Вход/Регистрация
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
вернуться

Хомченко Василий Федорович

Шрифт:

Пасмяялiся ўсе, i асаблiва хохма гэта спадабалася Ахмету.

Той дзень, калi здарылася гiсторыя, з-за якой i напiсаны гэтыя ўспамiны, быў ужо цёплы, вясеннi. Сонца плавiла снег, ён пад яго цяплом асядаў з шоргатам, пакрываючыся кропелькамi поту. Знiклi белыя шапкi з валуноў i пнёў. З тайгi цягнула подыхам вясны - хвояй, карой i нечым неразгаданым, ледзь улоўным - заўсёдным пахам гэтай пары. Неба блiшчала яркай сiнню, i на схiле дня яго сiнь клалася на заснежаную зямлю.

У гэты прыгожы дзень працавалася неяк спорна, без таго гнятлiвага адчування цяжару няволi, якi трывала сядзiць у душы зэкаў. У час перадыху хто курыў, хто так сядзеў, а хто i драмаў. Моцны прылёг на дашчаны трап, па якiм ганялi тачкi, i падставiў сонцу i небу твар i шыю, агалiўшы яе.

– Госпадзi божа мой, - сказаў ён, глыбока ўздыхнуўшы, - дзякуй табе, што ты стварыў такi цудоўны свет, цудоўную прыроду, зямлю. Дзякуй.

– А за парадкi на зямлi таксама дзякаваць богу трэба?
– падаў голас брыгадзiр. Ён сядзеў на тачцы, таксама падставiўшы твар сонцу i шырока расшпiлiўшы каўнер.

– Парадак людзi самi ўстанавiлi, - адказаў яму Моцны.
– Тут не ад бога залежыць. Бяда, калi наводзiць парадак чалавек антымаральны, кат i дыктатар.

Размова наблiзiлася да небяспечнага кiрунку, таму брыгадзiр штурхнуў яе ў iншым напрамку, загаварыў пра вясну. Але гаворку Моцнага падтрымаў Лёха.

– Правiльна, Сямён Якаўлевiч, не бог, а людзi нас сюды загналi. А вы верыце ў бога?

– Бога я прыняў тут, у няволi. I веру ў замагiльнае жыццё. I ў замагiльны суд веру. Вось паўстануць там па клiку трубы архангела ўсе замучаныя, забiтыя i тыя, хто iх мучыў i забiваў. Суд i дасць кожнаму тое, што заслужыў пры жыццi на зямлi.

– Я, канечне, траплю ў кацёл з гарачай смалой, - сказаў Лёха, - а вас у рай пашлюць.

– Не ведаю, куды мяне пашлюць, а вось паглядзець бы, як тых катаў энкавэдыстаў будуць смажыць у смале. Я б сам iх засмажыў.
– Ён сеў, схапiўся за галаву.
– Божа мой, а чым усё-такi стукне мне па галаве АСО? Асобая нарада. А калi расстрэл?

Ён вельмi спалохаўся гэтай здагадкi, збялеў нават, знерухомеў, нiбы ўжо гэту кару яму аб'явiлi.

Чым стукнула АСО Моцнага, даведалiся ў той жа дзень. Прыехаў наш кум, лейтэнант, губасты i такi худзючы, што галiфэ яго здавалiся пустыя, i аб'явiў Моцнаму рашэнне АСО. Далi яму дзесяць гадоў i пачатак адбывання пакарання залiчылi з дня пасадкi ў шызо. Чатыры адбытыя гады прапалi, тэрмiн пацёк новы. Яму да ПШ прыбавiлi яшчэ адну абрэвiятуру, даўжэйшую на дзве лiтары - КРТД, што азначае контррэвалюцыйна-тэрарыстычная дзейнасць.

Вестку гэту, на дзiва, Сямён Якаўлевiч прыняў знешне спакойна. Выслухаў кума моўчкi, узяў кiрку i пачаў разбiваць грунт, таксама моўчкi.

Кум пайшоў, а Лёха, уражаны, здаецца, больш за Моцнага, пачаў абурацца i лаяцца.

– Жывадзёры, гнiды, на вяровачку б iх усiх павесiць.
– Ён пхнуў што было сiлы нагой тачку.
– Во яно АСО - дзве ручкi, адно калясо. Гэта ж яшчэ столькi дабавiць, гады!

Набiты Моцным грунт я пагрузiў у тачку, вывез у адвал. А Моцны ўсё ўбiваў i ўбiваў кiрку ў грунт, не прыпыняўся i тады, калi брыгада рабiла перакур. Я хацеў адабраць у яго кiрку, але брыгадзiр спынiў мяне, сказаў, каб не чапаў, няхай прыйдзе ў сябе.

У сябе ён не прыйшоў. Сабраўшы ўсе сiлы, загнаў кiрку ў зямлю да самага дрэўка, пакiнуў яе там ды яшчэ i нагой па ёй прыстукнуў.

– Усё, будзь ты праклятая, зямля. Я цябе не марозiў, не буду i калупаць. Брыгада, я пайшоў на волю.

Мы не зразумелi, пра якую гэта ён волю сказаў. А ён зняў рукавiцы, сунуў iх у кiшэню бушлата, узяў сваю торбачку, дзе былi пайка i мiска з лыжкай, зiрнуў на неба, сонца, перахрысцiўся - гэта мы ўбачылi ўпершыню - i пайшоў. Пайшоў па трасе па напрамку горада. Пакуль ён iшоў па дазволенай зоне, мы маўчалi. Але вось ён пераступiў тую мяжу, пераход цераз якую ўжо лiчыцца спробай уцёкаў.

– Сямён Якаўлевiч, - крыкнуў яму брыгадзiр, - куды? Вярнiся!

Той участак гранiцы ахоўваў Ахмет. Яшчэ калi Моцны падыходзiў да мяжы, Ахмет насцярожыўся, стаў у баявую паставу... А калi пераступiў мяжу, Ахмет накiраваў вiнтоўку на яго.

– Куды? Куды вы? Стой!
– крыкнуў ён не пагрозлiва.

А Моцны iшоў ужо за мяжою, аддаляўся ад яе.

– Эй, стой!
– Ахмет клацнуў затворам.
– Стой, гавару, страляць буду!

Моцны iшоў не азiраючыся. Iшоў мерным ходам, спакойна, нiбы ён сапраўды быў ужо на волi. Глыбокiя сляды на снезе-цалiку цягнулiся ўслед яму i былi падобны на ланцуг, якi зэк Моцны размотваў з сябе.

– Эй, страляю зараз, стой!
– крычаў Ахмет яму ўжо ўслед i двойчы цi тройчы прыкладваўся да стрэльбы, але не страляў.

Усё гэта бачыў другi ахоўнiк - таўсматы сяржант. Той быў па другi бок трасы i таксама насцярожыўся, ускiнуў вiнтоўку гатовы стрэлiць.

Калi Моцны адышоў ад дазволенай гранiцы ўжо крокаў трыццаць, Ахмет стрэлiў угору. Другi раз, як i належыць па iнструкцыi, павiнен стрэлiць у Моцнага.

– Стой!

Моцны iшоў, падставiўшы стралку спiну i патылiцу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: