Шрифт:
У адзiн з выхадных дзён я там i круцiўся з падвешаным да пояса кацялком, скляпаным з кансервавых бляшанак. Трэба сказаць, што з мiскай i лыжкай зэк нiколi не расставаўся. Гэты посуд зэкам не выдаваўся, i кожны даставаў яго хто як мог. Не маеш посуду, хоць шапку падстаўляй пры раздачы баланды. Так i рабiлi беспасудныя - падстаўлялi шапкi.
Абед тады скончыўся, i павары гатавалi вячэру - ячневую кашу з рыбай. Мая дапамога на кухнi не спатрэбiлася, i я сабраўся пайсцi ўжо ў палатку. Але рабочы па кухнi, мардасты здаравiла, здаецца, з Растова спынiў мяне.
– Пайшлi, - сказаў ён, - паможаш дроў прынесцi.
Я з радасцю згадзiўся i пайшоў з iм у тайгу. Метраў пяцьдзесят ад пакуль што ўмоўнай мяжы калоны ляжала распiлаваная на калоды сасна-сушняк. Верхавiны сасны не было, яе, лягчэйшую, вiдаць, ужо занеслi на кухню. Заставалiся калоды ад камля, тоўстыя i, вядома ж, цяжкiя.
– Вось гэту i бяры, - паказаў мардасты на самую тоўстую.
Я думаў, што мы панясём яе ўдвух, паставiў калоду стырчком, паглядзеў на мардастага.
– Бяры на плячо, я памагу, - сказаў ён.
З яго дапамогай я ўзвалiў калоду на плячо, i яна мяне прыгнула ледзь не да зямлi.
– Пайшлi, - скiраваў наперад мардасты.
Я ступiў некалькi крокаў i адчуў, што дрыжаць ад натугi ногi i спiна гнецца ўсё нiжэй. Я забаяўся, што зламаю хрыбет, падарвуся, i хацеў ужо скiнуць калоду з пляча, але прынесены ветрам з кухнi пах нечага смажанага павёў мяне ўперад. Мiска кашы, якую я атрымаю, клiкала, надавала мне сiлы.
I я iшоў, нёс калоду, якая была, можа, удвая цяжэй за мяне самога. Нёс з вытарашчанымi ад напружання вачамi, з кружэннем галавы.
А мардасты iшоў уперадзе з засунутымi ў кiшэнi штаноў рукамi, азiраўся раз-пораз назад i паказваў, дзе лепш iсцi. I правiльна рабiў, бо я не бачыў дарогi, вочы ад натугi затуманiлiся.
Калоду я ўсё ж данёс, скiнуў каля дрывотнi i адчуў сябе такiм слабым, спустошаным, нiбы з мяне выцекла ўсё жывое. Я сеў на нейкi пацурбалак i доўга аддыхваўся.
Мардасты ўзяў маю мiску i нашкроб у яе з катла прыгарэлай кашы, якая засталася з абеду, даў мне.
– Вазьмi парубай, - сказаў ён.
Аднак есцi мне ўжо не хацелася. Забалела ў жываце, я забаяўся, цi не адарваў кiшкi. Пасядзеў яшчэ i паплёўся ў палатку.
Толькi праз гадзiну змог з'есцi заробленае. Скажу праўду, тыя ашкрэбкi кашы былi ўсё ж смачныя.
КАЖУШОК
Калi я вучыўся ў Менску на рабфаку, бацькi справiлi мне кажушок. Шукалi, дзе б купiць якi-небудзь палiтончык, нешта гарадское, але ж у тыя гады гэта было зрабiць цяжка. Ды i грошы на яго куплю не знайшлiся б - падаткi былi вялiкiя, а працаднi ў калгасе - пустыя.
Вясковы кравец з нашых дублёных i пафарбаваных у чорнае аўчын мне i пашыў кажушок для вучобы ў горадзе. Кравец пастараўся, кажушок выйшаў прыгожы i цёплы, з хлясцiкам на спiне, аблямаваны па нiзе i бартах аўчыннай бiчайкай поўсцю наверх. Вядома ж, i дзве кiшэнi ўшыў.
Радавацца б такой абнове, але ж у горадзе кажухi тады былi не ў модзе, не тое што цяпер. Тады на хлопца ў кажушку глядзелi як на "дзеравенскага". Не раз я чуў пра сябе ад гарадской шпаны: "Эй, жлоб у кажусе!" Адзiн шпанюк, увесь квартал iдучы за мной, дражнiўся: "Жлоб, жлоб, як жывеш? Ж... чэшаш, вошы б'еш..." I раз-пораз пытаўся: "Пачым вошы ў тваiм кажусе?"
Таму, хоць мне было ў маiм кажушку i цёпла, i ўтульна, я з радасцю абмяняў бы яго на якую-небудзь "гарадскую" апратку. Аднаму студэнту, якому мой кажушок спадабаўся, я прапанаваў мяняцца на яго патрапанае бобрыкавае палiто. "Жлобам будуць зваць", - адмовiўся ён.
I добра, што не абмяняўся. Кажушок мой потым выручаў мяне ад сiбiрскага холаду, а можа, i ўратаваў ад самага страшнага - лагернай смерцi.
Арыштавалi мяне ў пачатку красавiка трыццаць сёмага года i прывялi ў турму ў тым кажушку. Вясну, лета кажушок мой ляжаў на нарах замест падушкi, а ўвосень у iм жа i паехаў у лагер на Далёкi Ўсход. Нi ў час этапу, нi на перасыльных пунктах кажушок, на маё здзiўленне, у мяне не ўкралi i не адабралi. Вiдаць, я трапляў у партыi, дзе не было жорсткiх блацюкоў.
Прыехаў у Бамлаг на станцыю Ўсуры. Асноўныя работы лагер ужо скончыў, i многiх зэкаў адправiлi ў iншыя лагеры. Наша калона таксама была напалову расфармiравана, заставалiся толькi два баракi. На работу нас, канечне, выганялi штодня. Мы грузiлi пясок, гравiй на чыгуначныя платформы. Норма была цяжкая: на трох зэкаў пагрузiць дзве платформы. Вось i паспрабуй накiдаць столькi кубiкаў. За змену намахаешся шуфляй так, што потым рук не падняць. I песенька тады была ў хаду: "Вось вам, братцы, мая норма - на тры рылы дзве платформы пагрузiце..."