Вход/Регистрация
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
вернуться

Дефо Даниэль

Шрифт:

Пражыўшы ў Бразiлii гады чатыры i паступова пашыраючы сваю справу, я, вядома, не толькi вывучыў гiшпанскую мову, але i пазнаёмiўся з усiмi суседзямi, а таксама i з купцамi з Сан-Сальвадора, блiжэйшага да нас прыморскага горада. Многiя з iх зрабiлiся маiмi сябрамi. Мы часта сустракалiся, i, вядома, я часта расказваў iм пра дзве мае паездкi да Гвiнейскага берага, пра тое, як вядзецца гандаль з тамашнiмi неграмi i як лёгка там за якiя-небудзь цацкi - за пацеркi, нажнiцы, нажы, сякеры цi люстэркi - набыць залаты пясок i слановую косць.

Яны заўсёды слухалi мяне з вялiкай цiкавасцю i падоўгу абмяркоўвалi тое, пра што я расказваў iм.

Аднойчы прыйшлi да мяне трое з iх i, узяўшы з мяне абяцанне, што ўся наша гаворка застанецца таямнiцай, сказалi:

– Вы кажаце, што там, дзе вы былi, можна лёгка здабыць цэлыя груды залатога пяску i iншых каштоўнасцей. Мы хочам паслаць карабель у Гвiнею па золата. Цi згодны вы паехаць у Гвiнею? Вам не давядзецца на гэту справу трацiць нi капейкi: мы дамо вам усё, што патрэбна для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю прыбытку, такую ж, як i кожны з нас.

Мне трэба было б адмовiцца i надоўга застацца ва ўрадлiвай Бразiлii, але, паўтараю, я заўсёды сам быў вiнаваты ва ўсiх сваiх няшчасцях. Мне страшэнна захацелася зведаць новыя марскiя прыгоды, i галава ў мяне закруцiлася ад радасцi.

У юнацтве я не меў сiлы адолець сваё захапленне падарожжамi i не паслухаўся добрых бацькоўскiх парад. Так i зараз я не здолеў устояць супроць спакуслiвай прапановы маiх бразiльскiх сяброў.

Я адказаў iм, што з ахвотай паеду ў Гвiнею з той, аднак, умовай, каб у час майго падарожжа яны прыгледзелi за маiмi ўладаннямi i выканалi ўсе мае распараджэннi ў тым выпадку, калi я не вярнуся.

Яны ўрачыста абяцалi выканаць мае пажаданнi i змацавалi нашу ўмову пiсьмовым абавязацельствам. Я ж, са свайго боку, зрабiў завяшчанне на выпадак смерцi: усю сваю рухомую i нерухомую маёмасць я завяшчаў партугальскаму капiтану, якi выратаваў мне жыццё. Але пры гэтым я зрабiў агаворку, каб частку капiталу ён накiраваў у Ангельшчыну маiм старэнькiм бацькам.

Карабель быў падрыхтаваны, i мае кампаньёны, згодна ўмове, нагрузiлi яго таварам.

I вось яшчэ раз - у нядобрую гадзiну!
– 1 верасня 1659 года я ступiў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у якi восем гадоў назад я ўцёк з бацькоўскага дому i так безразважна загубiў сваю маладосць.

На дванаццаты дзень нашага плавання мы перасеклi экватар i знаходзiлiся пад сёмым градусам i сарака двума мiнутамi паўночнай шырынi, калi на нас нечакана наляцеў шалёны шквал. Ён наляцеў з паўднёвага ўсходу, потым пачаў дзьмуць у супрацьлеглы бок i, нарэшце, падзьмуў з паўночнага ўсходу - дзьмуў бясконца i з такой жахлiвай сiлай, што на працягу дванаццацi дзён нам давялося, аддаўшы сябе ва ўладу ўрагану, плысцi туды, куды нас гналi хвалi.

Няма чаго i казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную хвiлiну чакаў смерцi, ды i нiхто з нас не спадзяваўся застацца жывы.

Аднойчы на свiтаннi (вецер усё яшчэ дзьмуў з ранейшай сiлай) адзiн з матросаў крыкнуў:

– Зямля!

Але не паспелi мы выбегчы з кают, каб даведацца, паўз якiя берагi нясе наша няшчаснае судна, як адчулi, што яно села на мель. У той жа момант ад нечаканага прыпынку на нашу палубу хлынула такая шалёная магутная хваля, што мы вымушаны былi зараз жа схавацца ў каютах.

Карабель так глыбока засеў у пяску, што не было чаго i думаць сцягнуць яго з мелi. Нам заставалася адно: паклапацiцца пра выратаванне свайго жыцця. У нас было дзве шлюпкi. Адна вiсела за кармой; у час шторму яе разбiла i знесла ў мора. Заставалася другая, але нiхто не ведаў, цi здолеем мы спусцiць яе на ваду. А мiж тым доўга думаць не было калi: карабель мог кожную хвiлiну разламацца напалам.

Памочнiк капiтана кiнуўся да шлюпкi i з дапамогай матросаў перакiнуў яе цераз борт. Мы ўсе, адзiнаццаць чалавек, спусцiлiся ў шлюпку i аддалi сябе ва ўладу хваль. Хоць шторм ужо i супакоiўся крыху, на бераг усё яшчэ накочвалiся велiзарныя хвалi i мора шалела.

Наша становiшча зрабiлася ячшэ больш безнадзейным: мы добра бачылi, што шлюпку вось-вось захлiсне i нам не выратавацца. Ветразя ў нас не было, а калi б i быў, дык быў бы зусiм бескарысны. Мы веславалi да берага з адчаем у сэрцы, як людзi, якiх вядуць на смяротную кару. Мы ўсе разумелi, што, як толькi шлюпка падыдзе да зямлi, прыбой яе адразу ж разаб'е на трэскi. Вецер нас падганяў, i мы налягалi на вёслы, уласнаручна наблiжаючы сваю пагiбель. Так несла нас мiлi чатыры, i раптам раз'юшаны вал, высачэзны, як гара, набег з кармы на нашу шлюпку. Гэта быў апошнi, смяротны ўдар. Шлюпка перакулiлася. I ў той жа момант мы ўсе апынулiся пад вадой. Бура за адно iмгненне раскiдала нас у розныя бакi.

Немагчыма апiсаць тыя пачуццi i думкi, якiя зведаў я, калi мяне захлiснула хваля. Я вельмi добра плаваю, але ў мяне не было сiлы адразу вынырнуць з таго вiру, каб перавесцi дух, i я ледзь не задыхнуўся. Хваля падхапiла мяне, працягнула па зямлi, разбiлася i адхлынула назад, пакiнуўшы мяне ледзь жывога, бо я наглытаўся вады. Я перавёў дух i крыху апрытомнеў. Убачыўшы так блiзка зямлю (куды блiжэй, чым я спадзяваўся), я ўскочыў на ногi i як мага хутчэй заспяшаўся да берага. Я спадзяваўся дасягнуць яго раней, чым мяне дагонiць i падхопiць наступная хваля, але хутка зразумеў, што мне ад яе не ўцячы: мора наступала на мяне, як вялiзная гара; яно даганяла мяне, як быццам раз'ятраны вораг, з якiм немагчыма змагацца. Я i не супрацiўляўся тым хвалям, што неслi мяне да берага; але, ледзь толькi яны адыходзiлi назад, я прыкладаў усе намаганнi, каб яны не знеслi мяне ў мора.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: