Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

– Мы не валютчыкi, - пачулiся асобныя пакрыўджаныя галасы ў тэатры, - але гэта немагчыма.

– Цалкам да вас далучаюся, - цвёрда сказаў артыст, - i спытаюся ў вас: што могуць падкiнуць?

– Дзiця!
– крыкнуў нехта з залы.

– Вось гэта праўда, - пацвердзiў вядучы праграмы, - дзiця, ананiмнае пiсьмо, пракламацыю, адскую машыну цi мала што яшчэ, але чатырыста даляраў нiхто не будзе падкiдаць, бо гэтакага iдыёта няма на свеце, - i, звярнуўшыся да Мiканора Iванавiча, артыст дадаў з дакорам i сумам: - Засмуцiлi вы мяне, Мiканор Iванавiч! А я на вас спадзяваўся. Дык вось, нумар ваш не праходзiць.

У зале пачуўся свiст у адрас Мiканора Iванавiча.

– Валютчык ён, - выкрыквалi ў зале, - з-за такiх мы, невiноўныя, пакутуем!

– Не сварыцеся на яго, - мякка сказаў канферансье, - ён пакаецца.
– I, паглядзеўшы на Мiканора Iванавiча поўнымi ад слёз блакiтнымi вачыма, дадаў: Ну, iдзiце, Мiканор Iванавiч, на месца!

Пасля гэтага артыст пазванiў званочкам i гучна аб'явiў:

– Антракт, нягоднiкi!

Уражаны Мiканор Iванавiч, якi зусiм неспадзявана стаў удзельнiкам нейкай тэатральнай праграмы, зноў апынуўся на сваiм месцы на падлозе. Тут яму саснiлася, што ў зале запанавала цемра i што на сценах выскачылi чырвоныя палкiя словы: "Здавайце валюту!" Потым зноў расхiнулася заслона, i канферансье запрасiў:

– Прашу на сцэну Сяргея Герардавiча Дунчыля.

Дунчыль аказаўся дабрачынным, але моцна занядбаным мужчынам гадоў пяцiдзесяцi.

– Сяргей Герардавiч, - звярнуўся да яго канферансье, - вось ужо паўтара месяца вы седзiце тут, упарта адмаўляецеся здаць валюту, якая засталася ў вас, у той час як краiне яна патрэбна, а вам зусiм не, а вы ўсё ўпарцiцеся. Вы чалавек iнтэлiгентны, цудоўна ўсё гэта разумееце i ўсё ж не хочаце пайсцi нам насустрач.

– На жаль, нiчога зрабiць не магу, бо валюты ў мяне больш няма, - спакойна адказаў Дунчыль.

– Дык, можа, ёсць брыльянты?
– спытаўся артыст.

– I брыльянтаў няма.

Артыст апусцiў галаву i задумаўся, а потым пляснуў у ладкi. З-за кулiсаў выйшла на сцэну панi сярэдняга ўзросту, модна апранутая, у палiто без каўняра i ў маленькiм капялюшыку. Панi была ўстрывожаная, а Дунчыль паглядзеў на яе i нават вокам не мiргнуў.

– Хто гэтая панi?
– спытаў вядучы праграмы ў Дунчыля.

– Гэта мая жонка, - з годнасцю адказаў Дунчыль i паглядзеў на доўгую шыю панi крыху непрыязна.

– Мы патрывожылi вас, панi Дунчыль, - звярнуўся да жанчыны канферансье, вось чаму: мы хацелi спытаць, цi ёсць у вашага мужа валюта?

– Ён тады ўсё аддаў, - усхвалявана сказала панi Дунчыль.

– Ну, - сказаў артыст, - ну што ж, калi так, дык так. Калi ўсё здаў, то вам давядзецца зараз разлучыцца з Сяргеем Герардавiчам, нiчога не зробiш! Калi хочаце, вы можаце пакiнуць тэатр, Сяргей Герардавiч, - i артыст зрабiў царскi жэст.

Дунчыль завярнуўся i з годнасцю пайшоў за кулiсы.

– Адну хвiлiнку!
– спынiў яго канферансье.
– Дазвольце мне на развiтанне паказаць вам яшчэ адзiн нумар нашае праграмы, - i зноў пляснуў у ладкi.

Чорная задняя заслона расхiнулася, i на сцэну выйшла юная прыгажуня ў бальнай сукенцы, якая трымала ў руцэ залаты падносiк, на iм ляжаў тоўсты пакунак, перавязаны цукеркавай стужкаю, i брыльянтавае калье, ад якога ва ўсе бакi адскоквалi сiнiя, жоўтыя i чырвоныя агнi.

Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.

– Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, - урачыста аб'явiў артыст, - хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.

Прыгажуня ўсмiхнулася, блiснула зубамi, i пушыстыя яе павекi здрыганулiся.

– А за ўсёй вашай важнасцю i прыстойнасцю, - сказаў артыст Дунчылю, хаваецца прагны павук, умелы ачмурала i лгун. Вы замучылi за месяц усiх сваёй тупой упартасцю. Iдзiце цяпер дадому, i тое пекла, якое наладзiць там ваша жонка, будзе вам пакараннем.

Дунчыль пахiснуўся, i здавалася, упадзе, але нечыя спагадлiвыя рукi падхапiлi яго. Тут апусцiлася пярэдняя заслона i схавала ўсiх, хто быў на сцэне.

Шалёныя апладысменты скаланулi залу гэтак, што Мiканору Iванавiчу здалося, быццам у люстрах задрыжалi агнi. А калi першая чорная заслона пайшла ўгору, на сцэне ўжо нiкога не было, акрамя адзiнокага артыста. Ён сарваў другi залп апладысментаў, раскланяўся i загаварыў:

– У асобе гэтага Дунчыля перад вамi выступаў у нашай праграме тыповы асёл. Я ж гаварыў учора, што тайнае захоўванне валюты не мае нiякага сэнсу. Выкарыстоўваць яе нiхто не можа нi пры якiх умовах, запэўнiваю вас. Возьмем хаця б гэтага Дунчыля. Ён атрымлiвае цудоўны аклад, у яго ўсё ёсць, цудоўная кватэра, жонка i прыгажуня каханка. Дык не, замест таго каб жыць цiха i мiрна, без усякiх непрыемнасцей, здаўшы валюту i каменьчыкi, гэты зайздросны дурань дамогся таго, што быў выкрыты пры ўсiх, i на закуску атрымаў вялiзную сямейную непрыемнасць. Ну, дык хто здае? Няма жадаючых? У такiм разе наступны нумар нашае праграмы - вядомы драматычны талент, артыст Сава Патапавiч Куралесаў, якi знарок запрошаны, каб выканаць урыўкi са "Скупога рыцара" паэта Пушкiна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: