Шрифт:
Ураджай быў выдатны, i такi поспех натхнiў мяне. Цяпер я мог спадзявацца, што праз некалькi гадоў у мяне будзе пастаянны запас хлеба. Але разам з тым у мяне ўзнiкалi i новыя цяжкасцi. Як, не маючы нi млына, нi нават жорнаў, ператварыць зерне ў муку? Як прасеяць муку? Як змясiць з мукi цеста? Як, нарэшце, спячы хлеб? Нiчога гэтага я не ўмеў. Таму я вырашыў не чапаць свайго ўраджаю i пакiнуць усё збожжа на насенне, а тым часам, да наступнага пасеву, прыкласцi ўсе намаганнi да таго, каб вырашыць галоўную задачу - навучыцца ператвараць збожжа ў хлеб.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Рабiнзон вырабляе посуд
У дажджы, калi нельга было выйсцi з дому, я мiж iншым вучыў свайго папугая гаварыць. Гэта вельмi мяне пацяшала.
За некалькi ўрокаў ён ужо ведаў сваё iмя, а потым, хоць i не хутка, вывучыўся даволi гучна i выразна вымаўляць яго.
"Попка" было першае слова, якое я пачуў на выспе з чужых вуснаў.
Але гаворка з Попкам была не заняткам, а падмогай у рабоце. У той час у мяне была вельмi важная справа. Даўно ўжо ламаў я галаву над тым, як вырабляецца глiняны посуд, у якiм я меў пiльную патрэбу, але нiчога не ўмеў прыдумаць: не было адпаведнай глiны.
"Каб толькi знайсцi глiну, - думаў я, - i мне будзе зусiм няцяжка зляпiць нешта накшталт гаршка цi мiскi. Праўда, i гаршчок i мiску неабходна абпальваць, але ж я жыву ў гарачым клiмаце, дзе сонца гарачэй за ўсякую печ. Ва ўсякiм разе мой посуд, прасохшы на сонцы, будзе дастаткова трывалым. Яго можна будзе браць у рукi, можна будзе трымаць у iм збожжа, муку i захоўваць сухiя прыпасы ад сырасцi".
I я вырашыў, што, як толькi знайду прыгодную глiну, абавязкова вылеплю некалькi вялiкiх пасудзiн, каб захоўваць збожжа. Пра такi глiняны посуд, у якiм можна было б варыць ежу, я пакуль што i марыць не мог.
Чытач, напэўна, пашкадаваў бы мяне, а магчыма, i пасмяяўся б з мяне, калi б я яму расказаў, як няўдала пачаў я сваю работу, якiя нязграбныя, недарэчныя рэчы атрымлiвалiся ў мяне на першым часе, колькi маiх вырабаў разбуралася толькi таму, што я недастаткова крута замешваў глiну i яна не вытрымлiвала ўласнага цяжару. Адны гаршкi ў мяне патрэскалiся таму, што я паспяшаўся вынесцi iх на сонца, калi яно палiла, як агнём; iншыя рассыпалiся на дробныя чарапкi яшчэ да прасушкi, як толькi я дакранаўся да iх. Два месяцы я працаваў, не разгiнаючы спiны. Шмат часу пайшло ў мяне на пошукi добрай ганчарнай глiны, на тое, каб накапаць яе, прынесцi дадому, апрацаваць. I ўсё роўна, нягледзячы на ўвесь гэты клопат, у мяне атрымалiся ўсяго дзве нязграбныя глiняныя пасудзiны - назваць iх збанамi было нiяк немагчыма.
I ўсё ж гэта былi вельмi карысныя рэчы. Я сплёў з дубцоў дзве вялiкiя карзiны i, калi мае гаршкi на сонцы добра высахлi i зацвярдзелi, асцярожна прыўзняў iх адзiн за адным i паставiў у карзiны. А для большай бяспекi, каб гаршкi не пабiлiся, пустое месца памiж карзiнай i пасудзiнай запоўнiў рысавай i ячменнай саломай. Гэтыя першыя свае гаршкi я выкарыстаў пакуль што для захоўвання сухога збожжа. Я баяўся, што яны адсырэюць, калi буду трымаць у iх вiльготныя прадукты. Пазней я збiраўся ссыпаць у iх муку, калi знайду спосаб малоць маё збожжа.
Вялiкiя вырабы з глiны атрымалiся ў мяне няўдалыя. Куды лепш удавалiся мне вырабы дробнага посуду: маленькiя круглыя гаршчочкi, талеркi, гладышыкi, кубкi, мiскi i iншыя рэчы. Дробныя рэчы было лягчэй ляпiць, апрача таго, яны раўней абпальвалiся на сонцы i таму былi больш трывалыя.
Але ўсё роўна галоўная мая задача заставалася нявырашанай. Мне патрэбен быў посуд, у якiм бы я здолеў варыць: ён павiнен быў вытрымлiваць агонь i не прапускаць ваду, а для гэтага мае гаршкi былi не прыгодныя.
Але вось аднойчы я расклаў вялiкi агонь, каб падсмажыць на вуголлi мяса. Калi яно спяклося, я хацеў затушыць вуголле i выпадкова ўбачыў чарапок, якi трапiў у агонь ад разбiтага глiнянага збана. Чарапок так накалiўся, што быў чырвоны, як чарапiца, i зацвярдзеў, як камень. Мяне гэта адкрыццё прыемна ўразiла.
"Калi глiняны чарапок так зацвярдзеў на агнi, то значыць з такiм жа поспехам можна абпальваць на агнi i глiняны посуд", - вырашыў я.
Я думаю, што нiводзiн чалавек у свеце не радаваўся гэтак з такой нязначнай прычыны, як радаваўся я, упэўнiўшыся, што мне ўдалося вырабiць гаршкi, якiя не баяцца нi вады, нi агню.
Я ледзь здолеў дачакацца, калi астынуць мае гаршкi, каб можна было налiць у адзiн з iх вады, паставiць зноў на агонь i зварыць у iм мяса. Гаршчок аказаўся выдатны. Я зварыў сабе з казляцiны вельмi смачны булён, хаця, вядома, калi б пакласцi ў яго капусты i цыбулi ды заправiць яшчэ аўсянкаю, ён атрымаўся б яшчэ лепшы.
Цяпер я задумаўся аб тым, як зрабiць каменную ступку, каб малоць, цi, дакладней, таўчы ў ёй збожжа; таму што пра такое выдатнае вынаходнiцтва, як млын, i гаворкi не магло быць: адной пары чалавечых рук не пад сiлу было ажыццявiць гэткую работу.