Шрифт:
Аднак болей затрымлiвацца ў пярэднiм пакоi было няёмка, i Сцёпа адразу ж склаў план: як можна схаваць сваю няпамятлiвасць, а цяпер найперш хiтра выпытаць у чужаземца, што ён, уласна, збiраецца паказваць сёння ў давераным Сцёпу Вар'етэ?
Тут Сцёпа адвярнуўся ад апарата i ў люстры, якое даўно не выцiрала лянiвая Груня, выразна ўбачыў нейкага дзiўнага суб'екта - доўгага, як пругло, i ў пенснэ (ах, каб быў тут Iван Мiкалаевiч! Ён пазнаў бы гэтага суб'екта адразу!) А той адлюстраваўся i адразу ж знiк. Сцёпа трывожна зiрнуў глыбей у пярэднi пакой i другi раз яго гайданула, бо ў люстры прайшоў вялiзны чорны кот i знiк.
У Сцёпы сэрца ёкнула, ён пахiснуўся.
"Што ж гэта такое?
– падумаў ён.
– Цi не вар'яцею я? Адкуль гэтыя постацi?!" - Ён зазiрнуў у пярэднi пакой i спалохана закрычаў:
– Груня! Што гэта за кот тут у нас шляецца? Адкуль ён? I хто яшчэ з iм?
– Не хвалюйцеся, Сцяпан Багданавiч, - адазваўся голас, але не Грунiн, а госця са спальнi, - гэта мой кот. Не хвалюйцеся. А Грунi няма, я адправiў яе ў Варонеж, на радзiму, яна скардзiлася, што вы даўно не даяце ёй адпачынак.
Словы гэтыя былi такiя нечаканыя i недарэчныя, што Сцёпа вырашыў: галюцынацыя. Спалохана ён пабег у спальню i замёр на парозе. Валасы заварушылiся, а на лбе дробненька выступiў пот.
Госць сядзеў у спальнi, але ўжо не адзiн, а з кампанiяй. На другiм крэсле той самы тып, што ўзнiк у пярэднiм пакоi. Цяпер яго добра было вiдаць: вусы-пёркi, шкельца пенснэ паблiсквае, а другога шкельца няма. Але ў спальнi былi рэчы i намнога горшыя: на ювелiршыным пуфе пахабна разлёгся нехта трэцi, а менавiта - жудасных памераў чорны кот з кiлiшкам гарэлкi ў адной лапе i вiдэльцам, на якi ён успеў падчапiць марынаваны грыбок, у другой.
Святло, i так цьмянае ў спальнi, зусiм пачало знiкаць у Сцёпавых вачах. "Вось як, аказваецца, вар'яцеюць!" - падумаў ён i ўхапiўся за вушак.
– Бачу я, вы крыху здзiўлены, дарагi Сцяпан Багданавiч?
– спытаўся Воланд у Сцёпы, якi дробна стукаў зубамi.
– А мiж iншым здзiўляцца няма чаму. Гэта мая свiта.
Тут кот выпiў гарэлку, i Сцёпава рука слiзганула ўнiз па вушаку.
– I свiта гэтая патрабуе месца, - працягваў Воланд, - такiм чынам сёй-той з нас у кватэры лiшнi. I мне здаецца, што гэты лiшнi - вы!
– Яны, яны, - казлiным голасам заспяваў худы клятчасты, гаворачы пра Сцёпу ў множным лiку, - наогул, апошнi час яны страшэнна свiнячаць. П'янствуюць, блытаюцца з жанчынамi, выкарыстоўваючы сваё становiшча, нiчога не робяць ды i рабiць нiчога не ўмеюць, таму што не разбiраюцца ў тым, што iм даручана. Абманваюць начальства!
– Машыну казённую ганяе дарэмна!
– паклёпнiчаў i кот, жуючы грыб.
I тут адбылося чацвёртае, апошняе дзеянне ў кватэры, калi Сцёпа зусiм ужо абсунуўся на падлогу i аслабелаю рукою драпаў за вушак.
Проста з трумо выйшаў маленькi, але надзвычай шыракаплечы, у кацялку на галаве i з iклом, якi тырчэў з рота, i рабiў брыдотнай i так страшную фiзiяномiю. I да ўсяго гэтага вогненна-рыжы.
– Я, - уступiў у гаворку гэты новы, - наогул не разумею, як ён стаў дырэктарам, - рыжы гугнявiў усё болей i болей: - Ён гэтакi ж дырэктар, як я архiрэй!
– Ты не падобны на архiрэя, Азазела, - заўважыў кот i наклаў сабе сасiсак на талерку.
– Я пра гэта i гавару, - прагугнявiў рыжы, завярнуўся да Воланда i дадаў паважна: - Дазвольце, месiр, яго выкiнуць к чорту з Масквы!
– Апсiк!
– раптоўна раўнуў кот i ўздыбiў поўсць.
I тады спальня закруцiлася вакол Сцёпы, ён ударыўся галавой аб вушак, але, пакуль страцiў прытомнасць, успеў падумаць: "Я памiраю..."
Але ён не памёр. Калi расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што сядзiць на нейкiм мураваным збудаваннi. Вакол нешта шумела. Калi ён добра разгледзеўся, то ўбачыў, што гэта шумiць мора, i нават болей - хвалi пагойдваюцца ля самых яго ног, i што, карацей, сядзiць ён на канцы мола, што пад iм блакiтнае зiхоткае мора, а ззаду - прыгожы горад на гарах.
Сцёпа, не ведаючы, што робяць у такiх выпадках, устаў i пайшоў па моле да берага.
На моле стаяў нейкi чалавек, палiў i паплёўваў у мора. На Сцёпу ён паглядзеў дзiкiмi вачыма i перастаў пляваць. Тады Сцёпа адмачыў такую штуку: стаў на каленi перад невядомым курцом i прамовiў:
– Малю, скажыце, якi гэта горад?
– Аднак!
– бяздушна адазваўся палiльшчык.
– Я не п'яны, - хрыпата адказаў Сцяпан, - я хворы, са мною нешта здарылася, я хворы... Дзе я? Якi гэта горад?..