаю закуссю.
Сцёпа быў хiтры чалавек i, якi б нi быў хворы, змiкiцiў, што калi засталi яго ў гэтакiм выглядзе, трэба прызнацца.
– Шчыра сказаць, - пачаў ён, ледзьве варочаючы языком, - учора я крыху...
– Нi слова болей!
– сказаў вiзiцёр i ад'ехаў з крэслам убок.
Сцёпа вытрашчыў вочы i ўбачыў, што на маленькiм столiку сервiраваны паднос, на якiм ёсць нарэзаны белы хлеб, паюсная iкра ў вазачцы, марынаваныя баравiчкi на талерачцы, нешта ў рондалi i, нарэшце, гарэлка ў аб'ёмным ювелiршыным графiнчыку. Асаблiва ўразiла Сцёпу тое, што графiн запацеў ад холаду. Дарэчы, гэта было зразумела - ён стаяў у паласкальнiцы, поўнай лёду. Накрыта, адным словам, чыста, спраўна.
Незнаёмы не даў далей развiвацца Сцёпаваму здзiўленню i спрытна налiў яму паўчаркi гарэлкi.
– А вы?
– пiскнуў Сцёпа.
– З задавальненнем!
Дрыжачай рукою паднёс Сцёпа гарэлку да вуснаў, а незнаёмы адным духам каўтнуў налiтае. Перажоўваючы iкру, Сцёпа выцiснуў з сябе:
– А вы чаму не закусваеце?
– Дзякуй, я нiколi не закусваю, - адказаў незнаёмы i налiў па другой. Адкрылi рондаль - у iм аказалiся сасiскi ў тамаце.
I вось праклятая зелень перад вачыма растала, пачалi вымаўляцца словы, i, галоўнае, Сцёпа сёе-тое ўспомнiў. Менавiта, што ўсё адбывалася на Сходнi, на лецiшчы ў аўтара скетчаў Хустава, куды гэты Хустаў i павёз Сцёпу на таксаматоры. Успомнiлася нават, як наймалi таксаматор ля "Метраполя", быў яшчэ пры гэтым нейкi актор не актор... з патэфонам у чамаданчыку. Але, але, але, гэта было на лецiшчы! Яшчэ памятаецца, выў сабака з-за гэтага патэфона. Вось толькi панi, якую Сцёпа хацеў пацалаваць, засталося невядомай... чорт яе ведае, хто яна... здаецца, на радыё служыць, а магчыма, i не.
Мiнулы дзень такiм чынам пакрысе высвятляўся, але Сцёпу зараз намнога болей цiкавiў дзень сённяшнi i, ў прыватнасцi, з'яўленне ў спальнi незнаёмага, ды яшчэ з закуссю i гарэлкаю. Вось што трэба было б растлумачыць!
– Ну, што ж, цяпер, я спадзяюся, вы ўспомнiлi маё прозвiшча?
Але Сцёпа толькi сарамлiва ўсмiхнуўся i развёў рукамi.
– Аднак! Я адчуваю, што пасля гарэлкi вы пiлi партвейн! Божа, ды хiба ж гэтак можна рабiць?
– Я хачу папрасiць у вас, каб гэта засталося мiж намi, - паспрабаваў паддобрыцца Сцёпа.