Шрифт:
Затым я падняўся на карабель. Першае, што я ўбачыў, гэта былi два трупы: яны ляжалi ў рубцы, моцна счапiўшыся рукамi. Вiдаць, калi карабель наскочыў на скалу, яго ўвесь час залiвала велiзарнымi хвалямi, таму што была страшэнная бура, i гэтыя два чалавекi, баючыся, каб iх не змыла за борт, ухапiлiся адзiн за аднаго ды так i захлынулiся. Хвалi былi такiя высокiя i так часта захлiствалi палубу, што карабель, па сутнасцi, увесь час знаходзiўся пад вадой, i тыя, каго не змылi хвалi, захлынулiся ў каютах i ў кубрыку.
Апрача сабакi, на караблi не засталося нiводнай жывой iстоты.
Большую частку рэчаў, вiдаць, таксама змыла ў мора, а тыя, што засталiся, прамоклi. Праўда, у труме стаялi нейкiя бочкi з вiном цi з гарэлкай, але яны былi такiя вялiкiя, што я нават не спрабаваў скрануць iх з месца.
Было там яшчэ некалькi скрыняў, якiя, вiдаць, належалi матросам; дзве скрынi я знёс у лодку, нават не паспрабаваўшы адчынiць iх. Калi б замест насавой часткi ўцалела карма, мне, напэўна, трапiлася б нямала дабра, таму што нават у гэтых дзвюх скрынях я пасля знайшоў сякiя-такiя каштоўныя рэчы. Карабель, вiдаць, быў вельмi багаты.
Апрача скрынь, я знайшоў на караблi бочачку з нейкiм спiртным напiткам. У бочачцы было не менш за дваццаць галонаў, i мне давялося нямала памучыцца, каб перацягнуць яе ў лодку. У каюце я знайшоў некалькi стрэльбаў i вялiкую парахаўнiцу, а ў ёй фунты чатыры пораху. Стрэльбы я пакiнуў, бо яны мне былi не патрэбны, а порах узяў. Узяў я таксама шуфлiк i шчыпцы для вугалю, яны мне былi вельмi патрэбны. Узяў два медныя кацялкi i медны кафейнiк.
З усiм гэтым грузам, а таксама з сабакам я адчалiў ад карабля, бо пачынаўся прылiў. У той жа дзень, недзе к гадзiне ночы, я вярнуўся на выспу стомлены i змучаны ўшчэнт. Я вырашыў перанесцi сваю здабычу не ў пячору, а ў новы грот, таму што туды было блiжэй. Ноч я зноў пераначаваў у лодцы, а ранiцой, падмацаваўшыся снеданнем, выгрузiў на бераг прывезеныя рэчы i ўважлiва iх перабраў i перагледзеў. У бочачцы быў ром, але, сказаць па праўдзе, няўдалы, куды горшы за той, якi мы пiлi ў Бразiлii.
Затое, калi я адчынiў скрынi, я знайшоў у iх многа карысных i каштоўных рэчаў.
У адной з iх быў, напрыклад, куфэрак вельмi зграбнай i мудрагелiстай формы. У куфэрку было многа бутэлек з прыгожымi срэбнымi коркамi; у кожнай бутэльцы не менш трох пiнт выдатнага духмянага лiкёру.
Там жа я знайшоў чатыры бляшанкi цудоўнай зацукраванай садавiны; на жаль, дзве з iх былi сапсаваны салёнай марской вадой, але дзве былi так шчыльна закаркаваны, што ў iх не пранiкла нi кроплi вады. У скрынi я знайшоў некалькi зусiм яшчэ моцных сарочак, i гэта знаходка мяне вельмi ўзрадавала; затым паўтары тузiны каляровых шыйных хусцiнак i столькi ж белых палатняных насавых хусцiнак, якiя мяне вельмi ўзрадавалi, таму што няма нiчога прыемней, як у гарачыню выцiраць спацелы твар тонкай палатнянай хусцiнкай.
На дне скрынi я знайшоў тры мяшэчкi з грашыма i некалькi невялiкiх злiткаў золата, вагою, мне здаецца, каля фунта.
У другой скрынi былi курткi, штаны i камзолы, даволi паношаныя, з таннай матэрыi.
Прызнацца, калi я збiраўся на гэты карабель, я думаў, што знайду на iм куды больш карысных i каштоўных рэчаў. Праўда, я разжыўся на даволi прыстойную суму грошай, але ж грошы цяпер былi для мяне непатрэбным смеццем! Я ахвотна аддаў бы ўсе тыя грошы за тры-чатыры пары самых звычайных чаравiкаў i панчох, якiх не насiў вось ужо некалькi год.
Склаўшы здабычу ў надзейным месцы i пакiнуўшы там сваю лодку, я рушыў назад пехатой. Была ўжо ноч, калi я вярнуўся дадому. Дома ўсё было ў поўным парадку: спакойна, утульна i цiха. Папугай прывiтаў мяне ласкавым словам, а казляняты з такой радасцю кiнулiся да мяне, што я не мог не пагладзiць iх i не даць iм свежых каласоў.
Ранейшыя мае страхi з таго часу як быццам развеялiся, i я зажыў па-старому, без усякiх хваляванняў, урабляючы свае палi i даглядаючы жывёлу, да якой прывык яшчэ мацней, чым раней.
Так я пражыў амаль два гады, у поўным дастатку, не ведаючы нiякiх нягод. Але ўсе гэтыя два гады я толькi i думаў пра тое, як бы мне пакiнуць маю выспу. З той хвiлiны, як я ўбачыў карабель, якi абяцаў мне волю, мая адзiнота зрабiлася для мяне яшчэ больш ненавiснай. Днi i ночы праводзiў я ў думках пра ўцёкi з гэтай турмы. Калi б я меў баркас, хоць бы накшталт таго, на якiм я ўцёк ад маўраў, я без роздуму рушыў бы ў мора, нават не думаючы пра тое, куды занясе мяне вецер.
Нарэшце я прыйшоў да пераканання, што мне ўдасца вырвацца на волю толькi ў тым выпадку, калi я захаплю каго-небудзь з дзiкуноў, якiя наведваюць маю выспу. Лепш за ўсё было б захапiць аднаго з тых няшчасных, якiх гэтыя людаеды прывозiлi сюды, каб разарваць i з'есцi. Я выратую яму жыццё, i ён дапаможа мне вырвацца на волю. Але план гэты вельмi цяжкi i небяспечны: для таго, каб захапiць патрэбнага мне дзiкуна, я павiнен буду напасцi на натоўп людаедаў i перабiць усiх да адзiнага, а гэта наўрад цi мне ўдасца. Апрача таго, мая душа жахалася пры адной толькi думцы, што мне давядзецца пралiць столькi чалавечай крывi няхай сабе i дзеля ўласнага выратавання.
Доўга гэтак змагаўся я сам з сабою, пакуль, нарэшце, палымяная прага волi не перамагла ўсе довады развагi i сумлення. Я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, захапiць аднаго з дзiкуноў у першы ж раз, як яны прыедуць на маю выспу.
I вось я пачаў амаль штодня падкрадвацца ад свае крэпасцi да таго далёкага берага, да якога найбольш пэўна маглi прычалiць пiрогi дзiкуноў. Я хацеў захапiць iх знянацку. Але прайшло паўтара года - i нават болей, - а дзiкуны не паказвалiся. У рэшце рэшт нецярпенне маё зрабiлася такое неадольнае, што я зусiм забыў пра асцярожнасць i ўявiў сабе чамусьцi, што, калi б мне давялося стрэцца з дзiкунамi, я лёгка справiўся б не толькi з адным, але i з двума i нават з трыма.